Краб-разбойнік, пальмавы злодзей (Birgus latro) — від дзесяціногіх ракападобных з надсямейства ракаў-пустэльнікаў.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Дасягае ў даўжыню 35 см пры масе да 4 кг. Прыстасаваўся да жыцця на сушы. Жабры рэдукаваныя. У дыханні ўдзельнічаюць гронкападобныя вырасты сценак жаберных поласцей, размешчаных пад карапаксам. Развіты органы абаяння.
Распаўсюджаны на трапічных астравах Індыйскага і ў заходняй частцы Ціхага акіяна. Днём крабы хаваюцца ў норах, якія пакідаюць толькі ноччу.
Дарослыя асобіны жывуць на сушы, для размнажэння вяртаюцца да марской вады. Маладыя асобіны нагадваюць ракаў-пустэльнікаў: хаваюць мяккае брушка ў пустыя ракавіны малюскаў. Пасля некалькіх лінек шчыткі брушка цвярдзеюць, брушка падгінаецца пад грудзі (асобіны вонкава робяцца падобнымі на крабаў), і жывёліны пакідаюць ракавіну.
Кормяцца пладамі пальм (адсюль назва), падаллю, драпежнічаюць, нападаючы на аслабленых жывёл. Актыўныя ўначы. Схованкі (шчыліны між камянямі, вырытыя ў пяску ямкі і інш.) высцілаюць раслінным матэрыялам, які захоўвае павышаную вільготнасць. Моцныя кляшні дазваляюць пальмаваму злодзею падымацца па ствалах дрэў.
Для размнажэння самка ідзе ў мора, дзе з аплодненых яец выходзяць лічынкі. Лічынкі, што вылупіліся з яец, асядаюць на дно. Цераз 2–3 месяцы выходзяць у зону прыліва, а затым поўнасцю губляюць сувязь з морам.
Мяса рака ўжываюць у ежу.
Від занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.
- Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мінск : Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6