From Wikipedia, the free encyclopedia
Арменія вельмі слаба забяспечана паліўнымі карыснымі выкапнямі. Разведаны невялікія паклады нафты і прыроднага газу, але іх распрацоўка нават не пачата. За часам Армянскай ССР паліва пастаўлялася з суседніх рэспублік у абмен на электраэнергію ды іншую прамысловую прадукцыю. Адсутнасць значных паліўных рэсурсаў вынікла ў неабходнасці будаўніцтва АЭС. І толькі парожыстыя армянскія рэкі не пакідаюць краіну без энергіі айчыннага паходжання. Да уласна армянскіх энергарэсурсаў адносяцца і хуткі армянскі вецер, і гарачае армянскае сонца, на якія так актыўна намякаюць праціўнікі атамнай энергетыкі з ЕС. У 2017 армянскімі электрастанцыямі было выраблена 7,8 млрд кВт*гадз электраэнергіі, што на 6,1 % больш чым у папярэднім годзе, але па вытворчасці кВт*гадз на душу насельніцтва Арменія саступае большасці краін СНД.[1]
Сёння і ядзернае паліва, і газ дзя ЦЭС, прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі імпартуюцца з Расіі (усяго 2 млрд м³ расійскага газу ў 2018 годзе). Газавы сектар Арменіі застаецца вертыкальна інтэграванай манаполіяй, аператарам і ўладальнікам якой з’яўляецца кампанія «Газпром—Арменія», якая цалкам належыць расійскаму «Газпрому». У 2019 годзе Арменія, разам з іншымі краінамі-сябрамі ЕАЭС, падпісала пагадненне аб агульным газавым рынку ЕАЭС у 2025 годзе. Пагадненне абавязвае Арменію дазволіць доступ трэціх бакоў на газавы рынак, і правесці рэформы, накіраваныя на аблягчэнне трансгранічнага гандлю газам. Астатняя частка газу (каля 15%) імпартуецца з Ірана. Гэты газ выкарыстоўваецца толькі для вытворчасці электраэнергіі ў рамках свопу «газ у абмен на электраэнергію»: 1 кубаметр газу ўзамен на 3 кВт.гадз электраэнергіі. ЕрЦЭЦ і Разданская ТЭС, якія ўдзельнічаюць у праграме, выпрацоўваюць пас тане на 2024 год 4—4,5 кВт.гадз электрычнасці з аднаго кубаметру газу. Такім чынам у Арменіі застаецца прыкладна 1-1,5 квт.ч электраэнергіі.
Расіі належаць і многія аб'екты армянскай энергетыкі. Так размеркавальныя электрычныя сеткі, прыватызаваныя яшчэ ў 2002, у 2015 былі набыты групай «Ташыр», якая належыць расійскаму бізнесоўцу армянскага паходжання Самвэлу Карапецяну.[2] У Арменіі няма нафтаперапрацоўчых заводаў, таму імпартуецца не сырая нафта, а выключна нафтапрадукты. У 2008 была скончана нітка газаправода Іран-Арменія, што дэманапалізавала газавы рынак. Аб'ёмы паставак з Ірана нязначныя (370 млн м³ у 2018) і аплачваюцца вырабленай электраэнергіяй.[3]
У студзені 2021 года ўрад Арменіі зацвердзіў Стратэгічную праграму развіцця энергетычнага сектара, якая вызначае шляхі развіцця галіны на перыяд да 2040 года. Паводле Стратэгіі—2021, прыярытэтамі ўрада ў энергетычным сектары да 2040 года з’яўляюцца: максімальнае выкарыстанне патэнцыялу краіны ў галіне узнаўляльных крыніц энергіі і энергаэфектыўнасці; падаўжэнне тэрміну эксплуатацыі Армянскай АЭС да 2026 года, а таксама будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі для яе замены; будаўніцтва калідора «Поўнач—Поўдзень» шляхам пашырэння ліній электраперадачы паміж Арменіяй і Грузіяй і паміж Арменіяй і Іранам; паступовая лібералізацыя ўнутранага рынку электраэнергіі.
Два рэактары Армянскай АЭС магутнасцю 420 МВт кожны былі запушчаны у 1976 і 1980 гадах у Мецаморы, непадалёк ад Ерэвана. У 1989, пасля землетрасення ў Спітаку, праца АЭС была спынена. Нястача электрычнасці і паліва ў выніку блакады з боку Азербайджана выклікала аднаўленне працы АЭС, што дазволіла краіне забяспечыць патрэбы ў электрычнасці і спыніць жорсткую эканомію, але прывяло да адмоўнай рэакцыі з боку Еўрапейскага Саюза. Па стане на 2015 год АЭС давала 40 % ад ўсёй армянскай вытворчасці электраэнергіі. У лютым 2018 было аб'яўлена аб мадэрнізацыі АЭС і павелічэнні яе магутнасці на 10 %.[4] Даследуюцца магчымасці ўсталявання невялікіх рэактараў у іншых раёнах краіны.
Гідрапатэнцыял Арменіі выкарыстаны на 43 %, ГЭС у структуры электраэнергетыкі краіны складаюць каля 25 %. У 1962 было завершана будаўніцтва ірыгацыйнага комплекса і каскада з шасці ГЭС на рацэ Раздан, распачатае яшчэ ў 1937, што на сённяшні дзень застаюцца найбуйнейшымі ў Арменіі. У гарах былі пракладзены тунэлі для вяртання вады ў Севан з мэтай папаўнення водных запасаў возера. У 2012 распачата будаўніцтва памежнай з Іранам Мегрынскай ГЭС на рацэ Аракс на самым поўдні краіны. Тэрмін здачы ГЭС праектнай магутнасцю 140 МВт быў адкладзены на 2020. На малых рэках працуюць малыя ГЭС.
У Ерэване, Раздане і Ванадзоры працуюць ЦЭС на прыродным газе, што за савецкім часам паступаў з Азербайджана ў абмен на электраэнергію, а сёння імпартуецца з Расіі і Ірана.
Урад Арменіі, больш апантаны ідэяй новых атамных магутнасцяў, не выказвае вялікай зацікаўленасці да нетрадыцыйных крыніц энергіі. Тым не менш, за кошт замежных інвестыцый у 2010-х былі здзейснены першыя крокі да чыстай энергіі: нідэрландская кампанія Fotowatio Renewable Ventures і іспанская FSL Solar S.L. будуюць першую вялікую сонечную электрастанцыю (55 МВт) у гарадку Мец Масрык на ўсход ад Севана, што мусіць быць здадзена ў 2020 годзе[5]; на поўдні Арменіі будуецца геатэрмальная станцыя магутнасцю 150 МВт.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.