Гарады Славакіі
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Гарады́ Слава́кіі — населеныя пункты Славакіі, якія афіцыйна маюць статус горада (славацк.: mesto). Артыкул 70 Канстытуцыі Славацкай Рэспублікі замацоўвае магчымасць абвяшчэння абшчыны горадам у парадку, прадугледжаным законам[1]. Гэты парадак усталёўваецца палажэннямі Закона 369/1990 Zb. «Аб муніцыпалітэтах». У § 22 сказана, што статус горада мае населены пункт, які з’яўляецца эканамічным, адміністрацыйным, культурным, турыстычным ці курортным цэнтрам, ажыццяўляе паслугі для жыхароў суседніх абшчын, мае транспартныя сувязі з суседнімі муніцыпалітэтамі, мае гарадскі характар забудовы, дзе колькасць насельніцтва складае не менш за 5 000 жыхароў. Абшчына можа атрымаць статус горада пасля правядзення рэферэндуму жыхароў населенага пункта, рашэннем Нацыянальнага Савета Славацкай Рэспублікі, па прадстаўленні муніцыпалітэта[2].
Усяго ў Славакіі налічваецца 138 гарадоў, у якіх пражываюць 2 939 180 жыхароў[3], што складае 54,38 % ад колькасці насельніцтва краіны. Пераважаюць гарады з колькасцю насельніцтва менш за 10 тыс. жыхароў — 66 гарадоў, ад 10 да 30 тыс. жыхароў — 51 горад, ад 30 да 50 тыс. — 11, ад 50 да 100 тыс. — 8, больш за 100 тыс. — 2. Найбуйнейшы горад — сталіца Славакіі Браціслава з 413 192 жыхарамі[4].
У ніжэйпрыведзеным спісе ў алфавітным парадку прадстаўлены ўсе гарады Славацкай Рэспублікі. Спіс утрымлівае інфармацыю пра колькасць насельніцтва[5], плошчу, дату заснавання населенага пункта, геаграфічныя каардынаты, ілюстрацыі. Асобна вылучана зборная статыстыка па краях, а таксама размяшчэнне гарадоў на карце.