беларускі футбольны клуб From Wikipedia, the free encyclopedia
«Смалявічы» — беларускі футбольны клуб з горада Смалявічы, заснаваны ў 2009 годзе. У 2018 і 2020 гадах выступаў у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.
Смалявічы | |||
---|---|---|---|
Поўная назва | ТАА «Футбольны клуб „Смалявічы“» | ||
Заснаваны | 2009 | ||
Горад | Смалявічы, Беларусь | ||
Стадыён |
«Азёрны» Умяшчальнасць: 1600 |
||
2021 | 12 месца ў Мінскім дывізіёне Другой лігі | ||
Сайт | Афіцыйны сайт | ||
|
У 1996—1997 гадах клуб са Смалявічаў пад назвай «Крышталь» гуляў у Трэцяй лізе чэмпіянату Беларусі.
У 2009 годзе быў створаны клуб «Вігвам» (назва ад фірмы-спонсара). Першы сезон клуб правёў у чэмпіянаце Мінскай вобласці, а на наступны год заявіўся ў Другую лігу. Але тады клуб поспехаў не меў, знаходзячыся пераважна ў ніжняй частцы табліцы.
Улетку 2011 года клуб быў перайменаваны ў «Смалявічы», а галоўным трэнерам клуба стаў Юрый Пунтус, нядаўна звольнены з брэсцкага «Дынама». На той момант каманда займала апошняе месца ў Другой лізе. Клуб здолеў выправіць сітуацыю, скончыўшы сезон на 12 месцы з 16.
У сезоне 2012 клуб, які атрымаў новую назву «Смалявічы-СТІ» (ад новага спонсара, фірмы СарматТэрмаІнжынірынг), стаў галоўным фаварытам Другой лігі. Узмацніўшыся перспектыўнімі маладымі ігракамі, «Смалявічы-СТІ» упэўнена ішлі да сваёй мэты — выхаду ў Першую лігу.
У кастрычніку 2012 года каманда правяла першы матч на новым стадыёне «Азёрны». Атрымаўшы перамогу над «Асіповічамі» (2:0), «Смалявічы-СТІ» датэрмінова аформілі выхад у Першую лігу.
У сезоне 2013 «Смалявічы-СТІ» дэбютавалі ў Першай лізе. Каманда працягвала выступаць маладымі ігракамі, толькі ўзмацнілася вопытным Алегам Страхановічам, які працаваў пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса ў БАТЭ і МТЗ-РІПА.
Асаблівых поспехаў клуб са Смалявічаў не меў, чаргуючы перамогі з паражэннямі, і ў выніку апынуўся ў сярэдзіне турнірнай табліцы.
У кастрычніку 2013 года, пасля разгромнага паражэння да светлагорскага «Хіміка» (1:6), Юрый Пунтус падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера[1]. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера стаў Альберт Рыбак, які да гэтага быў трэнерам брамнікаў.
Хутка пасля Пунтуса каманду пакінуў і адзін з лідараў Алег Страхановіч. Каманда скончыла сезон на 8 месцы.
Пасля заканчэння сезона, у снежні 2013 года, Альберт Рыбак быў прызначаны галоўным трэнерам[2]. Каманда здолела захаваць большую частку ігракоў, хоць некаторыя ўслед за Юрыем Пунтусам перайшлі ў мазырскую «Славію».
Першую палову сезона 2014 каманда ішла ў сярэдзіне табліцы. У жніўні 2014 года «Смалявічы-СТІ» сталі навязваць барацьбу за трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў Вышэйшай лізе. Але пасля трох паражэнняў запар у верасні 2014 каманда зноў апынулася ў сярэдзіне табліцы, з-за чаго быў звольнены галоўны трэнер Альберт Рыбак[3]. Новы трэнер, Дзмітрый Навіцкі, які раней узначальваў «Мінск-2», не здолеў выправіць сітуацыю. Атрымаўшы паражэнні ў пяці апошніх турах, «Смалявічы-СТІ» занялі выніковае дзясятае месца.
