Мора
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мо́ра — частка акіяна, больш-менш адасобленая ад яго сушай або ўзвышэннямі падводнага рэльефу. Адрозніваецца ад адкрытай часткі акіяна наяўнасцю ўласнага гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў. Паводле ступені адасобленасці і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму моры падзяляюцца на ўнутраныя ўскраінныя моры і міжастраўныя моры, паводле геаграфічнага становішча — на міжмацерыковыя моры і ўнутрымацерыковыя моры. Ад замкнёнасці мора сушай залежыць гідралагічны рэжым, салёнасць вады, сезонныя ваганні тэмпературы паветра і вады на паверхні мора. Перавага цыкланічных вятроў над морам абумоўлівае перавагу ў іх цыкланічных цячэнняў. Арганічны свет мора больш разнастайны і багаты эндэмікамі, чым у адкрытых частках акіяна. Умоўна морам называюць таксама адкрытыя часткі акіяна, якія вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі (Саргасава мора ў Атлантычным акіяне з вялікай масай водарасцей — саргасаў), асобныя вадасховішчы (Мінскае мора), і, наадварот, некаторыя моры называюць залівамі (Мексіканскі, Гудзонаў, Персідскі і інш.)