Тыморская аперацыя (19 лютага 1942 — 10 лютага 1943) — стратэгічная вайсковая аперацыя ўзброеных сіл Японіі супраць войскаў Аўстраліі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі і ЗША падчас Другой сусветнай вайны дзеля захопу вострава Тымор.
У снежні 1941 года аўстралійскія і галандскія войскі акупавалі Усходні Тымор для ўмацавання вострава супраць наступу японскіх войскаў. Японскія войскі ўварваліся на востраў 20 лютага 1942 года і сустрэлі супраціў невялікай з'яднанай групы саюзнікаў, вядомай як Sparrow Force («Вераб'і»), якая складалася з салдатаў Аўстраліі, Вялікабрытаніі і Нідэрландаў. Пасля кароткага, але зацятага супраціўлення японцам атрымалася прымусіць капітуляваць большую частку саюзнікаў пасля трох дзён баёў, хоць некалькі сотняў аўстралійскіх камандас працягвалі весці партызанскую вайну. Яны папаўняліся рэсурсамі, што скідаліся з самалётаў з Дарвіна, Аўстралія. Кампанія працягвалася да 10 лютага 1943 года, калі апошнія аўстралійскія салдаты былі эвакуяваны. Тым не менш, з прычыны аказанага супраціўлення японскія войскі ўгразлі ў баях на Тыморы на шэсць месяцаў, што запабегла іх разгортванне ў іншым месцы. Хоць Партугалія не была ваюючай краінай, многія ўсходне-тыморскія грамадзянскія асобы і партугальскія асаднікі змагаліся на боку саюзнікаў, падавалі ім харч, жытло і іншую дапамогу. За гэта яны заплацілі высокую цану, і дзясяткі тысяч мірных жыхароў Тымора загінулі ў выніку японскай акупацыі, якая доўжылася да канца вайны ў 1945 годзе.