From Wikipedia, the free encyclopedia
Месье 83 (Messier 83), або M83, таксама вядома як Паўднёвая круцёлка і NGC 5236 — спіральная галактыка з перамычкай[7], размешчаная прыкладна за 15 млн светлавых гадоў ад Сонечнай сістэмы на мяжы сузор’яў Гідры і Цэнтаўра. У ёй назіраюць успышку зоркаўтварэння .
Галактыка | |
Гісторыя даследавання | |
---|---|
Адкрывальнік | Нікаля-Луі дэ Лакайль |
Дата адкрыцця | 1752 |
Абазначэнні | M 83, Messier 83, Месье 83, NGC 5236, ESO 444-81, MCG -5-32-50, IRAS13342-2933, PGC 48082, UGCA 366[1] |
Наглядальныя даныя (Эпоха J2000.0) |
|
Тып | SAB(s)c[2] |
Прамое ўзыходжанне | 13гадз 37мін 00,919с[3] |
Схіленне | -29° 51′ 56,74″[3] |
Чырвонае зрушэнне | 0.001721±0.000013[2] |
Адлегласць | 14,5 млн св. гадоў[4] |
Бачная зорная велічыня mV | 7,6[5] |
Фатаграфічная зорная велічыня mB | 8,2 |
Бачныя памеры | 12′.9 × 11′.5[6] |
Паверхневая яркасць | 12,8 |
Вуглавое становішча | 44° |
Сузор’е | Гідра |
Адна з бліжэйшых і яркіх спіральных галактык з перамычкай на зямным небе, якую можна разглядзець у бінокль[8]. Назва «Паўднёвая круцёлка» паходзіць ад падабенства з галактыкай Круцёлка (M101)[9].
Галактыку выявіў французскі астраном Нікаля-Луі дэ Лакайль 23 лютага 1752 года, які назіраў яе з паўднёваафрыканскага Мыса Добрай Надзеі[9][10]. Шарль Месье дадаў яе ў свой каталог туманных аб’ектаў (цяпер вядомы як Каталог Месье) у сакавіку 1781 года[9].
Напачатку XX стагоддзі ў адпаведнасці з тэорыяй замкнёнага Сусвету выказвалася экзатычнае меркаванне, што галактыка M83 гэта галактыка Андрамеды (M31), бачная са зваротнага боку праз усю сусветную прастору[11].
У 2005 годзе арбітальны тэлескоп GALEX зарэгістраваў вялікую колькасць нованароджаных зорак на знешніх межах M83[12]. У 2008 годзе тэлескоп выявіў яшчэ больш маладых зорак, якія, паводле агульнапрынятай мадэлі зоркаўтварэння, не павінны там быць у такой колькасці. Яны знаходзяцца на адлегласці 140 тысяч светлавых гадоў ад цэнтра галактыкі, у той час як папярочнік самай галактыкі не перавышае 40 тысяч светлавых гадоў.
У 2014 годзе астраномы выявілі чорную дзірку MQ1, якая сама па сабе лёгкая, але з вялікай інтэнсіўнасцю паглынае навакольную матэрыю[13].
У 2015 годзе з дапамогай арбітальных тэлескопаў «Хабл» і «Спітцэр» у галактыцы былі выяўлены два кандыдаты на зоркі тыпу η Кіля[14]. Гэтыя аб’екты ўяўляюць сабой вялізныя нестабільныя зоркі з масай больш за 100 мас Сонца.
Месье 83 — спіральная галактыка з перамычкай з упарадкаванай структурай[15]. Яе ізафатальны дыяметр складае каля 36,24 кілапарсекі (118 000 светлавых гадоў). Па марфалагічнай класіфікацыі Дэ Вакулёра , гэта галактыка тыпу SAB(s)c[2], дзе «SAB» пазначае спіраль са слабой перамычкай , «(s)» паказвае на чыстую спіральную структуру без утварэння кальца, а «c» азначае слаба закручаныя рукавы[16]. Недалёка ад M83 знаходзіцца пекулярная карлікавая галактыка NGC 5253[17], і яны, імаверна, узаемадзейнічаюць на працягу апошняга мільярда гадоў, што прывяло да зоркаўтварэнняў у іх цэнтральных абласцях[15].
Хуткасць зоркаўтварэння ў M83 вышэй уздоўж пярэдняга краю спіральных рукавоў, як і прадказвае тэорыя хваль шчыльнасці[18]. Праект НАСА Galaxy Evolution Explorer 16 красавіка 2008 года паведаміў пра выяўленне вялікай колькасці новых зорак на вонкавых ускраінах галактыкі — у 20 кілапарсек ад цэнтра. Да гэтага часу лічылася, што ў гэтых абласцях няма матэрыялу, неабходнага для зоркаўтварэння[19][20].
У галактыцы зарэгістравана шэсць звышновых зорак: SN 1923A[21], SN 1945B[22], SN 1950B[23], SN 1957D[24][25], SN 1968L[26] і SN 1983N (тып Ia)[27].
M83 — цэнтр адной з двух падгруп у размешчанай паблізу Млечнага шляху групе галактык Цэнтаўр A/M83[28]. Цэнтр іншай падгрупы — Цэнтаўр А. Абедзве гэтыя групы часам вызначаюць як адну[29][30], а часам як дзве[31]. Хаця галактыкі вакол Цэнтаўра A і галактыкі вакол M83 фізічна блізкія, аднак, абедзве падгрупы, здаецца, не рухаюцца адносна адна другой[32].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.