From Wikipedia, the free encyclopedia
Бата́кі — малы народ на востраве Палаван (Філіпіны). Агульная колькасць (2023 г.) — 3 900 чалавек[1].
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Батакі Суматры. |
Батакі | |
Фота 1913 г. | |
Агульная колькасць | 3 900 (2023 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Палаван |
Мова | бінатак |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | тагбануа, палаванцы |
Хаця мова бінатак, на якой размаўляюць батакі, належыць да аўстранезійскай сям'і моў, яны значна адрозніваюцца ад іншых карэнных жыхароў Палавана сваім абліччам. З-за нізкага росту, кудлатых валасоў і цёмнай скуры іх звычайна адносяць да негрыта, якія лічацца прамымі нашчадкамі першых насельнікаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Генетычныя даследаванні паказалі блізкасць батакаў да іншых негрыта Філіпінаў, але разам з гэтым — актыўнае змешванне з суседнімі народамі, што адбываецца на працягу стагоддзяў.
Першасна батакі насялялі землі ў вусцях рэк каля сучаснага горада Пуэрта-Прынсеса. Яны вялі вандроўны лад жыцця, займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам. Частку прадуктаў збіральніцтва абменьвалі на металічныя прылады гандлярам з Сулу. Каланізацыя ўзбярэжжа выклікала зыход батакаў углыб вострава. У XX ст. яны пасяліліся ў сталых вёсках, сталі займацца земляробствам. Тым не меней, батакі захавалі пэўную ізаляванасць і многія рысы папярэдняй вандроўнай культуры. Жывуць у каркасных хацінах, што нагадваюць навес над вогнішчам. Аснову харчавання складаюць клубневыя культуры. Застаюцца важнымі збор ляснога мёду і смалы, якія абменьваюць на рыс і прадметы побыту.
Шлюбны ўзрост юнакоў вызначаецца палавым сталеннем. У мінулым былі забаронены шлюбы са сваякамі, у тым ліку стрыечнымі. Практыкавалася палігінія, калі лепшыя здабытчыкі жаніліся на некалькіх жанчынах. У нашы дні з-за скарачэння насельніцтва шлюбы са стрыечнымі сваякамі ўжо не з'яўляюцца рэдкасцю. З-за ўплыву каталіцызма адбылася адмова ад шматжонства.
Традыцыйная рэлігія батакаў заснавана на веры ў шматлікіх багоў і духаў прыроды, шкодную і лекавую магію. Лічыцца, што пасля смерці душа трапляе ў Басад, свет багоў, дзе пасля суду памяшчаецца на нябёсы або скідваецца ўніз. Лекаваннем і арганізацыяй рытуалаў займаецца шаман байлан. Частка вернікаў спавядае хрысціянства.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.