From Wikipedia, the free encyclopedia
«Пінская шляхта» — п’еса класіка беларускай літаратуры, майстра камічнага жанру Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча[1] (фарс-вадэвіль у адной дзеі[2]). Напісана ў 1866 годзе, першая публікацыя з’явілася ў 1918 годзе ў часопісе «Вольная Беларусь» (№ 30-31)[3], у беларускім перакладзе Язэпа Лёсіка[4].
«Пінская шляхта» | |
---|---|
Жанр |
п’еса камедыя |
Аўтар | Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1866 |
Дата першай публікацыі | 1918 |
Электронная версія | |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
П’еса была напісана ў 1866 годзе. Дзеянне адбываецца ў часы жорсткай рэакцыі, якая наступіла ў Беларусі і Польшчы пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, асноўнай рухальнай сілай якога была шляхта. Асобныя кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання былі павешаны, расстраляны, дзясяткі тысяч трапілі ў турмы, на катаргу. Нават за спачуванне паўстанцам, спяванне гімнаў або чытанне паўстанцкіх пракламацый ссылалі ў Сібір, як гэта здарылася з дачкой Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Камілай.
Рэзка павялічыўся клас царскіх чыноўнікаў. Іх патрэбна было ўтрымліваць у асноўным сялянскай працай. Чыноўніцтва зрабілася нахабным, стала займацца паборамі, не баялася адкрыта браць хабары. Рэпрэсіі закранулі і Заходняе Палессе, дзе адбываецца дзеянне п’есы. Гратэскна пісьменнік паказвае не столькі «цемнату» пінскай шляхты, колькі яе запалоханасць.[5]
Паводле вызначэння аўтара жанр п’есы вызначаецца як «фарс-вадэвіль у 1-й дзеі».
Вадэвіль — гэта аднаактовы лёгкі камедыйны твор з займальнай інтрыгай, анекдатычным парадаксальным сюжэтам, дынамічнымі дыялогамі, песнямі, часам танцамі і шчаслівай развязкай. Усё гэта прысутнічае ў «Пінскай шляхце».
Слова «фарс» паказвае, што ў вадэвілі вострая камедыйнасць павінна «напаўняцца» жыццёвай злабадзённасцю, рэалістычнай канкрэтнасцю, нават вальнадумствам. Многае з гэтага маецца і ў «Пінскай шляхце».
Відавочная сатырычная скіраванасць фарса-вадэвіля. Пісьменнік на першы погляд лёгка падсмейваўся з абмежаванасці, запалоханасці засцянковай шляхты, гратэскна, шаржыравана жартаваў з царскага чынавенства. Але за падсмейваннем і жартамі былі сатырычныя кпіны і выкрыццё тыповых з’яў тагачаснай рэчаіснасці. Нават вадэвільныя песні ў творы — не заўсёды любоўныя рамансы, але і сатырычныя куплеты.
Пінская ваколічная шляхта
«Пінская шляхта» — гэта гарэзлівая, смешная і, адначасова, пазнавальная гісторыя на тэму жыцця мясцовай беларускай шляхты. У ёй апавядаецца пра фанабэрыстых і пыхлівых дробных шляхцюкоў, якія па свайму матэрыяльнаму становішчу і ладу жыцця не нашмат адрозніваюцца ад сялян. Але, нягледзячы на тое, яны для сябе лічаць найвялікшай абразай, калі іх хтосьці называе «мужыкамі». І пры ўсёй іх фанабэрыстасці яны баяцца начальства, тых, хто мае над імі ўладу.
Два збяднелыя, але ганарыстыя шляхціцы з Піншчыны, Ціхон Пратасавіцкі і Іван Цюхай-Ліпскі, «п’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва», бо другі назваў першага «мужыком». Сварка бацькоў пагражае шлюбу закаханых дзяцей — дачкі Пратасавіцкага Марысі і сына Цюхай-Ліпскага Грышкі. Куторга, шасцідзесяцігадовы «кавалер», хоча ўзяць замуж 17-гадовую Марысю, а за гэта гатоў «крыва» сведчыць на карысць Ціхона Пратасавіцкага. Але на разбор справы прыязджае станавы прыстаў Кручкоў, і ўсё канчаецца шчасліва: шляхціцы мірацца, дзяцей бласлаўляюць да шлюбу, і ўсе радасна танцуюць, спяваюць.
