Рэферэндум пра статус Крыма (2014)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэферэндум пра статус Крыма (укр.: Референдум про статус Криму, руск.: Референдум про статус Крыма, крымскатат.: Къырым статусы референдумы) — нелегітымны[1][2][3] сфальсіфікаваны псеўдарэферэндум аб статусе Крыма з загадзя сфармаванымі вынікамі і завышанай яўкай[4][5], адбыўся 16 сакавіка 2014 года[6][7]. Быў прызначаны 27 лютага Вярхоўным Саветам Крыма; першапачаткова быў запланаваны на 25 мая пасля дату правядзення перанеслі на 30 сакавіка[8], а затым — на 16 сакавіка. На рэферэндуме было зададзена два пытанні: аб аднаўленні Канстытуцыі Крыма 1992 года і аб уваходжанні Крыма ў склад Расіі. ААН, СНД, ЕС і АБСЕ сваіх афіцыйных назіральнікаў не дасылалі[9][10][11].
На рэферэндуме былі зададзены пытанні:
- Аб уваходжанні Крыма ў склад Расіі на правах суб’екта Расійскай Федэрацыі.
- Аб аднаўленні Канстытуцыі Рэспублікі Крым ад 1992 года і пакіданні Крыма ў складзе Украіны.
Псеўдарэферэндум быў праведзены з дапамогай расійскіх войскаў[12] і рускіх казачых атрадаў. Па сведчанні ўдзельніка падзей Ігара Гіркіна дэпутатаў Вярхоўнага Савета Крыма прымаць рашэнні для ўваходжання паўвострава ў склад Расіі прымушалі «апалчэнцы» пры падтрымцы БТР рускай марской пяхоты[13]. Праваахоўныя органы Крыма і падраздзяленні Узброеных Сіл Украіны, размешчаныя на паўвостраве, не спрыялі далучэнню да Расіі.
Паводле абвешчаных арганізатарамі вынікаў рэферэндуму, за далучэнне да Расіі ў Крыме (акрамя Севастопаля) нібыта прагаласавала 96,77 % удзельнікаў галасавання[14] у Севастопалі — 95,6 %. На сайце Савета пры Прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека на кароткі час з’явілася інфармацыя, што ў рэферэндуме ўдзельнічала не больш за 30 %, з якіх каля 50 % выказалася за далучэнне да Расійскай Федэрацыі[15][16], дадзеныя аб 30-40 працэнтнай яўцы апублікаваў і Меджліс крымскататарскага народа[17].
У Севастопалі праходзіў асобны рэферэндум, паколькі горад не ўваходзіць у Аўтаномную Рэспубліку Крым.