From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялікая аўстралоідная раса — адна з чатырох вялікіх чалавечых рас. Пашырана пераважна ў Аўстраліі, Акіяніі, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. Да яе адносяць каля 4 % жыхароў Зямлі[1].
Упершыню аўстралоідная раса была вылучана як самастойная брытанскім эвалюцыяністам Томасам Гекслі ў яго працы «Аб геаграфічным размеркаванні галоўных мадыфікацый чалавецтва» (1870 г.)[2]. Класічнымі аўстралоідамі ён лічыў абарыгенаў Аўстраліі, адкуль і паходзіць назва.
У 1923 г. амерыканскі даследчык Роланд Дыксан высунуў тэорыю протааўстралоідаў, паводле якой прамыя продкі аўстралоідаў былі першымі прадстаўнікамі Homo Sapiens Sapiens, што пакінулі Афрыку і захавалі многія старажытныя рысы, у тым ліку цёмны колер скуры, высунутыя наперад сківіцы і моцнае надброўе. Пасля доўгай вандроўкі яны засялілі Паўднёвую і Паўднёва-Усходнюю Азію, Аўстралію і Меланезію[3]. Пазней у Азіі яны былі ў значнай ступені асіміляваны прышлымі прадстаўнікамі еўрапеоіднай і мангалоіднай рас.
У XX ст. і XXI ст. тэорыя протааўстралоідаў працягвала развівацца і знаходзіла шматлікія пацверджанні. Вучоныя высветлілі, што многія фізічныя аўстралоідныя рысы характэрны для дравідаў Індыі, народаў Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўднёвага Кітая, айнаў, японцаў. Раскопкі на востраве Балі ў Інданезіі паказалі, што па меры павелічэння старажытнасці знойдзеных чалавечых рэштак там назіралася тэндэнцыя да «аўстралізацыі»[4]. Бразільскія біёлагі на аснове даследавання старажытнага жаночага чэрапа сцвярджаюць, што протааўстралоіды склалі першую хвалю мігрантаў, якія засялілі Амерыку[5]. Паводле класіфікацыі Я. Рагінскага, аўстралоіды разам з негроідамі складаюць адзіную экватарыяльную расу[6].
Аднак тэорыя протааўстралоідаў як першасных выхадцаў з Афрыкі мае сваіх крытыкаў. Прычым у апошнія дзесяцігоддзі яны абапіраюцца на даследаванні генетыкаў, якія сцвярджаюць, што аўстралоіды генетычна найбольш аддалены ад чарнаскурага насельніцтва Афрыкі, а аўстралоіды Азіі і Акіяніі больш блізкія да мангалоідных народаў[7][8][9]. Такім чынам, крытыкі лічаць, што быццам бы старажытныя фізічныя рысы сучасных аўстралоідаў не былі запазычаны ў далёкіх продкаў, а набываліся ўжо ў месцах рассялення ў Азіі, Акіяніі і Аўстраліі ў выніку прыстасавання да канкрэтных экалагічных умоў. У 2010 г. былі апублікаваны вынікі даследавання ДНК дзянісаўскага чалавека[10][11]. Яны дэманструюць, што папуасы, абарыгены Аўстраліі і некаторыя жыхары астравоў Паўднёва-Усходняй Азіі — носьбіты генаў дзянісаўцаў.
Сучасныя антраполагі вылучаюць наступныя рысы аўстралоідаў[12]:
Вывучэнне абарыгенаў Аўстраліі паказала, што, нягледзячы на іх доўгатэрміновае жыццё ў ізаляцыі ад іншых чалавечых папуляцый і адсутнасць значных перашкодаў для кантактаў і міграцый на тэрыторыі аўстралійскага кантынента, іх фізічныя рысы вельмі зменлівы. Так, амерыканскі даследчык Джозэф Бёрдсел вылучыў некалькі фізічных тыпаў:
Абарыгены Цэнтральнай Аўстраліі маюць вельмі высокі рост, чэрап сярэдняй па аўстралійскім маштабе даўжыні, вельмі вузкі лоб, вузкі твар з шырокім носам. Іх адметная рыса — светлыя валасы, асабліва ў дзяцей і дзяўчын. Абарыгены Заходняй Аўстраліі маюць сярэднедоўгі і нізкі чэрап, моцны надброўны рэльеф і вельмі нізкія для Аўстраліі твар і нос[13]. Абарыгены Тасманіі, якія доўгі час развіваліся ізалявана ад аўстралійскіх суседзяў, мелі кудлатыя валасы, шырокі твар, вялікую галаву з цемянным узняццем, плоскі нос з шырокім пераноссем і шырокімі ноздрамі, падоўжаныя наперад сківіцы і вялікія зубы[14]. Цікава, што шчыльнасць карэннага насельніцтва Тасманіі была нізкай, але і тасманійцы мелі ўнутраныя фізічныя адрозненні. Жыхары Паўднёвай Тасманіі былі больш светлымі, чым абарыгены поўначы[15].
Антраполагі асобна вылучаюць малую меланезійскую расу, прадстаўнікі якой насяляюць Папуасію і Меланезію, а таксама малую ведоідную расу, характэрную для Паўднёвай Індыі і Шры-Ланкі. Меланезійцы маюць меншы ў параўнанні з аўстралійцамі рост, кудлатыя валасы і рэдкі валасяны покрыў на целе. Ведоіды невысокія, з вузкім носам і ўмерана выцягнутымі сківіцамі, хвалістымі валасамі. Блізкімі па фізічных характарыстыках да ведоідаў з’яўляюцца негрытосы Паўднёва-Усходняй Азіі і Андаманскіх астравоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.