From Wikipedia, the free encyclopedia
Шведская каланізацыя Амерыкі — працэс каланізацыі Швецыяй тэрыторый у Паўночнай Амерыцы. У XVII стагоддзі ў Швецыі былі калоніі каля ракі Дэлавэр, на тэрыторыі сучасных штатаў Дэлавэр, Нью-Джэрсі, Пенсільванія і Мэрыленд; таксама да шведскіх калоній адносяцца два ўладанні, якія былі ў Карыбскім моры, якімі Швецыя валодала ў XVIII і XIX стагоддзях.
Да 1809 года Фінляндыя была часткай Швецыі, таму многія перасяленцы ў калоніях былі этнічнымі фінамі і размаўлялі на фінскай мове. Фіны ехалі ў Амерыку ў першую чаргу з аддаленых раёнаў Саво і Кайнуу, дзе было распаўсюджана падсечна-агнявое земляробства, таму гэтыя людзі хутка прызвычаіліся да жыцця піянераў прэрый.
Шведы і фіны прынеслі ў Амерыку традыцыю будаўніцтва бярвеністых хат, і яны сталі тыповымі бярвеністымі хатамі піянераў.
Каралеўства Швецыя да сярэдзіны XVII стагоддзя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці ў Еўропе і стала сапраўднай Балтыйскай імперыяй, улучыўшы ў свой склад мноства тэрыторый. Калонія Новая Швецыя (1638—1655 гады існавання) была размешчана ўздоўж ракі Дэлавэр з населенымі пунктамі ў сучасных Дэлавэры, Пенсільваніі і Нью-Джэрсі.Уімінгтон у той час быў фортам і насіў назву ў гонар шведскай каралевы Крысціны. Сучасны горад Брыджпарт быў заснаваны шведамі пад назвай Новы Стакгольм.
Калонія была заваявана галандцамі, якія пачалі даследаванне гэтых тэрыторый раней шведаў і ўспрымалі прысутнасць шведскіх каланістаў у Паўночнай Амерыцы як пагрозу сваім інтарэсам у калоніі «Новая Галандыя». У маі 1654 года губернатар Новай Швецыі Ёхан Рост са сваімі салдатамі акупаваў адзін з галандскіх фартоў, Казімір. Адказ галандцаў не прымусіў сябе чакаць: Пітэр Стэйвесант, апошні губернатар Новых Нідэрландаў, у канцы лета 1655 года з сотнямі ўзброеных галандцаў пераправіўся праз раку Дэлавэр і ўзяў Казімір назад, а таксама ўзяў шведскія фарты Крысціны і Тройцы.[1] Губернатар калоніі Новая Швецыя пагадзіўся перадаць Стэйвесанту ўсе правы на яе, і на гэтым 17-гадовая гісторыя калоніі скончылася. Тым не менш, умовы для жыцця ў шведскіх і фінскіх пасяленцаў былі добрымі: галандцы дазволілі ім захаваць уласнае ўзброенае апалчэнне, уласную царкву, суд у зямельных пытаннях і нават пэўную палітычную аўтаномію.
Такое становішча спраў захоўвалася да 1664 года, пакуль Новыя Нідэрланды не былі захоплены Англіяй, і ў 1682 годзе гэтая тэрыторыя была ўключана Уільямам Пэнам у склад калоніі Пенсільванія. Да гэтага часу колькасць шведскіх пасяленцаў нават павялічвалася, і ў 1669 годзе яны заснавалі новае селішча каля сучаснай Філадэльфіі.
Востраў Сен-Бартэльмі (1787—1878 гады шведскага кіравання) быў набыты Швецыяй у Францыі і затым прададзены ёй жа. Дзейнічаў як порта-франка (вольны порт). Была створана Шведская Вест-Індская кампанія (якая займалася ў тым ліку ўвозам рабоў), якая спыніла, зрэшты, сваё існаванне ў 1805 годзе. Рабства на востраве было адменена ў 1846 годзе. У перыяд шведскага кіравання на востраў прыбывалі імігранты з краін Паўночнай Еўропы, а таксама Брэтані. Адміністрацыйны цэнтр Густавія, які атрымаў сваю назву па імені шведскага караля, захоўвае сваю назву і дагэтуль.
Гвадэлупа ў 1813—1814 гадах была акупаваная шведамі падчас Напалеонаўскіх войнаў, але потым вернутая Францыі.
Шведскія імігранты працягвалі прыбываць у Амерыку, каб пасяляцца ў іншых краінах і калоніях. Сярэдзіна XIX-пачатак XX стагоддзяў — перыяд вялікай шведскай іміграцыі ў ЗША. Каля 1,3 млн шведаў пераехала ў Амерыку за гэты час, а зараз шведаў у ЗША налічваецца 3998310 чал.
Дзякуючы Дону Пэдра II, імператару Бразіліі, які заахвочваў іміграцыю, вялікая колькасць шведаў заехала ў Бразілію, асеўшы ў асноўным у гарадах Жаінвілі і Іжуі. У канцы XIX стагоддзя правінцыя Місьёнэс у Аргентыне стала буйным цэнтрам шведскай іміграцыі, дзе заклаліся асновы фармавання шведскіх аргенцінцаў як нацыянальнай агульнасці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.