У сезоне 2015 значна абнавіўся склад каманды — больш чым напалову. Сезон пачаўся няўдала — пасля шэрагу паражэнняў каманда апынулася ў канцы табліцы. Нягледзячы на тое, што сітуацыя пазней пачала выпраўляцца, у жніўні 2015 года галоўны трэнер Дзмітрый Навіцкі быў звольнены[4]. Неўзабаве новым трэнерам быў прызначаны Аляксандр Бразевіч[5], вядомы па працы ў такіх клубах, як «Смаргонь», «Тарпеда-БелАЗ» і «Рэчыца-2014». Бразевіч здолеў падняць каманду з 10-га на 7-е месца, якое стала найлепшым у гісторыі клуба. Па заканчэнні сезона ў лістападзе 2015 года спецыяліст пакінуў Смалявічы[6].
У пачатку сезона 2016 «Смалявічы-СТІ» падпісалі дамову з барысаўскім БАТЭ[7], тым самым сталі фарм-клубам барысаўчан. Галоўным трэнерам стаў былы трэнер дубля БАТЭ Віталь Рагожкін. Пачатак сезона атрымаўся для каманды не вельмі ўдалым, і ў чэрвені Рагожкін пакінуў сваю пасаду, на чале каманды стаў Дзмітрый Молаш. У другой палове сезона «Смалявічы-СТІ» знаходзіліся ў сярэдзіне табліцы і ў выніку занялі 8-е месца з 14.
У сезоне 2017 супрацоўніцтва з БАТЭ было спыненае, аднак галоўным трэнерам застаўся Дзмітрый Молаш. Склад каманды папоўніў шэраг вопытных выканаўцаў, такіх як Алег Шкабара, Сяргей Кавалюк, Ігар Трухаў, Ігар Варанкоў. З пачатку турніру «Смалявічы-СТІ» разглядаліся як адзін з фаварытаў, а каманда здолела хутка захапіць лідарства, пасля першай паловы чэмпіянату займала першае месца з адрывам у 7 ачкоў. Аднак, шэраг няўдач у другой палове сезона дазволіў сапернікам дагнаць смалявіцкі клуб. У выніку ўпартай барацьбы «Смалявічы-СТІ» занялы другое выніковае месца і атрымалі месца ў Вышэйшай лізе.
У сезон 2018 каманда ўвайшла з новым галоўным трэнерам — ім стаў Аляксандр Бразевіч, які раней ужо ўзначальваў каманду. У студзені 2018 года стала вядома, што «Смалявічы-СТІ» змянілі назву на «Смалявічы»[8]. Амаль поўнасцю змянілася каманда, з папярэднага сезона засталіся толькі тры ігракі — Іван Васілёнак, Павел Чыкіда і Валерый Гарбачык. Смалявіцкая каманда добра засвоілася ў элітным дывізіёне, на працягу большай часткі сезона ішла ў ніжняй часткі турнірнай табліцы, але не трапляла ў зону вылету. Аднак, няўдачы ў канцы сезона адклалі вырашэнне пытання аб месцы ў эліце на апошні тур, дзе «Смалявічам» была патрэбна перамога над мінскім «Промнем». Выйшаўшы наперад, смалявіцкая каманда прапусціла ў другім тайме, і выніковы лік 1:1 адправіў «Смалявічы» ў Першую лігу.
Нягледзячы на вылет у Першую лігу, «Смалявічы» захавалі перспектыўных маладых ігракоў, Аляксандр Бразевіч застаўся на пасадзе трэнера, таксама каманда ўмацавалася вядомымі для Першай лігі выканаўцамі. Смалявіцкі клуб хутка стаў адным з лідараў турніру, доўгі час змагаўся за першы радок з бабруйскай «Белшынай». За некалькі тураў да фінішу «Смалявічы» гарантавалі вяртанне ў элітны дывізіён, аднак у барацьбе з бабруйчанамі саступілі і занялі другі радок.
