From Wikipedia, the free encyclopedia
Вія Далароза (лац.: Via Dolorosa — «Шлях смутку», «Шлях пакут» ці проста «балючы шлях», араб. طريق الآلام) — вуліца, якая складаецца з дзвюх частак, у Старым горадзе Іерусаліма, па якой, як лічыцца, пралягаў шлях Ісуса, калі Ён нёс Свой крыж на шляху да распяцця. Шлях ад крэпасці Антонія на захад да царквы Труны Гасподняй мае працягласць каля 600 метраў, цяпер гэта знакамітае месца хрысціянскага паломніцтва. Сённяшні маршрут быў створаны ў XVIII стагоддзі, замяніўшы розныя больш раннія версіі. На цяперашні час выдзелена дзевяць этапаў (прыпынкаў) крыжовага шляху, у канцы XV стагоддзя іх было чатырнаццаць, пяць з іх засталіся ўнутры Царквы Труны Гасподняй.
Вія Далароза — сучасная рэканструкцыя аднаго з двух асноўных маршрутаў з усходу на захад (дэкуманус) праз горад Элія Капіталіна, пабудаваны Адрыянам на месцы Іерусаліма. Звычайна рымляне рабілі дэкуманус праз цэлы горад, але Храмавая гара ў сярэдзіне горада запатрабавала зрабіць дадатковую дарогу на поўначы. У дадатак да звычайнай цэнтральнай паўночна-паўднёвай дарогі (кардо), якая ішла проста ўверх да заходняга пагорка, была пабудавана другая буйная дарога поўнач-поўдзень да Тырапеонскай даліны. Гэтыя дзве дарогі сыходзіліся ля Дамаскай брамы, недалёка ад Вія Далароза. Калі б Вія Далароза працягвалася на захад па сваёй лініі і перасекла абедзве гэтыя дарогі, утварыўся б трыкутны квартал, вельмі вузкі для пабудовы дамоў; таму заходняя ад кардо палова дэкумануса (сучасная Вія Далароза) была ссунутая на поўдзень, і такім чынам цяперашняя вуліца разрываецца ў сярэдзіне на дзве часткі.
Першыя звесткі пра паломніцтвы, звязаныя з біблійнымі падзеямі, датуюцца візантыйскай эпохай; у гэты перыяд працэсія стартавала ў Вялікі чацвер ад Алейнай гары, запынялася ў Гефсіманіі, праз Ільвіную браму ўваходзіла ў Стары горад і прыкладна цяперашнім шляхам накіроўвалася да храма Труны Гасподняй; аднак на шляху па самой Вія Даларозе прыпынкаў не было. У VIII стагоддзі шлях ужо праходзіў праз заходні пагорак: пачынаўся ў Гефсіманіі, пасля да меркаванага Дому Каяфы на гары Сіён, пасля да Святой Сафіі (меркаванага месцазнаходжання прэторыума) і ўрэшце да храму Труны Гасподняй.
У Сярэднявеччы каталікі Іерусаліма дзяліліся на дзве групоўкі, якія кантралявалі цэрквы з супрацьлеглых схілаў. Адпаведна, і пілігрымаў праводзілі па шляху, дзе знаходзіліся іх цэрквы: першыя сцвярджалі, што палац рымскага губернатара (прэторыум) знаходзіўся на гары Сіён (дзе былі цэрквы), другія лічылі, што смутны шлях праходзіў ля іх цэркваў паблізу крэпасці Антонія.
Атаясамліванне Вія Далароза са смутным шляхам грунтуецца на дапушчэнні, што прэторыум знаходзіўся каля крэпасці Антонія. Аднак і Філон Александрыйскі, і Іосіф Флавій сведчаць, што рымскія пракуратары Іўдзеі, якія кіравалі з узбярэжнай Кесарыі, падчас прыезду ў Іерусалім жылі ў палацы Ірада, адтуль ладзілі суды. Іосіф Флавій паведамляе, што палац Ірада знаходзіўся на заходнім схіле, што было пацверджана раскопкамі пад вежай Давіда ў 2001 годзе. Больш за тое, археолагі таксама высветлілі, што да перабудовы Адрыянам тэрыторыя, прылеглая да крэпасці Антонія, была вялікім адкрытым водным басейнам.
У 2009 годзе ізраільскі археолаг Шымон Гібсан адкрыў рэшткі вялікага вымашчанага ўнутранага двара на поўдзень ад вежы Давіда паміж двума фартыфікацыйнымі мурамі са знешнімі варотамі і з унутранымі, што вялі да баракаў. У двары стаяла высокая платформа плошчай каля 2 м. Вывучэнне руінаў прэторыума, якія доўга лічыліся рымскімі баракамі, паказала, што гэта была ўсяго толькі вартавая вежа. Сукупнасць гэтых адкрыццяў адпавядае апісанаму ў Евангеллях шляху і супадае з дэталямі, вядомымі з іншых старажытных пісанняў. Апісаны Гібсанам шлях пачынаецца на аўтастаянцы ў армянскім квартале, абыходзіць асманскія муры Старога горада за вежай Давіда, пасля паварочвае да храма Труны Гасподняй. Дзякуючы новым даследаванням, таксама ўдакладнена месца ўкрыжавання, якое знаходзіцца прыкладна ў 20 м ад меркаванага дагэтуль.
Традыцыйны шлях пачынаецца з Ільвінай брамы (брама св. Стэфана) каля пачатковай школы Ўмарыя, дзе знаходзілася былая крэпасць Антонія, і ідзе на захад праз Стары горад да храма Труны Гасподняй. Сучасная нумарацыя этапаў часткова заснаваная на кальцавым маршруце, які прапаноўвалі францысканцы ў XIV стагоддзі; гэты шлях пачынаўся і сканчаўся каля храма Труны Гасподняй і ішоў на ўсход па Вія Далароза (у адваротным ад агульнапрынятага кірунку), па дарозе закранаючы Гефсіманію і гару Сіён.
Нягледзячы на тое, што назвы многіх вуліц у Іерусаліме падаюцца на англійскай мове, іўрыце і на арабскай мове, назва шляху выкарыстоўваецца на ўсіх трох мовах як Via Dolorosa.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.