Тангарэва
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тангарэва (англ.: Tongareva), таксама Пенрын (англ.: Penrhyn), Мангарангара (англ.: Māngarongaro), Тэ-Пітака (англ.: Te Pitaka) — атол у Ціхім акіяне. Уваходзіць у склад Астравоў Кука. Плошча сушы — 9,8 км². Насельніцтва (2016 г.) — 226 чал.
Тангарэва | |
---|---|
англ. Tongareva | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 9,8 км² |
Насельніцтва | 226 чал. (2016) |
Шчыльнасць насельніцтва | 23,06 чал./км² |
Размяшчэнне | |
8°59′59,10″ пд. ш. 157°54′15,40″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Кука |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тангарэва — атол у паўночнай частцы астравоў Кука. Уяўляе сабою замкнёны каралавы рыф працягласцю 77 км з вялікай колькасцю невялікіх астравоў на паверхні. Вышыня сушы над узроўнем акіяна не перавышае 5 м. Унутраная лагуна займае плошчу 233 км².
Клімат экватарыяльны спякотны. Сярэдняя тэмпература на працягу года вагаецца ад +24 °C да +30 °C. Найбольш вільготныя месяцы — снежань і студзень, калі колькасць ападкаў дасягае 180 мм.
Комплекснае навуковае даследаванне 2019 г. паказала, што атолу пагражаюць кліматычныя змены і павышэнне ўзроўню мора, якія выклікаюць эрозію паверхні і паступовае затапленне.
Прырода Тангарэва тыповая для прыэкватарыяльных атолаў Ціхага акіяна. Флора сушы прадстаўлена зараснікамі хмызнякоў і траў. Важную ролю ў экалогіі адыгрываюць плантацыі какосавай пальмы. Фаўна вельмі бедная. Астравы насяляюць крабы, пацукі, казуркі. На малых незаселеных астраўках шмат марскіх птушак.
Лагуна Тангарэва адрозніваецца большай прыроднай разнастайнасцю. Яе насяляюць некалькі відаў рэдкіх каралаў, малюскі, у тым ліку такія, з якіх здабываюць жэмчуг, акулы.
Жыхары Тангарэва складаюць асобны палінезійскі этнас, што адрозніваецца ад маары астравоў Кука мовай і культурнымі асаблівасцямі. Згодна з паданнем, іх продкі прыбылі з Гаваікаў на адным каноэ ў пошуках пандана. Лічыцца, што гэта адбылося ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. На працягу гісторыі назва атола змянялася. Сучасная назва Тангарэва значыць «зямля, што плыве на поўдзень».
Да сярэдзіны XIX ст. асноўнымі заняткамі астравіцян з’яўляліся рыбалоўства і вырошчванне какосаў. У 1853 г. атол быў падзелены на 13 палітычных адзінак хуаанга на чале са спадчыннымі правадырамі-арыкі. Кожная хуаанга мела свой сакральны цэнтр. Тры з іх знаходзіліся ў стане вайны паміж сабою. Значны ўплыў на грамадства аказвалі святары-тау́ра.
Атол быў адкрыты ў 1788 г. брытанцам Вільямам Северам і названы Пенрын у гонар яго карабля (ад вал.: penrhyn «паўвостраў»). Аднак першы кантакт тубыльцаў з еўрапейцамі адбыўся толькі ў 1816 г., калі на Тангарэва спынілася расійская экспедыцыя на чале з Ота Кацэбу. З 1854 г. брытанскія місіянеры займаліся распаўсюджваннем хрысціянства сярод астравіцян. У 1864 г. перуанскія гандляры рабамі падманам вывезлі большую частку насельніцтва для працы на шахтах. Засталося 88 тубыльцаў. Гэтая падзея прывяла да разбурэння традыцыйнай сацыяльнай арганізацыі, рэлігіі і эканамічнага дабрабыту.
У 1888 г. атол быў прыняты пад пратэктарат Вялікабрытаніі. З 1900 г. фармальна падпарадкоўваўся ўраду Новай Зеландыі. З 1965 г. у складзе свабодна асацыяванай дзяржавы Астравы Кука.
У нашы дні насельніцтва Тангарэва жыве ў вёсках Омака і Тэ-Таўтуа. Адміністрацыйны цэнтр месціцца ў вёсцы Омака. Асноўныя заняткі жыхароў: рыбалоўства, вырошчванне на продаж какосаў, здабыча жэмчугу. На атоле дзейнічаюць шпіталь, аэрапорт, 2 школы, навуковы марскі цэнтр. Турызм амаль не развіты з-за аддаленнасці ад Раратонга.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.