From Wikipedia, the free encyclopedia
Алякса́ндр Го́рдан «А́лекс» Хі́гінс (англ.: Alexander Gordon "Alex" Higgins; 18 сакавіка 1949, Белфаст, Паўночная Ірландыя — 24 ліпеня 2010, Белфаст, Паўночная Ірландыя) — былы прафесійны гулец у снукер з Паўночнай Ірландыі. Двухразовы чэмпіён свету (1972, 1982), чэмпіён Вялікабрытаніі (1983), двухразовы пераможца Мастэрс (1978, 1981) і, такім чынам, адзін з дзесяці снукерыстаў у гісторыі, якія выйгралі ўсе тры турніры трайной снукернай кароны. На працягу дванаццаці сезонаў (з 1976/1977 па 1987/1988) уваходзіў у топ-16 сусветнага рэйтынгу.
Алекс Хігінс
англ.: Alex Higgins | |
Дата нараджэння: | 18 сакавіка 1949[1] |
---|---|
Месца нараджэння: | |
Дата смерці: | 24 ліпеня 2010[3] (61 год) |
Месца смерці: | |
Грамадзянства: | Паўночная Ірландыя |
Вядучая рука: | правая |
Прафесійная кар’ера: | 1971 — 1997 |
Найвышэйшы рэйтынг: | 2 (2 гады: 1976/1977, 1982/1983) |
Прызавыя грошы: | £704,949 |
Найвышэйшая серыя: | 142 (Адкрыты чэмпіянат Брытаніі 1985) |
Колькасць соценных серый: | 83 |
Перамогі на турнірах | |
Рэйтынгавыя турніры: | 1 |
Іншыя прафесійныя турніры: | 21 |
Чэмпіён свету: | 1972, 1982 |
Адзін з самых папулярных і таленавітых снукерысаў у гісторыі, Алекс Хігінс атрымаў мянушку «Ураган» за свой відовішчны хуткі стыль гульні і яркі характар[5]. Яго, Джымі Уайта і Роні О’Салівана часам вызначаюць як трох самых неардынарных гульцоў у гэты выгляд більярда — кожнаму з іх у свой час атрымалася пашырыць гульнявыя магчымасці і прадстаўленне пра снукер за кошт свайго прыгожага і атакуючага стылю[6][7]. Пры гэтым падкрэсліваецца, што менавіта дзякуючы Хігінсу рэзка паднялася папулярнасць снукера ў свеце.
Хігінс нарадзіўся ў 1949 годзе ў горадзе Белфаст. Яго бацька, якога таксама звалі Алекс, быў простым рабочым, маці Элізабэт — прыбіральніцай[8][9]. Апроч яго, у сям’і былі тры сёстры[10]. Хігінс пачаў гуляць у снукер у 11 гадоў у мясцовым більярдавым клубе Jampot. Паколькі ніхто з яго аднагодкаў більярдам не цікавіўся, ён гуляў са сталымі і на грошы. Спачатку маленькага Алекса, зазвычай, перамагалі, пры гэтым яго «вучылі» жыццю і тонкасцям гульні. Але ўжо праз пару гадоў сам Хігінс стаў лёгка абыгрываць усіх сваіх сапернікаў у розных белфасцкіх клубах, зарабляючы на гэтых гульнях немалыя грошы[11]. Характэрна, што навука яго абсалютна не прыцягвала, і ён значна больш часу надаваў снукеру[9].
У 14 гадоў Алекс кінуў школу і пакінуў Паўночную Ірландыю, уладкаваўшыся працаваць жакеем у Ліверпулі ў надзеі стаць прафесійным вершнікам. Аднак з-за лішняй вагі, выкліканай празмерным ужыткам піва і ласункаў, Хігінса не дапушчалі да скокаў[12]. У выніку ён не зрабіў ніводнага публічнага выезду і, павандраваўшы яшчэ некаторы час па Англіі, неўзабаве вярнуўся назад, працягнуўшы займацца снукерам[9].
Ужо ў 1965 годзе, у веку 16 гадоў Хігінс зрабіў максімальны брэйк. У 1967 ён уступіў у моладзевую снукерную лігу[9], а годам пазней выйграў аматарскія чэмпіянаты ўсёй Ірландыі (All-Ireland) і Паўночнай Ірландыі. Прыкладна ў той жа час яму прапанавалі паўдзельнічаць у некалькіх паказальных матчах у Англіі, і Хігінс пагадзіўся, пасяліўшыся ў Блэкберне (характэрна, што некаторы час ён быў жыхаром дамоў № 9, 11, 13, 15 і 17 на Эбані Стрыт). Ён гуляў шмат паказальных матчаў з Джонам Спэнсэрам, які тады быў адным з перадавых прафесіяналаў. Гульні з удзелам Хігінса заўсёды прыцягвалі вялікую колькасць гледачоў, перадусім, дзякуючы яго відовішчнаму снукеру, а частыя скандальныя інцыдэнты з удзелам Алекса яшчэ больш дадавалі яму папулярнасці. Праз некаторы час у пошуках большага заробку Алекс Хігінс пераехаў у Манчэстэр і ў 1971 годзе стаў прафесіяналам.
