From Wikipedia, the free encyclopedia
Арменія належыць да ліку краін, што развіваюцца. Страта традыцыйных эканамічных сувязяў пасля распаду СССР, блакада з боку Азербайджана і Турцыі, адсутнасць уласных паліўных рэсурсаў — усё гэта негатыўна адбіваецца на гаспадарцы краіны. Эканамічным тварам Арменіі застаюцца сельская гаспадарка і знітаваная з ёй харчовая прамысловасць (вытворчасць пладовых кансерваў, він, каньякоў), здабыча руд каляровых металаў (золата, медзі і малібдэну) і каляровая металургія, атамная энергетыка, турызм, Арменія ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз, і яе эканоміка ў моцнай ступені арыентавана на Расійскую Федэрацыю.
Эканоміка Арменіі | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Намінальны ВУП | 11 536 590 635,827 $[1] |
Намінальны ВУП на душу насельніцтва | 3 936 $[2] |
ВУП (ППЗ) | 28 331 471 460 Міжнародны долар[3] |
ППЗ ВУП на душу насельніцтва | 9 667,959 Міжнародны долар[4] |
Тэмп росту рэальнага ВУП | 0,2 ± 0,1 %[5] |
Сумарныя запасы | 2 314 113 951 $[6] |
Узровень інфляцыі | −1,1 ± 0,1 %[7] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сённяшняя Арменія — аграрна-індустрыяльная краіна з даволі нізкім узроўнем развіцця эканомікі. Па аб'ёме ВУП на душу насельніцтва Арменія саступае абодвум суседзям па Закаўказзі. У складзе СССР Арменія мела магутную індустрыю, у межах якой былі прадстаўлены практычна ўсе галіны прамысловасці. Распад Саюза вымусіў краіну згарнуць большасць вытворчасцей, паколькі А) амаль усе яны працавалі на сыравіне з саюзных рэспублік Б) невялікі ўласны рынак не меў патрэбы ў такой колькасці хімікатаў, тканін, электронікі і г.д. Дэіндустрыялізацыя, а таксама неабходнасць забяспечыць харчовую бяспеку, адбілася на размеркаванні занятасці: доля эканамічна актыўнага насельніцтва ў сельскай гаспадарцы вырасла з менш чым 20 % да больш за 40 %. У выніку названых вышэй эканамічных прычын, а таксама ў выніку Карабахскай вайны, у 1989–1993 армянскі ВУП скараціўся на 60 %.
З 1994 года, пры падтрымцы МВФ ідзе мадэрнізацыя эканомікі, якая выклікала эканамічны рост. Дзякуючы прыватызацыі сярэдніх і малых прадпрыемстваў краіне ўдалося абмежаваць інфляцыю і стабілізаваць валюту. У 2003 Арменія ўвайшла ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю, стаўшы яе 145 удзельнікам. Органам банкаўскага рэгулявання і банкаўскага нагляду з'яўляецца Цэнтральны банк Рэспублікі Арменія. Значную частку нацыянальнага прыбытку забяспечваюць грашовыя пераводы нацыянальнай дыяспары у Расіі і іншых краінах. У 2010-х хутка развіваецца ІТ-сектар: у 2013 кампанія Intel заявіла аб намеры адкрыць у Ерэване даследчы цэнтр. У 2015 Арменія ўвайшла ў Еўразійскі эканамічны саюз, тым самым замацаваўшы сваю эканамічную арыентацыю на Расію. У 2012 – 2018 ВУП Арменіі вырас на 40,7 %![8]
Да адмоўных фактараў, што па сёння тармозяць развіццё армянскай эканомікі, адносяцца наступствы землетрасення 1988 і блакада з боку Турцыі і Азербайджана. Эканамічнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца толькі праз межы Грузіі і Ірана. Значнай праблемай застаецца беспрацоўе (18,9 % у 2017), яшчэ вышэй ягоны паказчык сярод моладзі.[9]
Развіта здабыўная прамысловасць, у якой у 2017 было створана 3,1 % ВУП (172 млрд драм)[10]: вядзецца здабыча золата, свінцова-цынкавых і медных руд. Разведаны невялікія паклады нафты і прыроднага газу, але іх распрацоўка нават не пачата.
