Краманьёнец
From Wikipedia, the free encyclopedia
Краманьёнец, неаантрап (фр.: Homme de Cro-Magnon — краманьёнскі чалавек) — ранні прадстаўнік сучаснага чалавека ў Еўропе і часткова за яе межамі, які жыў 40—12 тысяч гадоў таму (перыяд верхняга палеаліту). Краманьёнцы з’явіліся значна пазней за неандэртальцаў і нейкі час суіснавалі з імі (40—30 000 гадоў таму). Па знешняму выгляду і фізічнаму развіццю фактычна нічым не адрозніваліся ад сучаснага чалавека.
Тэрмін «краманьёнец» можа азначаць у вузкім сэнсе толькі людзей, выяўленых у пячоры Кра-Маньён і жыўшых вакол яе 30 000 гадоў таму; у шырокім сэнсе гэта ўсё насельніцтва Еўропы ці ўсяго свету эпохі верхняга палеаліту (40—10 000 гадоў таму)[1].
Колькасць дасягненняў, змен у сацыяльнай арганізацыі жыцця краманьёнца была настолькі вялікай, што ў некалькі разоў пераўзыходзіла колькасць дасягненняў пітэкантрапа і неандэртальца, узятых разам. Краманьёнцы атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў вялікі актыўны мозг і дастаткова практычную тэхналогію, дзякуючы чаму ў адносна кароткі тэрмін зрабілі небывалы крок наперад. Гэта праявілася ў эстэтыцы, развіцці зносін і сістэм сімвалаў, тэхналогіі вырабу прылад працы і актыўным прыстасаванні да знешніх умоў, а таксама ў новых формах арганізацыі грамадства і больш складаным падыходзе да суродзічаў.