Спіс карцін Яна Вермера
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Творчая спадчына нідэрландскага жывапісца Яна Вермера (1632—1675) уключае ў сябе карціны бытавога і рэлігійнага жанру, а таксама два пейзажы. Прадстаўлены ніжэй спіс яго карцін ахоплівае перыяд з 1653 года, калі мастак ажаніўся і ўступіў у Гільдыю Святога Лукі, і да смерці ў 1675 годзе. Спіс падзелены на працы з бясспрэчнай і сумнеўнай атрыбуцыяй.
Пасля смерці мастака яго імя было забыта на два стагоддзі. У 1860 годзе нямецкі арт-крытык Густаў Фрыдрых Вааген[en] атрыбутаваў палатно «Алегорыя жывапісу[en]» як працу Вермера, а ў 1866 годзе французскі арт-крытык Тэафіль Тарэ-Бюргер[en] выдаў каталог прац жывапісца[К 1], адкрыўшы яго для шырокай публікі. Каталог прыцягнуў міжнародную ўвагу, і палотны майстра сталі набывацца калекцыянерамі Еўропы і ЗША і трапляць у дзяржаўныя калекцыі. Пасля гэтага Ян Вермер быў прызнаны, нароўні з Рэмбрантам і Франсам Халсам, тытанам Залатога веку галандскага жывапісу[en][2][1]. Практычна ўсе творы мастака не датаваныя, таму год напісання магчыма вызначыць толькі прыблізна.
Карціны Яна Вермера знаходзяцца ў музеях васьмі краін: Аўстрыі, Вялікабрытаніі (Англіі і Шатландыі), Германіі, Ірландыі, Нідэрландаў, ЗША, Францыі і Японіі. Найбольшая колькасць палотнаў майстра сабрана ў музеях ЗША: 5 прац у Метраполітэн-музеі, 4 — у вашынгтонскай Нацыянальнай галерэі мастацтва, 3 працы захоўвае Калекцыя Фрыка[en] ў Нью-Ёрку, адна праца ўваходзіла ў збор Музея Ізабелы Сцюарт Гарднер[en] (карціна была скрадзена[en] ў 1990 годзе і да гэтага часу не знойдзена) і адна ў прыватнай калекцыі (усяго 14 прац). На радзіме жывапісца ў Нідэрландах яго карціны ўваходзяць у збор Рэйксмюзеума (4 працы) і Каралеўскай галерэі Маўрыцхёйс (3 працы).