У п’есе В. Дунін-Марцінкевіч высмейвае царскі суд, бюракратызм і хабарніцтва чыноўнікаў, якія самі ж і парушаюць усе магчымыя законы, якія яны прадстаўляюць, і выносяць абсурдныя прыгаворы[2][3][6].
Станавы прыстаў Кручкоў, якога палешукі называюць «Найяснейшая Карона» (гэты зварот афіцыйна прымяняўся толькі ў дачыненні да манарха), піша і тут жа чытае пастановы і «следства» і «суда», звяртаючыся да царскіх «указаў» і «законаў» Статута Вялікага Княства Літоўскага. «Як ён, на нашу бяду, усе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца, хрэн яму ў вочы!» — здзіўляецца Пратасавіцкі, не задумваючыся нават, што дзеянне Статута ВКЛ у Беларусі было адменена яшчэ ў 1840 годзе, а расійскія цары Пётр І, Кацярына ІІ і Елізавета Пятроўна, якія жылі ў ХVІІІ стагоддзі, ніяк не маглі выдаць свае ўказы ў 1895, 1903 і нават у… 1988 гадах. Страх настолькі паралізаваў свядомасць пінскай шляхты, што яна нават не разумее, у якім стагоддзі жыве або што ў месяцы не можа быць больш чым 31 дзень (у вуснах жа Кручкова гучыць і «49 апреля», і «марта 69 дня», і «октября 45 числа»).
Кручкоў з дапамогай пісарчука Пісулькіна абсурднымі штрафамі абірае запалоханую пінскую шляхту да ніткі. Не толькі ўдзельнікам бойкі, але і яе сведкам, нават тым, хто бойкі не бачыў, прысуджаецца кара і вялікі штраф:
Обжалованный Протосовицкий имеет зараз же уплотить пошлин 20, прогонных 16 и на канцелярию 10 рублев. Жалующийся Липский в половине того, сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, — по 9 рублев, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, — па 3 рублі. Плаціце!» Гэта — з пастановы «суда». Але ж пасля «суда» зачытваецца яшчэ «дэкрэт». Паводле яго «Тихону Протосовицкому, как уголовному преступнику, назначается: 1) 25 лоз на голой земле без дывана и 2) штрафа 25 руб. в пользу временного присутствия; Ивану Тюхаю-Липскому, как нанесшему личное оскорбление Протосовицкому, назначается: 1) 15 лоз на дыване и 2) 15 руб. штрафа в пользу временного присутствия; свидетели, которые видели драку и не разняли дерущихся, — 1) по 10 лоз на дыване и по 10 руб. штрафа в пользу временного присутствия; всей прочей шляхте, которая не видела, а тем самым не могла и разнять дерущихся, назначается: 1) по пять лоз на дыване и 2) по пять руб. штрафа в пользу того же присутствия. |
Дэталі «на голай зямлі без дывана» і «на дыване» — красамоўныя. Лічылася вялікай абразай, калі шляхціца каралі розгамі, паклаўшы яго на голую зямлю, без посцілкі. Маёмасны стан цяперашняй пінскай шляхты не адрозніваецца ад навакольных сялян, але фанабэрыя, ганарыстасць засталіся. «Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі», — кажа Пратасавіцкі і просіць у пісарчука Пісулькіна парады, як «ад лазы пазбавіцца». Ведаючы тарбахвата і кручкатвора (адсюль — і прозвішча персанажа) Кручкова, той раіць: «Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца?» Кручкоў, зразумела, на хабар «паквапіўся».
