Баптызм
галіна пратэстанцтва From Wikipedia, the free encyclopedia
галіна пратэстанцтва From Wikipedia, the free encyclopedia
Бапты́зм (паводле грэч. Βάπτισμα — хрышчэнне) — хрысціянская дэнамінацыя ў пратэстанцтве, засяроджаны на індывідуалізме ў дачыненні да Бога і надзвычайнай ролі Свяшчэннага Пісання. Збавенне паводле баптыстаў недасягальнае ўласнымі ўчынкамі, адно толькі ласкай Божай праз асабістую веру ў збаўчую ахвяру Ісуса Хрыста дзеля выкуплення грахоў чалавецтва. Баптысты здзяйсняюць хрышчэнне выключна над тымі, хто свядома выражае пакаянне за грахі і вызнае веру ў Хрыста. Акцэнтуючы аўтаномію асобных збораў, ёсць таксама прыхільнікамі аддзялення царквы ад дзяржавы.
Большасць баптыстаў прадстаўляе евангельскае хрысціянства, хоць існуюць нешматлікія баптысцкія дэнамінацыі, якія належаць да ліберальнага напрамку пратэстанцтва. Баптысцкія цэрквы могуць адрознівацца ў стаўленні да пэўных пытанняў: прадвызначэнне альбо свабода волі, канчатковасць альбо мажлівасць страты збавення, адносіны да тэорыі эвалюцыі.
У практыцы царкоўнага жыцця баптысты прытрымліваюцца прынцыпу ўсеагульнага святарства, а таксама самастойнасці і незалежнасці кожнай асобнай царкоўнай суполкі (кангрэгацыяналізм). Прэсвітар (пастар) суполкі не мае абсалютнай улады, найбольш істотныя пытанні вырашаюць на царкоўных радах, агульных сходах вернікаў. Набажэнствы складаюцца з казаняў, спеваў у суправаджэнні інструментальнай музыкі, імправізаваных малітваў (уласнымі словамі), чытання духоўных паэм і вершаў[1].
Карані баптызму палягаюць у руху абуджэння ў хрысціянскай царкве, які меў за мэту вяртанне да правілаў Свяшчэннага Пісання. Першыя анабаптысты адмаўлялі хрышчэнне дзяцей, пакуль тыя самі не змогуць абраць сабе хросных бацькоў. Хрышчэнне праз пагружэнне ў ваду практыкавалася «Асобнымі баптыстамі» ў Англіі, якія сваёй назвай сведчылі, што збаўлены будуць толькі некаторыя (асобныя) людзі. Нягледзячы на адносную свабоду вызнання, іхнія зборы развіваліся параўнальна марудна. Толькі метадысцкае абуджэнне дадало дынамікі развіццю баптысцкіх суполак як у Старым, так і ў Новым свеце[2].
Першыя баптысты былі англічанінамі-кангрэгацыяналістамі, якія праз рэлігійны пераслед эмігравалі з Англіі ў Нідэрланды. Першая суполка была заснавана ў 1609 годзе ў Амстэрдаме групай англійскіх пурытанаў на чале з Джонам Смітам, якая пад уплывам менанітаў (умераных анабаптыстаў) прыняла дактрыну, якая адрынала хрышчэнне немаўлят. Аднак неўзабаве збор быў вымушаны спыніць існаванне з прычыны пераследу. У 1612 годзе, калі ў Англіі паўстала хваля рэлігійных пераследаў, частка амстэрдамскіх баптыстаў вярнулася на бацькаўшчыну — але ўжо без заснавальніка баптызму — і заснавала ў Лондане першую баптысцкую суполку. Менавіта ў Англіі цалкам сфарміраваліся веравучэнне і дагматы, і тут англічане пачалі называць сябе баптыстамі.
Зарадзіўшыся ў Еўропе, найбольшага развітку баптысцкі рух дасягнуў у Паўночнай Амерыцы. Аснову першых баптысцкіх суполак склалі выгнаннікі з пурытанскіх калоній, якіх пераследвалі за выказванне поглядаў пра неабходнасць аддзялення царквы ад дзяржавы і адмову ад хрышчэння дзяцей. У 1638 годзе група такіх вернікаў на чале з перасяленцам Роджэрам Уільямсам заснавала новую калонію Род-Айленд, дзе афіцыйна была абвешчана свабода веравызнання, а ў гарадах Провідэнс і Ньюпарт заснаваны першыя баптысцкія цэрквы[3] Пасля здабыцця рэлігійнай свабоды баптысты разгарнулі актыўную місіянерскую дзейнасць, якая ахоплівала, акрамя белых каланістаў, індзейцаў і чарнаскурае насельніцтва краіны. Сярод апошніх дадзенае спавяданне атрымала шырокі распаўсюджванне, у выніку чаго да цяперашняга часу ў ЗША існуе некалькі афраамерыканскіх баптысцкіх аб'яднанняў[4].
У кантынентальнай Еўропе баптызм практычна не меў распаўсюджванню да першай паловы XIX стагоддзя. Дзякуючы высілкам брытанскіх і амерыканскіх місіянераў у 20—30-я гады XIX стагоддзя баптысцкія суполкі былі заснаваны ў Францыі і Германіі. Надалей, дзякуючы актыўнай місіянерскай палітыцы нямецкіх баптыстаў, у прыватнасці пастара Іагана Герхарда Онкена, Германія стала цэнтрам распаўсюджванню баптысцкага вучэння ў краінах Скандынавіі і іншых дзяржавах Еўропы[3].
У 1905 на першым Сусветным сходзе баптыстаў у Лондане быў заснаваны Сусветны баптысцкі альянс, які станам на 2007 налічваў больш за 170 тысяч збораў і 36 мільёнаў членаў. Варта зазначыць,што ў саюз не ўваходзіць вялікая колькасць фундаменталісцкіх цэркваў, не згодных з умеранай тэалогіяй і экуменізмам Альянсу. Таксама ў большасці баптысцкіх цэркваў сябрамі суполкі можна стаць толькі па дасягненні паўналецця. Такім чынам, дзеці з баптысцкіх сем'яў не ўлічаны ў статыстыцы.
Слова «баптыст» паходзіць ад грэчаскага слова «баптыза» і азначае сабой хрышчэнне (літаральна — «пагружэнне»). Баптысты практыкуюць хрышчэнне дарослых праз поўнае пагружэнне ў ваду. Ідэя зараджэння хрысціян-баптыстаў звязана з евангельскім вучэннем пра хрышчэнне.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.