Белфаст (фільм)
фільм / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Белфаст» (англ.: Belfast) — брытанскі драматычны фільм 2021 года, зняты рэжысёрам Кенетам Брана па ўласным сцэнарыі. Галоўныя ролі выканалі Катрына Балф[en], Джудзі Дэнч, Джэймі Дорнан, Кіяран Хайндс, Колін Морган[en] і дэбютант Джуд Хіл[en][8].
Фільм, які Брана назваў сваім «самым асабістым фільмам», апавядае пра жыццё паўночнаірландскай сям’і з працоўнага класа і дзяцінства іх маленькага сына падчас беспарадкаў у Белфасце (Паўночная Ірландыя) у канцы 1960-х гадоў.
Сусветная прэм’ера «Белфаста» адбылася 2 верасня 2021 года на 48-м Тэлурайдскім кінафестывалі[en]. Неўзабаве пасля гэтага, фільм заваяваў Прыз глядацкіх сімпатый на 46-м Міжнародным кінафестывалі ў Таронта[en]. Карціна была выпушчана ў пракат у ЗША 12 лістапада 2021 года кампаніяй «Focus Features», а ў Вялікабрытаніі і Ірландыі — 21 студзеня 2022 года кампаніяй «Universal Pictures». Фільм атрымаў станоўчыя водгукі крытыкаў і сабраў 49 млн. долараў у сусветным пракаце.
Нацыянальны савет кінакрытыкаў ЗША ўключыў «Белфаст» у спіс 10 найлепшых фільмаў[en] 2021 года. Прэміяльны сезон прынёс карціне сем намінацый на «Залаты глобус», уключаючы намінацыю за «Найлепшы фільм — Драму», сем намінацыя на прэмію «Оскар», уключаючы намінацыю за «Найлепшы фільм», шэсць намінацый на прэмію «BAFTA», уключаючы намінацыю за «Выдатны брытанскі фільм[en]», а таксама адзінаццаць намінацый на прэмію «Выбар крытыкаў».