У «Пінскай шляхце» развязка супадае з завязкай наступнага дзеяння. Кручкоў, імкнучыся да нажывы, пры сваім ад’ездзе страўлівае яшчэ адну пару пінскай шляхты. Ён адводзіць убок Альпенскага і паведамляе, што Статкевіч адмаўляе яму ў праве называцца шляхціцам. Затым падыходзіць да Статкевіча і кажа: «Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком». Статкевіч раз’юшыўся: «Ён смеў назваць мяне мужыком?! Мне сам Юры Кабылінскі[7] падпісаў грамату — дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва!». Зноў пачынаецца бойка. Калі ж Ліпскі просіць Кручкова разняць «дерущихся», «а то і з вас штраф будзе належыць», той адказвае: «Не ка мне, не ка мне, — няхай у суд падаюць, тагды прыеду на следства! Бывайце здаровы!» І з Пісулькіным пакідае пінскую шляхту ў надзеі на новы прыезд, на новы добры «ўлоў». Апрача іншага, у гэтай сцэне бачна, з чаго пачала разгортвацца інтрыга твора, як завязваўся яго сюжэт.
У творы 9 песень. Гэта арыі Марысі (з’явы 1-я і 9-я), Куторгі (з’явы 4, 5, 6-я і апошняя), дуэты Марысі і Грышкі (з’ява 2-я), Марысі і Куторгі (з’ява 6-я).
Аўтэнтычны тэкст напісаны на рускай мове — прозвішчы дзеючых асоб, усе аўтарскія рэплікі і заўвагі — і заходнепалескім (пінскім) дыялекце — маналогі і дыялогі дзеючых асоб, радкі песень. Тым самым драматург адчувальна ўзмацніў рэалістычны пачатак твора.[5]
На думку прафесара Лепешава, мова пінчукоў у пачатковым тэксце п’есы несапраўдная, скажоная аўтарам, каб наблізіць яе гучанне да ўкраінскай, што, у сваю чаргу, было патрэбна, каб абысці забарону Аляксандрам II друку па-беларуску; а друкаваны варыянт 1918 году гэта ўжо пераклад Язэпа Лёсіка.[4]
В. Дунін-Марцінкевіч стылізаваў мову сваіх персанажаў пад вядомы яму пінскі дыялект. Літаратурную норму мове твора прыдаў на пачатку ХХ стагоддзя («апрацаваў») Янка Купала[5]. Пры гэтым мова персанажаў індывідуалізавана. Так, Кручкоў гаворыць своеасаблівай «трасянкай», мешанінай мясцовых слоў і слоў рускай мовы. Мова Куторгі вызначаецца народным каларытам, багаццем ідыём, прыказак і прымавак («даганяючы не нацалавацца»; «здаровы, як рыжык баровы»; «калі абора цячэ — гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ — гаспадар з хаты ўцячэ»; «млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе» і г.д.).
Беларускі літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч адзначыў: «Галоўная сіла, што рухае развіццё сюжэта камедыі (фарса-вадэвіля) Дуніна-Марцінкевіча, — страх. Абодва бакі выдатна разумеюць вынікі непадпарадкавання царскім указам, былым і існуючым. Прыстаў Кручкоў для пыхлівай шляхты ні больш, ні менш — "Найяснейшая Карона". Паважным зваротам драматург нібы падкрэсліваў сувязь паміж дробным судовым кручкатворам і самадзержцам, што трымаў у страху ўсю імперыю»[8].
Беларускі літаратар Альгерд Бахарэвіч называе Дуніна-Марцінкевіча з яго «Пінскай шляхтай» Эмірам Кустурыцам беларускай літатурнай класікі: «Тут табе і шляхціцы з тэмпэрамэнтам ня горшым, чым у балканскага цыгана — зь любой нагоды гатовыя даць у пысу, пусьціць сьлязу або пусьціцца ў скокі, тут і эротыка па загуменьнях, і інтрыгі на фоне пастаральных краявідаў, і прыродны, нязьменны, як зорнае неба над галавой, хабар, і п’янства пад раблезіянскую закуску, і шчымлівасьць фанэрных скрыпак: шчасьце абсалютнай самадастатковасьці. І, вядома, тут жа і дзяржава, абсалютна бясьсільная супраць усяго гэтага стракатага карнавалу, бо яе ўласныя чыноўнікі-бюракраты ня толькі не замінаюць пераможнаму шэсьцю вясёлага хаосу — гэты карнавал на іх і трымаецца»[9].