Адсутнасць значных паліўных рэсурсаў вынікла ў неабходнасці будаўніцтва АЭС. Два рэактары магутнасцю 420 МВт кожны былі запушчаны у 1976 і 1980 гадах у Мецаморы. У 1989, пасля землетрасення ў Спітаку, праца АЭС была спынена. Нястача электрычнасці і паліва ў выніку блакады з боку Азербайджана выклікала аднаўленне працы АЭС, што дазволіла краіне забяспечыць патрэбы ў электрычнасці і спыніць жорсткую эканомію, але прывяло да адмоўнай рэакцыі з боку Еўрапейскага Саюза. Па стане на 2015 год АЭС давала 40 % ад ўсёй армянскай вытворчасці электраэнергіі. У лютым 2018 было аб'яўлена аб мадэрнізацыі АЭС і павелічэнні яе магутнасці на 10 %.[11] Даследуюцца магчымасці ўсталявання невялікіх рэактараў у іншых раёнах краіны. І ядзернае паліва, і газ дзя ЦЭС, прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі імпартуюцца з Расіі (газ часткова з Ірана). І толькі парожыстыя армянскія рэкі не пакідаюць краіну без энергіі айчыннага паходжання. Дзейнічае каскад ГЭС на рацэ Раздан. Да уласна армянскіх энергарэсурсаў адносяцца і хуткі армянскі вецер, і гарачае армянскае сонца, на якія так актыўна намякаюць праціўнікі атамнай энергетыкі з ЕС. У 2017 армянскімі электрастанцыямі было выраблена 7,8 млрд кВт*гадз электраэнергіі, што на 6,1 % больш чым у папярэднім годзе, але па вытворчасці кВт*гадз на душу насельніцтва Арменія саступае большасці краін СНД.[12]
У студзені 2021 года ўрад Арменіі зацвердзіў Стратэгічную праграму развіцця энергетычнага сектара, якая вызначае шляхі развіцця галіны на перыяд да 2040 года.
Сярод астатніх галін прамысловасці ў ХХІ стагоддзі важную ролю працягваюць іграць:
Адроджаны і нанова створаны некаторыя галіны машынабудавання: прыладабудаванне, вытворчасть дэталяў для аўтамабілебудавання, рухавікоў, прэсавага абсталявання; асвоена апрацоўка каштоўных камянёў і агранка алмазаў.
Сельская гаспадарка, у якой занята 36 % насельніцтва і якая ствараецца 15 % ВУП (2017) ды значная частка экспарту, развітая не дастаткова для самазабяспечання харчаваннем. Да фактараў, што спрыяюць развіццю адносяцца ўрадлівыя вулканічныя глебы, да неспрыяльных — гарыстасць тэрыторыі і дэфіцыт увільгатнення ў летні перыяд. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства, нягледзячы на тое, што ворныя землі, сады і вінаграднікі займаюць усяго 16 % тэрыторыі. Асноўным раёнам земляробства з'яўляецца Арарацкая даліна. Вырошчваюцца збожжавыя (пшаніца, ячмень), гародніна, бульба, пладовыя культуры (персікі, грэцкія арэхі, айва, інжыр, гранаты, абрыкосы), вінаград (сталовыя і вінныя гатункі), дыні, кветкі. Больш раннія вясна і лета дазваляюць армянскім аграрыям пастаўляць прадукцыю на рынкі паўночных краін у красавіку-чэрвені. У жывёлагадоўлі пераважае экстэнсіўная авечкагадоўля на засушлівых большай часткай года горных пашах, якія займаюць 56 % тэрыторыі краіны. Севан дае багата рыбы, асабліва знакамітая стронга, якая тут завецца ішханам.
Сярод відаў траспарту галоўнае значэнне мае аўтамабільны. Чыгункі знаходзяцца ў заняпадзе, у тым ліку праз блакаду з боку Турцыі і Азербайджана. Пасажырскае спалучэнне дзейнічае толькі з Грузіяй (цягнік Ерэван–Тбілісі–Батумі).
Чвэрць армянскага экспарту (2017) прыходзіцца на турыстычныя паслугі, 12 % — на ІТ паслугі. Яшчэ чвэрць складаюць каляровыя металы — медзь і золата, 10 % — тытунёвыя вырабы і спіртныя напоі. Асноўнымі пакупнікамі з'яўляюцца Расія (24 %), Кітай (13 %), Грузія (12,5 %), Швейцарыя (8 %). Асноўныя артыкулы імпарту — турыстычныя і транспартныя паслугі, паліва, прадукты харчавання. Галоўныя пастаўшчыкі — Расія (29 %), краіны ЕС, Грузія, Іран, ААЭ.[13] Гандлёвы абарот паміж Арменіяй і Беларуссю складае каля 50 млн даляраў. Беларускі ўрад плануе павялічыць экспарт у Арменію трактароў і ліфтоў, пасажырскай тэхнікі, малочнай прадукцыі. Арменія пастаўляе на беларускі рынак кветкі, спіртныя напоі, лекі.[14]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.