From Wikipedia, the free encyclopedia
Бахун (непальск.: बाहुन) — каставая супольнасць брахманаў у Непале. У 2011 г. складалі 12,2% насельніцтва краіны (каля 3,2 млн чалавек)[1].
Бахун на непальскай мове значыць літаральна брахман. Аднак яны з'яўляюцца не адзінымі прадстаўнікамі варны брахманаў у Непале, паколькі асобныя касты святароў ёсць сярод невараў і махешы. Вялікая колькасць бахун у адносінах да другіх каст тлумачыцца тым, што на працягу XIV — XVIII стст. тэрыторыя Непала прыцягвала шматлікіх уцекачоў з тых рэгіёнаў Паўднёвай Азіі, якія апынуліся пад уладай мусульман. Хаця з рэлігійнага пункту гледжання, бахун займалі прывілігіраванае становішча, большасць з іх працавала на зямлі або нават наймалася ў войска.
У 1854 — 1963 гг. асаблівыя прывілегіі бахун былі замацаваны ў заканадаўстве Непала[2]. Гэта абумовіла тое, што прадстаўнікі касты традыцыйна адыгрывалі значную ролю ў культурным і дзяржаўным жыцці краіны. Характэрна, што нават пасля 1963 г. бахун займалі каля траціны дзяржаўных і партыйных пасад. З іншага боку, яны часцей адмаўляліся ад каставых традыцый. Першымі прэзідэнтамі Непала сталі выхадцы з бахун. Тым не меней, пасля 2007 г. у Непале разгарнуліся дыскусіі аб неабходнасці выціскання бахун з уладных колаў.
Бахун Непала падзяляюцца на буйныя групы пурбія («усходнія») і кумаі. Лічыцца, што пурбія паходзяць з дзяржавы Горкха, а кумаі — з Кумаона. Сярод пурбія вылучаюцца вышэйшая падкаста ўпадхая і ніжэйшая падкаста джайсі. Джайсі — нашчадкі тых ўпадхая, хто па нейкіх прычынах парушаў абавязковыя шлюбныя рытуалы, жаніўся з удовамі ці выкрадаў нявесту. Ім забаронена выконваць некаторыя святарскія функцыі. На самой справе, колькасць бахун значна перавышае неабходную колькасць служак у храмах, таму большасць бахун наогул не выконвае святарскія функцыі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.