У сезоне 2020 «Смалявічы» працягваліся выступаць пераважна маладымі ігракамі, узмацніўшыся таксама некалькімі расіянамі. Выступленне ў чэмпіянаце, аднак, было няўдалым, каманда хутка апынулася ў ніжняй частцы табліцы. Неўзабаве ў клубе пачаліся фінансавыя праблемы, што ў многім было звязана з сыходам у пачатку 2020 года з пасады старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаіла Загорцава, які доўгі час падтрымліваў клуб, у той час як новы старшыня Андрэй Ратамскі надзяляў футболу значна менш увагі. У выніку ў сярэдзіне сезона клуб прапанаваў ігракам значна скараціць заробкі, з-за чаго многія футбалісты пакінулі каманду, замест іх была набраная моладзь, у тым ліку у арэнду з іншых клубаў Вышэйшай лігі, амаль без вопыту гульні ў элітным дывізіёне. У апошніх 12 турах «Смалявічы» нязменна прайгравалі і задоўга да фінішу турніру страцілі месца ў элітным дывізіёне.
Яшчэ ў снежні 2020 года ўсе футбалісты па заканчэнні кантрактаў пакінулі клуб, як і трэнерскі штаб. У студзені 2021 года было абвешчана, што «Смалявічы» ў сезоне 2021 не будуць удзельнічаць у Першай лізе і спыняюць існаванне[9]. У лютым 2021 года стала вядома, што «Смалявічы» ўсё ж працягнуць існаванне і выступы ў Першай лізе, стаўшы фарм-клубам «Тарпеда-БелАЗ»[10]. У сакавіку 2021 года клуб афіцыйна абвясціў, што не выступіць у Першай лізе ў сезоне 2021, але заявіцца ў Другую лігу[11].
У Другой лізе каманда складалася пераважна з маладых ігракоў, галоўным трэнерам быў Аляксандр Ванюшкін, які раней працаваў з юнацкімі камандамі клуба. «Смалявічы» выступалі ў зоне «Поўнач» Мінскага дывізіёна, дзе былі серадняком і занялі выніковае шостае месца з 10. У стыкавым матчы «Смалявічы» адмовіліся прымаць стаўбцоўскі «Кронан», таму засталіся ў Мінскім дывізіёне на агульным 12-м месцы.
У сезоне 2022 клуб адмовіўся ад удзелу ў чэмпіянаце Беларусі.
Сезон | Ліга | М | Г | В | Н | П | Галы | Ачкі | Кубак | Заўвагі |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1996 | Трэцяя — Б (Д3) | 7 | 26 | 14 | 3 | 9 | 43–30 | 45 | 1/16 фіналу | |
1997 | Трэцяя — А (Д3) | 5 | 26 | 13 | 4 | 9 | 39–35 | 43 | ||
2010 | Другая (Д3) | 11 | 34 | 10 | 11 | 13 | 32–41 | 41 | 1/32 фіналу | |
2011 | Другая (Д3) | 12 | 30 | 8 | 8 | 14 | 45–48 | 32 | 1/32 фіналу | |
2012 | Другая (Д3) | 1 | 36 | 26 | 9 | 1 | 113–22 | 87 | 1/32 фіналу | Выхад у Першую лігу |
2013 | Першая (Д2) | 8 | 30 | 12 | 8 | 10 | 50–37 | 44 | 1/16 фіналу | |
2014 | Першая (Д2) | 10 | 30 | 12 | 4 | 14 | 37–41 | 40 | 1/32 фіналу | |
2015 | Першая (Д2) | 7 | 30 | 13 | 8 | 9 | 47–37 | 47 | 1/16 фіналу | |
2016 | Першая (Д2) | 8 | 26 | 9 | 7 | 10 | 38–29 | 34 | 1/16 фіналу | |
2017 | Першая (Д2) | 2 | 30 | 18 | 4 | 8 | 46–22 | 58 | 1/16 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2018 | Вышэйшая (Д1) | 15 | 30 | 5 | 9 | 16 | 21–39 | 24 | 1/8 фіналу | Вылет у Першую лігу |
2019 | Першая (Д2) | 2 | 28 | 19 | 7 | 2 | 60–15 | 64 | 1/16 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2020 | Вышэйшая (Д1) | 16 | 291 | 3 | 5 | 21 | 27–72 | 14 | 1/16 фіналу | Вылет у Першую лігу, пераход у Другую лігу |
2021 | Другая — Мінскі дывізіён — Поўнач (Д3) | 6 | 18 | 9 | 1 | 8 | 56–37 | 28 | 1/16 фіналу | |
Другая — Мінскі дывізіён — Стыкавыя матчы (Д3) | 12 | 1 | 0 | 0 | 1 | 0–3 | ||||
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.