From Wikipedia, the free encyclopedia
Патрык (Пэт) Куінлан (ірл.: Patrik Quinlan; 1919—1997) — афіцэр ірландскай арміі, камандаваў ірландскімі міратворцамі падчас аблогі Жадавіля ў кангалезскай правінцыі Катанга ў верасні 1961 года. Байцы Куінлана, па прычыне недахопу боепрыпасаў і іншых рэсурсаў, былі вымушаны здацца, з-за чаго яго рэпутацыя моцна пацярпела. Аднак пасля смерці ваеннага праведзена падрабязнае вывучэнне тых падзей, і яго дзеянні былі апраўданы[1][2].
Патрык Куінлан нарадзіўся ў 1919 годзе ў Рынераге, графства Кэры[3][1]. Скончыў школу ў суседнім Лохеры[3]. У яго і яго жонкі Кармэль быў сын Лео, якому на момант падзей у Жадавіле было 16 гадоў. Пазней Лео, як і яго бацька, стаў вайскоўцам[3][4].
Аблога Жадавіля адбылася ў верасні 1961 года падчас ўмяшання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у канфлікт у Конга (сучаснае ДРК).
Рота «А» 35-га батальёна міратворчага кантынгенту ONUC ірландскай арміі пад камандаваннем каменданта Куінлана падвергнулася нападу войск самаабвешчанай Дзяржавы Катанга. Лёгкаўзброеная рота Куінлана акапалася ў горадзе Жадавіль (сучасны Лікасі), дзе на працягу шасці дзён адлюстроўвала атакі праціўніка. Спробы па дэблакаванні акружаных не ўвянчаліся поспехам.
Падчас баёў пяцёра з роты Куінлана былі паранены, у той час як войскі Катангі і замежныя найміты страцілі да 300 чалавек забітымі і ад 300 да 1000 параненымі. Аднак з-за недахопу боепрыпасаў, запасаў вады і ежы Куінлан прыняў рашэнне здацца[5].
На працягу прыкладна аднаго месяца ірландцы знаходзіліся ў палоне, пакуль іх не абмянялі на зняволеных сепаратыстаў. Пасля вызвалення рота «А» была вернута на сваю базу ў Элізабетвілі. Праз некаторы час байцы Куінлана зноў прынялі ўдзел у баявых дзеяннях[6]. У снежні таго ж года рота «А» была вернута дадому ў Ірландыю[7].
Урад Ірландыі не надаваў асаблівага значэння бітве за Жадавіль, і ні адзін ірландскі салдат не атрымаў ніякіх узнагарод за ўдзелу ў тых баях. Больш за тое, у вачах грамадскасці міратворцы паўсталі як трусы і здраднікі, паколькі здалі горад сепаратыстам[8]. Куінлан прапанаваў кіраўніцтву прадставіць некалькіх байцоў, якія ўдзельнічалі ў аблозе, да Ваеннай медалі за доблесць, вышэйшай вайсковай узнагароды Ірландыі.
Куінлан больш ніколі не выпраўляўся ў замежныя камандзіроўкі. Пасля 40 гадоў службы ў Ірландскай арміі ён пайшоў у адстаўку ў званні палкоўніка[4].
Патрык памёр у 1997 годзе, не падазраючы, што яго рэпутацыя будзе адноўлена праз дзевяць гадоў пасля яго смерці[2]. Яго жонка Кармэль таксама не дажыла да афіцыйнай рэабілітацыі і памерла праз два гады пасля смерці мужа[3].
Ветэраны аблогі Жадавіля былі незадаволены адмовай камандавання прызнаць іх подзвіг і ачарненнем рэпутацыі іх камандзіра[2]. Пасля працяглай кампаніі за прызнанне, у 2004 годзе тагачасны міністр абароны Вілі О’Ды пагадзіўся правесці дэталёвае вывучэнне тых падзей. Расследаванне міністэрства абароны зняло з Куінлана і роты «А» абвінавачванні ў правінах і баязлівасці. У 2005 годзе на тэрыторыі казармаў у Атлане быў узведзены памятны камень у знак удзячнасці байцам роты «А» 35-га батальёна[9].
Тактыка Куінлана ў Жадавіле паўплывала на наступныя навучальныя праграмы[10] і была занесена ў ваенныя падручнікі ўсяго свету як лепшы прыклад абароны па перыметры[1].
У фільме «Аблога Жадавіля» (2016), па матывах кнігі Дэклана Паўэра «Аблога Жадавіля: забытая бітва ірландскай арміі» (2005)[11], ролю каменданта Куінлана выконвае Джэймі Дорнан[12]. Яго жонку Кармэль гуляе Фіёна Глэскот[13]. Сын Куінлана, Лео, заявіў, што Дорнан меў моцнае падабенства з яго бацькам і правільна сыграў яго ва ўсім, акрамя дыялекта графства Кэры, які быў настолькі моцным, што «калі б ён пачаў размаўляць з акцэнтам майго бацькі, вам спатрэбіліся б субтытры»[3]. Унук Куінлана, Конар, быў удзельнікам здымачнай групы[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.