![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/37/Wilson1900Fig2.jpg/640px-Wilson1900Fig2.jpg&w=640&q=50)
Клетка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кле́тка (лац.: cellula), сустракаецца цэ́ля[1], ву́за[2], камо́рка[3] — структурна-функцыянальная адзінка ўсіх жывых арганізмаў, для якой характэрны свой метабалізм і здольнасць да ўзнаўлення. Ад навакольнага асяроддзя клетка аддзелена плазматычнай мембранай. Адрозніваюць два асноўныя тыпы клетак: пракарыятычныя (даядзерныя), якія не маюць сфарміраванага ядра, характэрныя для бактэрый і археяў, і эўкарыятычныя (ядзерныя), у якіх маецца ядро, уласцівыя для ўсіх іншых клетачных форм жыцця, у прыватнасці раслін, грыбоў і жывёл. Да няклетачных форм жыцця належаць толькі вірусы, але яны не маюць уласнага метабалізму і не могуць размнажацца па-за клеткамі-гаспадарамі.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/37/Wilson1900Fig2.jpg/640px-Wilson1900Fig2.jpg)
Усе арганізмы дзеляцца на аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя. Да аднаклетачных належаць бактэрыі, археі, некаторыя водарасці і грыбы, а таксама пратысты. Каланіяльныя і шматклетачныя арганізмы складаюцца з вялікай колькасці клетак. Розніца паміж імі заключаецца ў тым, што каланіяльныя арганізмы складаюцца з недыферэнцыраваных або слаба дыферэнцыраваных клетак, якія могуць выжываць адна без аднае. Клеткі мнагаклетачных арганізмаў больш-менш спецыялізаваныя на выкананне пэўных функцый і залежаць адна ад аднае ў працэсах жыццядзейнасці. Да мнагаклетачных арганізмаў належыць у ліку іншых і чалавек, цела якога складаецца прыкладна з 1013 клетак.
Клеткі ўсіх жывых арганізмаў маюць цытаплазматычную мембрану, якая валодае выбіральнай пранікальнасцю. У бактэрый, грыбоў і раслін зверху мембраны ёсць больш трывалая, чым мембрана, клетачная сценка. Унутрыклетачнае змесціва — гэта цытаплазма, клетачнае ядро і арганоіды. Цытаплазма забяспечвае ўмовы для працякання асноўных працэсаў жыццядзейнасці клеткі.