From Wikipedia, the free encyclopedia
«Аўтарадыё» (105,1 Мінск FM) — першая незалежная радыёстанцыя ў незалежнай Беларусі, FM-станцыя, якая працавала ў Мінску на частаце 105,1 МГц з 7 жніўня 1992 года[2] да 12 студзеня 2011 года, калі была ануляваная ліцэнзія[3][4].
З пачатку 1990-х гадоў да 1 студзеня 1995 года «Аўтарадыё» вяшчала на частаце 67,7 УКХ OIRT[5]. Вяшчанне «Аўтарадыё» ў УКХ-дыяпазоне абумаўлялася адзінай на той момант даступнасцю дадзенага частотнага рэсурсу як для вяшчальнікаў, так і для карыстальнікаў[6]. У 1995 годзе радыё закрылі. Вяртанне ў эфір заняло 4 гады[7]. У 2001 годзе было запушчана паралельнае вяшчанне і на FM-частаце 105,1 МГц[5].
Радыёстанцыя ратыравала беларускую музыку, у прыватнасці такія гурты, як «N.R.M.», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і «Neuro Dubel»[8], а таксама лідараў хіт-парадаў «Тузін Гітоў»[9]. Вядомымі вядучымі перадач на радыёстанцыі былі Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр і іншыя[9].
У верасні 2009 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь вынесла афіцыйнае папярэджанне «Аўтарадыё» за вяшчанне сумеснай з Еўрапейскім радыё для Беларусі перадачы «EuroZoom»[10][11].
У перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе радыё траслявала матэрыялы кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева[7]. Падчас свайго выступу Саннікаў выказаўся, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».
12 студзеня 2011 года рэдакцыяй «Аўтарадыё» атрымана прадпісанне РУП «БелГІЭ» Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь аб спыненні дзеяння дазволу на права выкарыстання радыёчастаснага спектру і забароне на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў. Загад вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні 188/11 ад 11 студзеня 2011 года за подпісам старшыні камісіі Алега Праляскоўскага[12]. Пастанова камісіі анулюе права «Аўтарадыё» на наземнае эфірнае радыёвяшчанне «ў сувязі з невыкананнем „Аўтарадыё“ творчай канцэпцыі і распаўсюджваннем у эфіры 16 снежня 2010 года інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». У сувязі з ануляваннем ліцэнзіі кіраўнік «Аўтарадыё» звяртаўся з пазовам у Вышэйшы гаспадарчы суд[7].
Журналіст Паўлюк Быкоўскі канстатаваў, што «Аўтарадыё» было пазбаўлена частот нібыта за прапаганду экстрэмізму, хоць перадвыбарная рэклама ўзгаднялася з Цэнтральнай выбарчай камісіяй[13]. Суд першай інстанцыі падтрымаў пазіцыю «Аўтарадыё», але пазней справа была перагледжана[13][14]. Па выніках перагляду Дзмітрый Аляксандраў, суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда, які вынес рашэнне аб закрыцці радыёстанцыі, стаў суб’ектам забароны на паездкі і замарожвання актываў Еўрапейскім Саюзам як частка Чорнага спісу Еўрасаюза[15][16].
Частата «Аўтарадыё» 105,1 МГц, якая вызвалілася з прычыны пазбаўлення ліцэнзіі, была аддадзеная радыё «Сталіца», і дзяржаўная радыёстанцыя пачала на ёй вяшчанне 15 красавіка 2012 года[1].
Заснавальнік і галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан памёр 24 верасня 2016 года[5][8].
Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі нызываў радыёстанцыю найбольш любімаю сярод беларускіх FM-станцыяў[17].
У 2011 годзе гурт «N.R.M.» прэзентаваў новую песню «Аўтарадыё» ў падтрымку зачыненай радыёстанцыі[18].
{{cite journal}}
: Неадпаведнасць часу ў |archive-date=
/ |archive-url=
; прапануецца 2020-06-08 (даведка)Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.