From Wikipedia, the free encyclopedia
Піла́д (стар.-грэч.: Πυλάδης) — персанаж старажытнагрэчаскай міфалогіі траянскага цыклу[1]; факідскі царэвіч, сын цара Строфія[2] і Анаксібіі, дачкі Атрэя і сястры Агамемнана і Менелая[3][4]. Ён найбольш вядомы сваім моцным сяброўствам са дваюрадным братам Арэстам, сынам Агамемнана.
Пілад | |
---|---|
стар.-грэч.: Πυλάδης | |
| |
Міфалогія | старажытнагрэчаская |
Грэчаскае напісанне | Πυλάδης |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Строфій |
Маці | Анаксібія, Кідрагора або Астыёха |
Брат | Арэст (стрыечны) |
Сястра | Астыдамія |
Жонка | Электра |
Дзеці | Медонт, Строфій |
Звязаныя персанажы | Арэст, Іфігенія |
У іншых культурах | Pylade[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пілад — дзеючая асоба трагедый Эсхіла «Хаэфоры», Сафокла «Электра» і «Хрыс», Пакувія «Хрыс», Сенекі «Агамемнан» і эўрыпідавых «Электра», «Арэст» і «Іфігенія ў Таўрыдзе».
Паводле адной з версій, Пілад усталяваў дэльфійскую амфіктыёнію[5].
Падчас свайго таемнага рамана з Эгісфам мікенская царыца Клітэмнестра адправіла свайго сына Арэста ў Факіду. Там царэвіч выхоўваўся разам са сваім дваюрадным братам Піладам, які стаў яго найбліжэйшым сябрам. У гэты ж час, пакуль Арэст знаходзіўся ўдалечыні ад дома, Клітэмнестра забіла свайго мужа, бацьку Арэста — цара Агамемнана.
Праз гады, дарослы Арэст вяртаецца ў Мікены, каб адпомсціць за забойства Агамемнана. З дапамогай свайго вернага сябра Пілада ён забівае сваю маці Клітэмнестру і яе палюбоўніка Эгісфа. У гэтым ім дапамагае таксама арэстава сястра Электра. Хоць Пілад здаецца другарадным дзеячам, ён, мабыць, найважнейшая частка плана Арэста па помсце за бацьку. У «Хаэфорах», другой п’есе трылогіі Эсхіла «Арэстэя», Пілад прамаўляе рэпліку толькі раз. Ён загаворвае тады, калі Арэст пачынае вагацца і сумнявацца ў сваім рашэнні забіць сваю маці. Менавіта Пілад пераконвае Арэста прытрымлівацца помсты і ўчыніць забойства. Значэнне слоў Пілада спарадзіла мноства здагадак, ці магчыма, што ён увасабляе нешта большае, чым проста чалавека побач з Арэстам. Магчыма, ён выконвае ролю боскага заахвочвання або ўвасабляе лёс[6].
У іншых трактоўках міфа пра помсту Арэста і Электры (у «Электры» Сафокла і «Электры» Эўрыпіда) Пілад суправаджае Арэста, але не кажа ні слова. У п’есе Сафокла Арэст прыкідваецца мёртвым, а Пілад нясе Клітэмнестры ўрну, нібы з прахам свайго сябра.
Паводле Паўсанія, Пілад забіў двух сыноў Наўплія (Оякса і Наўсімедона), якія прыйшлі на дапамогу Эгісфу[7].
Пілад вяртаецца на радзіму, але яго выганяе бацька за саўдзел у злачынстве. Ён зноў далучаецца да Арэста і дапамагае яму распрацаваць план, каб пазбегнуць пакарання смерцю. Пасля таго, як дзядзька Арэста, Менелай, адмаўляецца абараніць яго, яны робяць спробу забіць жонку Менелая — Алену. Аднак дзякуючы ўмяшанню багоў іхняя задума правальваецца. Затым яны бяруць у заложніцы Герміёну, дачку Алены і Менелая. Урэшце, з’яўляецца Апалон, бог-заступнік Арэста, каб вырашыць сітуацыю. Ён дае ўсім указанні, у тым ліку загадвае Піладу ажаніцца на Электры, сястры Арэста. Многія з гэтых падзей апісаны ў п’есе Эўрыпіда «Арэст».
Пілад адыгрывае важную ролю ў іншай п’есе Эўрыпіда — «Іфігенія ў Таўрыдзе». Каб пазбегнуць пераследаў багінь помсты эрыній, Апалон загадвае Арэсту адправіцца ў Таўрыду (старажытнагрэчаская назва Крыму) забраць статую Артэміды, што ўпала з неба, і даставіць яе ў Афіны. Арэст адпраўляецца ў Таўрыду разам з Піладам, і абодва тут жа аказваюцца ў палоне мясцовых таўраў, у якіх існуе звычай прыносіць у ахвяру Артэмідзе ўсіх чужакоў. Арэста ахоплівае вар’яцтва праз страх перад варварамі; Пілад клапоціцца пра яго, паводзячы сябе, як апісвае Лукіян у сваім творы «Два віды любові», «не толькі як любімы друг, але і як бацька». Таўрыдская жрыца Артэміды, якой даручана здзейсніць ахвярапрынашэнне, прапануе вызваліць Арэста, калі той даставіць у Грэцыю яе ліст. Арэст адмаўляецца сыходзіць і просіць Пілада ўзяць ліст, у той час як сам застанецца на разарванне. Урэшце, Пілад згаджаецца, і дзякуючы лісту Арэст пазнае ў жрыцы сваю страчаную ў раннім дзяцінстве сястру — Іфігенію, пасля чаго раскрывае ёй сваю асобу. Усе трое разам збягаюць, захапіўшы з сабой статую Артэміды.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.