Плошча Якуба Коласа
From Wikipedia, the free encyclopedia
Плошча Якуба Коласа (да 1956 — Камароўская) — плошча ў Першамайскім раёне Мінска, размешчана на скрыжаванні праспекта Незалежнасці з вуліцай Якуба Коласа. У цэнтры плошчы — помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу, справа і злева ад яго — скульптуры герояў яго твораў. Каля паловы плошчы займае сквер з фантанамі. Пад плошчай размешчана аднайменная станцыя метро.
Да плошчы прымыкаюць вуліцы Якуба Коласа, Чырвоная, Залатая Горка, Веры Харужай, Бульвар Мулявіна. З усходу паміж Праспектам Незалежнасці (Скарыны) і вул. Я. Коласа знаходзіцца былы будынак Універсітэта фізкультуры.
На поўначы — Мінскае вытворчае аб'яднанне вылічальнай тэхнікі і былы будынак Мінскага паліграфкамбіната імя Я. Коласа. На захадзе — жылы будынак, які змяшчае былое памяшканне кафэ «На ростанях». На бульвары Мулявіна на поўдні — Дзяржаўная філармонія, каля яе — крамы ЦУМ «Мінск», жылыя дамы з гастраномам «Радзівілаўскі», «Лянок», «Садавіна-гародніна» перабудаваная ва ўніверсам.