Архітэктурны ордар
From Wikipedia, the free encyclopedia
Архітэктурны ордар (лац.: ordo — рад, парадак) — тып архітэктурнай кампазіцыі, які выкарыстоўвае пэўныя элементы і падпарадкоўваецца пэўнай архітэктурна-стылявой апрацоўцы. З’яўляецца ўвасабленнем стойкава-бэлечнай сістэмы, якая тэктанічна складаецца з вертыкальных (калоны, пілястры) і гарызантальных (антаблемент) элементаў. З’явіўся ў Старажытнай Грэцыі. Назва ордар паходзіць ад лацінскага «ordo» — рад, парадак, упершыню было ўжыта тэарэтыкам архітэктуры другой паловы I стагоддзя да н. э. Вітрувіем, аўтарам трактата «Дзесяць кніг пра архітэктуру».
Адрозніваюць пяць класічных ордараў: дарычны, іанічны і карынфскі ўзніклі ў Старажытнай Грэцыі, тасканскі і кампазітны — у Старажытным Рыме. Карынфскі ў Старажытнай Грэцыі амаль не ўжываўся і стаў распаўсюджаны ў Старажытным Рыме.
Таксама даследчыкі завуць ордарамі іншыя каноны ў стылявым рашэнні архітэктуры, напрыклад гіганцкі ордар (калоны праз некалькі паверхаў) ці раскрапаваны ордар (калоны перад фасадам трымаюць толькі адрэзкі антаблементу, але не нясуць усю яго нагрузку).