СІ (міжнародная сістэма адзінак вымярэння)
From Wikipedia, the free encyclopedia
СІ (SI, фр.: Système International d'Unités) — міжнародная сістэма адзінак, сучасны варыянт метрычнай сістэмы. СІ з’яўляецца самай распаўсюджанай сістэмай адзінак у свеце, як у побыце, так і ў навуцы і тэхніцы. У цяперашні час СІ прынята ў якасці стандартнай сістэмы адзінак большасцю краін свету і амаль заўсёды выкарыстоўваецца ў вобласці навукі, нават у тых краінах, у якіх у побыце выкарыстоўваюцца традыцыйныя адзінкі. У гэтых нешматлікіх краінах (напрыклад, у ЗША), азначэнні традыцыйных адзінак былі зменены — яны пачалі вызначацца праз адзінкі СІ.
СІ шырока ўжываецца ў свеце, як у бытавых вымярэннях (напрыклад, у гандлі), так і ў навуцы[1][2]. Толькі адна прамыслова развітая краіна, ЗША, не выкарыстоўвае метрычную сістэму ў якасці асноўнай у сваёй камерцыйнай дзейнасці і стандартызацыі[3]. Вялікабрытанія афіцыйна прыняла частковае ўвядзенне метрычнай сістэмы, не маючы, аднак, намеру замены сваіх брытанскіх адзінак цалкам. Канада таксама прыняла СІ, але брытанская ці амерыканская сістэма па-ранейшаму дапускаецца законам для выкарыстання, і шырока прымяняецца ў многіх галінах жыцця канадскага грамадства, асабліва ў рознічным гандлі прадуктамі харчавання, будаўніцтве і чыгунцы[4]. У Ліберыі і М’янме таксама шырока выкарыстоўваюцца адзінкі вымярэння брытанскай сістэмы. Гэтыя так званыя імперскія адзінкі з’яўляюцца агульнымі пры вымярэнні дыяметра або дыяганалі многіх рэчаў, напрыклад, роварных колаў, барабанаў, камп’ютарных манітораў і памераў іншых кампанентаў камп’ютара.
Міжнародная сістэма адзінак СІ складаецца з набору адзінак вымярэння і набору кратных і дробных прыставак да іх. Сістэма таксама вызначае стандартныя скарочаныя абазначэнні для адзінак і правілы запісу вытворных адзінак. Сістэма СІ не з’яўляецца нязменнай, яна ёсць набор стандартаў, у якім ствараюцца адзінкі вымярэння і карэктуюцца іх значэнні ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі ў залежнасці ад узроўню сучаснага развіцця вымяральных тэхналогій. Вызначэнні адзінак СІ разглядаюцца і аналізуюцца на Міжнароднай канферэнцыі па мерах і вагах, якая праводзіцца раз на чатыры гады ў Парыжы[5]. Міжнародны стандарт ISO 1000 (ICS 01060) апісвае Міжнародную сістэму СІ і рэкамендацыі па выкарыстанні кратных і вытворных адзінак[6].