Цыталогія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Цытало́гія (грэч. κύτος — «ёмішча», «клетка» і λόγος — «вучэнне», «навука») — раздзел біялогіі, які вывучае будову, хімічны склад, функціі, індывідуальнае развіццё і эвалюцыю клетак жывых арганізмаў. Прадметам вывучэння цыталогіі з’яўляецца, адпаведна, клетка, асноўным метадам даследаванняў — мікраскапія, тэарэтычнай асновай — клетачная тэорыя. Разам з назвай цыталогія можна сустрэць назвы клетачная біялогія, або біялогія клеткі (англ.: cell biology).
Навука аб клетцы цесна звязаная з іншымі раздзеламі біялогіі. Як правіла, разглядаецца разам з гісталогіяй і эмбрыялогіяй. Працэсы, якія вывучаюцца цыталогіяй, з’яўляюцца базісам працэсаў анатоміі, фізіялогіі, генетыкі, біяхіміі, а таксама малекулярнай біялогіі і клінічных дысцыплін. Цыталагічны аналіз з’яўляецца асновай вывучэння развіцця такой хваробы, як рак, а таксама многіх іншых захворванняў і паталогій.
Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная цыталогія вывучае найбольш агульныя структурна-функцыянальныя ўласцівасці, якія маюцца ва ўсіх клетках арганізма. Прыватная разглядае канкрэтныя характарыстыкі пэўных тканак і органаў, якія тлумачацца іх развіццём, жыццядзейнасцю і функцыямі, якія выконвае клетка. У шэрагу раздзелаў цыталогіі — карыясістэматыка, радыяцыйная цыталогія, імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя.