From Wikipedia, the free encyclopedia
Грэгар Іаган Мендэль (ням.: Gregor Johann Mendel; 1822, Гінчыцы, Сілезія, Аўстрыйская імперыя (сёння Чэхія) — 6 студзеня 1884, Брно, Аўстра-Венгрыя) — аўстрыйскі біёлаг і батанік, каталіцкі манах, які сыграў вялікую ролю ў развіцці ўяўлення аб спадчыннасці. Адкрыццё ім заканамернасцяў спадчыннасці монагенных прыкмет (гэтыя заканамернасці вядомыя цяпер як Законы Мендэля) стала першым крокам на шляху да сучаснай генетыкі.
Грэгар Іаган Мендэль | |
---|---|
Gregor Johann Mendel | |
Дата нараджэння | 20 ліпеня 1822[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 студзеня 1884[3][4][…] (61 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | біёлаг, генетык, пчаляр, матэматык, батанік, каталіцкі святар, натураліст |
Навуковая сфера | Генетыка |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Вядомыя вучні | Леаш Яначак |
Вядомы як | Бацька Генетыкі, першаадкрывальнік Законаў спадчыннасці |
Узнагароды | |
Сайт | mendelweb.org |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сістэматык жывой прыроды | |
---|---|
Аўтар найменняў шэрага батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Mendel».
|
Іаган Мендэль нарадзіўся 20 ліпеня 1822 года ў сялянскай сям’і Антона і Разіны Мендэляў у мястэчку Хейцэндорф (Аўстрыйская імперыя, пазней Аўстра-Венгрыя, цяпер Гінчыцэ (частка вёскі Вражнэ каля Новага Йічына, Чэхія). Дата 22 ліпеня, якая часта прыводзіцца ў літаратуры, на самай справе з’яўляецца датай яго хрышчэння[8].
Акрамя Іагана, у сям’і былі дзве дачкі (старэйшая і малодшая сёстры). Цікаўнасць да прыроды ён пачаў праяўляць рана, ужо хлопчыкам, калі працаваў садоўнікам. Пасля двух гадоў вучобы ў філасофскіх класах інстытута Ольмюца (цяпер Оламаўц, Чэхія) у 1843 ён пастрыгся ў манахі Аўгусцінскага манастыра Святога Фамы ў Бруне (цяпер Брно, Чэхія) і ўзяў імя Грэгар. З 1844 па 1848 год вучыўся ў Брунскім багаслоўскім інстытуце. У 1847 годзе стаў святаром. Самастойна вывучаў мноства навук, замяняў адсутных выкладчыкаў грэчаскай мовы і матэматыкі ў адной са школ. Здаючы экзамен на званне настаўніка, атрымаў, як ні дзіўна, незадавальняльныя адзнакі па біялогіі і геалогіі. У 1849—1851 гадах выкладаў у Эноймскай гімназіі лацінскую і грэчаскую мовы. У перыяд з 1851 па 1853 гады, дзякуючы абату манастыра, абучаўся натуральнай гісторыі ў Венскім універсітэце, у тым ліку пад кіраўніцтвам Унгерна — аднаго з першых цытолагаў свету.
У Вене Мендэль зацікавіўся працэсам гібрыдызацыі раслін і, у прыватнасці, рознымі тыпамі гібрыдных патомкаў і іх статыстычнымі суадносінамі.
У 1854 годзе Мендэль атрымаў месца выкладчыка фізікі і натуральнай гісторыі ў Вышэйшай рэальнай школе ў Бруне, не будучы дыпламаваным спецыялістам. Яшчэ дзве спробы здаць экзамен па біялогіі ў 1856 годзе скончыліся правалам, і Мендэль заставаўся, як і раней, манахам, а пазней — абатам Аўгусцінскага манастыра ў Старэ Брно.
Натхнёны вывучэннем змен прызнакаў раслін, з 1856 па 1863 год ён стаў праводзіць вопыты на гароху ў эксперыментальным манастырскім садзе і сфармуляваў законы, якія тлумачаць механізмы спадчыннасці, вядомыя нам як «Законы Мендэля».
8 сакавіка 1865 года Мендэль паведаміў аб выніках сваіх вопытаў брунскаму Таварыству прыродазнаўцаў, якое ў канцы наступнага года выдала канспект яго даклада ў чарговым томе «Прац Таварыства…» пад назвай «Вопыты над расліннымі гібрыдамі». Гэты том аказаўся ў 120 бібліятэках універсітэтаў свету. Мендэль заказаў 40 асобных копій сваёй працы, амаль усе з якіх разаслаў буйным даследчыкам-батанікам. Але праца не выклікала цікаўнасці ў сучаснікаў.
Мендэль зрабіў адкрыццё надзвычайнай важнасці і сам спачатку быў, верагодна, у гэтым упэўнены. Але потым ён распачаў шэраг спроб пацвердзіць гэтае адкрыццё на іншых біялагічных відах і з гэтай мэтай правёў серыю вопытаў па скрыжаванні разнавіднасцяў ястрабка — расліны з сям’і астравых, а потым — па скрыжаванні разнавіднасцяў пчол. У абодвух выпадках яго чакала трагічнае расчараванне: вынікі, атрыманыя ім на гароху, на іншых відах не пацвярджаліся. Прычына была ў тым, што механізмы апладнення ў ястрабка і пчолаў мелі асаблівасці, аб якіх навуцы яшчэ не было вядома (размнажэнне шляхам партэнагенезу), а метадамі скрыжавання, якімі карыстаўся Мендэль у сваіх вопытах, гэтыя асаблівасці не ўлічваліся. У выніку вялікі вучоны сам разупэўніўся, што зрабіў адкрыццё.
У 1868 годзе Мендэль быў абраны абатам Старабненскага манастыра і больш біялагічнымі даследаваннямі не займаўся. Толькі ў пачатку XX стагоддзя, з развіццём уяўленняў аб генах, была асэнсавана ўся важнасць зробленых ім вывадаў (пасля таго, як шэраг вучоных, незалежна адзін ад другога, зноў адкрылі ўжо вынайдзеныя Мендэлем законы спадчыннасці).
Мендэль памёр 6 студзеня 1884 года і не быў прызнаны сучаснікамі. На яго магіле ўсталявана пліта з надпісам «Мой час яшчэ прыйдзе!»
На ўскраіне Брно ў Старабрненскім манастыры аўгусцінцаў усталяваны мемарыяльная дошка і помнік каля агародчыка. У музеі Мендэля маюцца яго рукапісы, дакументы і малюнкі. Таксама ёсць стары мікраскоп і іншыя інструменты, якія вучоны выкарыстоўваў у час працы.
Выява Мендэля ёсць на аўстрыйскай паштовай марцы 1984 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.