Беларускі гісторык і этнолаг Андрэй Раюк указаў: «Камедыя "Пінская шляхта" стварае вобраз утульнага дома, выказвае аўтарскую пазіцыю на грамадскія працэсы ў нацыянальна-патрыятычным духу і цікава, лёгка, непрымусова маніфестуе станоўчыя нацыянальныя і традыцыйныя кансерватыўныя каштоўнасці: гарманічная сям’я, добразычлівасць да суседзяў і таварыскасць, працавітасць, набожнасць, шанаванне нацыянальнай гістарычнай традыцыі, выбарнасць улад, справядлівы суд, свабода волі і творчасці, пазітыўны позірк на свет (радасць быцця), роўнасць адносін мужчын і жанчын»[10]. Паводле ацэнкі Андрэя Раюка, «Пінская шляхта» — гэта твор аб гонары і годнасці, якія беларускае прывілеяванае саслоўе імкнецца захаваць, гэтак жа як і іншыя свае станоўчыя традыцыйныя кансерватыўныя і нацыянальныя каштоўнасці, у сітуацыі сустрэчы і судакранання ў Беларусі дзвюх культур: «Фарс-вадэвіль "Пінская шляхта" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца цудоўным мастацкім творам, які ўдала і цікава выказаў галоўную сутнасць свайго гістарычнага перыяда — сустрэчу і судакрананне дзвюх культур у Беларусі (мясцовых традыцый ВКЛ і Рэчы Паспалітай і традыцый Расійскай імперыі). Паводле ацэнкі Марцінкевіча, першыя вынікі гэтага этнічнага і цывілізацыйнага кантакта на працягу першай паловы XIX ст. цяжка назваць сімбіёзам ці сугуччам, хоць, як адлюстроўвае беларускі літаратар у некаторых сваіх творах (напрыклад, "Халімон на каранацыі"), мясцовай шляхтай рабіліся спробы знайсці прымальную форму суіснавання з рускім дваранствам і царом пры захаванні сваёй уласнай ідэнтычнасці і культуры. "Пінская шляхта" з’яўляецца мясцовай першакрыніцай і вельмі сімвалічным творам, які прама ці алегарычна перадае атмасферу ў беларускім грамадстве ў ходзе адаптацыі яго да новых умоў існавання і яго жаданне захаваць сваю этнічную самасць і культурную самабытнасць. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч паказвае вядучую ролю свецкай шляхты ў беларускім грамадстве і ў патрыятычных намерах заклікае яе да адзінства»[11].
П’еса «Пінская шляхта» В. Дуніным-Марцінкевічам была напісаная ў 1866 годзе. Пры жыцці аўтара яна не друкавалася. Нават калі ў канцы ХІХ стагоддзя М. Доўнар-Запольскі захацеў змясціць фарс-вадэвіль у сваім «Календаре Северо-Западного края» на 1890 год, ад царскага цэнзара ён атрымаў наступнае заключэнне: «По моему мнению, подобное произведение, в коем в неприглядном свете выставляется личность должностного лица, станового пристава, который к этому везде называется „найяснейшая корона“, вряд ли удобно помещать в каком-либо издании, а в особенности в таком, как календарь, который предназначается для распространения в среде местного населения».
Упершыню твор быў надрукаваны толькі ў 1918 годзе ў часопісе «Вольная Беларусь» (№ 30-31). Другое выданне «Пінскай шляхты» было здзейснена ў 1923 годзе.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва захоўваецца выданне п’есы, выпушчанае ў Польшчы (Беласток, 1958)[3].
П’еса ставіцца на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, рэжысёр М. Пінігін; у пастаноўцы гэтага рэжысёра спектакль у перакладзе на польскую мову ідзе і на варшаўскай сцэне[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.