Нацыянал-сацыялістычная прапаганда
From Wikipedia, the free encyclopedia
Нацыянал-сацыялістычная прапаганда — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП). Падобная прапаганда падчас Веймарскай рэспублікі была накіравана на захоп улады ў краіне, у часы нацыянал-сацыялізму яна служыла ўмацаванню палітычнай улады. У змястоўным плане прапаганда нацыянал-сацыялістаў канцэнтравалася ўсяго на некалькіх тэмах, якія яны ператваралі ў запамінальныя лозунгі, апелюючы да пачуццяў насельніцтва.
Яна прытрымлівалася ключавых прапагандысцкіх прынцыпаў, выкладзеных Адольфам Гітлерам яшчэ ў 1924 годзе ў сваёй праграмнай працы «Майн кампф»: «Менавіта ў тым і складаецца мастацтва прапаганды, што яна, спасцігаючы пачуццёвы свет уяўленняў вялікай масы насельніцтва, у псіхалагічна правільнай форме знаходзіць шлях да ўвагі, а затым і да сэрца шырокіх мас»[1].
Галоўнымі тэмамі нацыянал-сацыялістычнай прапаганды былі расізм і антысемітызм, ідэалогія «адзінага нямецкага народа» і ваеннай гераічнасці, вобраз нацыянал-сацыялістычнай жанчыны і безумоўны культ фюрара. Цэнтральнае месца ў нацыянал-сацыялістычнай прапагандзе займала палітыка ў вобласці кіно. Вядучую ролю адыгралі таксама масавыя грамадскія мерапрыемствы і маршы, школьнае выхаванне і ўласныя арганізацыі — гітлерюгенд і Саюз нямецкіх дзяўчын, а таксама матэрыяльныя палёгкі насельніцтву.
Галоўным органам па распаўсюджвання і кантролю нацыянал-сацыялістычнай прапаганды з'яўлялася кіруемае міністрам прапаганды Іозефам Гебельсам Рэйхсміністэрства народнай асветы і прапаганды.