Стаў прафесіяналам, некаторы час Хігінс працягваў зарабляць на выстаўных гульнях і майстар-класах для мясцовых аматараў снукера — гэта было трэба для таго, каб назапасіць патрэбную грашовую суму і падаць заяву для ўдзелу ў чэмпіянаце свету[9]. Урэшце ён узяў удзел на гэтым турніры, і сенсацыйна перамог на ім з першай спробы ў 1972 годзе, у веку 22 гадоў і 345 дзён. Гэтай перамогай Хігінс усталяваў адразу два рэкорды: ён стаў першым чэмпіёнам турніру, які прабіўся праз кваліфікацыю, а таксама наймалодшым чэмпіёнам сусветнай першасці на той час. На шляху да фіналу чэмпіянату ён выйграў у васьміразовага пераможца турніру, Джона Палмэна, у 1⁄4 і ў Рэкса Уільямса ў 1⁄2. У вырашальным матчы Хігінс з рахункам 37:32 перамог аднаго з перадавых снукерыстаў 70-х і тады яшчэ дзеючага чэмпіёна свету Джона Спэнсэра. Нягледзячы на тое, што Хігінс стаў уладальнікам самага важнага ў гульні тытула, за сваё дасягненне ён атрымаў усяго 480 фунтаў стэрлінгаў[13] — это объясняется тем, что тогда снукер был малоизвестной игрой, и турниры зачастую проходили без спонсорской поддержки[14].
У тым жа годзе да Алекса прыйшлі і яго першыя перамогі на іншых прафесійных турнірах: ён выйграў Irish Professional і Men of the Midlands . У першым з іх у фінале ён перамог Джэйкі Ры , як быў да гэтага 23-кратным чэмпіёнам турніру[15]; у другім — аднаго са сваіх асноўных сапернікаў — Спэнсэра[16].
Хігінс не змог абараніць званне чэмпіёна свету ў 1973 годзе, саступіўшы ў паўфінале аўстралійцу Эдзі Чарльтану (9:23)[17], але ў другі раз падрад выйграў Men of the Midlands — зараз у фінале быў пераможаны Рэй Рыярдан, 5:3[16]. У наступныя некалькі гадоў у Хігінса быў яшчэ шэраг даволі буйных дасягненняў — перамогі на Watney Open (1974), Canadian Open (двойчы, 1975 і 1977), Canadian Club Masters (1976)[18], Pontins Open і B&H Irish Championship[19] (абедзве ў 1977). Хоць Алекс не паказаў высокіх вынікаў на першым у гісторыі снукера прафесійным рэйтынгавым спаборніцтве — чэмпіянаце свету 1974 года (пройгрыш на стадыі 1⁄4), ён ізноў дасягнуў фіналу праз два гады. Тады ён гуляў з Рыярданам і вёў у рахунку 11:9, але валійскі гулец, зрабіўшы па ходзе матча 4 сэнчуры-брэйкі, у выніку выйграў у Алекса «Урагана» Хігінса 27:16. Характэрна, што апошні фрэйм Хігінс здаў «датэрмінова», то бок, калі яму яшчэ хапала ачкоў для выйгрышу партыі. Паводле вынікаў таго сезона ён заняў 2-е месца ў першым афіцыйным рэйтынгу[20].
У наступных двух розыгрышах сусветнай першасці Алекс Хігінс завяршаў свае выступленні пасля першага кола: паразы з аднолькавым рахункам 12:13 ад Дуга Маўнджоя і Пэтсі Фэйгана[21][22]. Нягледзячы на гэта, ён выйграў Мастэрс 1978 і чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў таго ж года, а ў 1979 абараніў званне чэмпіёна Ірландыі і стаў пераможцам новага турніру Толі Кобальд Класік . Таксама ён выйшаў у фінал Мастэрс, і хоць прайграў Пэры Мэнсу , 4:8[23], па ходзе спаборніцтва зрабіў першы ў гісторыі турніру сэнчуры — 132 ачкі[24].
У 1980 годзе Алекс восем разоў дасягаў фіналаў розных турніраў, з якіх тры — Tolly Cobbold, British Open і Padmore / Super Crystalate International — выйграў. У ліку прайграных ім фіналаў апынуўся і чэмпіянат свету — у матчы супраць канадца Кліфа Торбурна Хігінс вёў у рахунку 5:1, 6:2 і 9:5[25], аднак, як і ў 1976 годзе, не здолеў утрымаць перавагу і ў выніку зноў саступіў — 16:18. Фінал запомніўся яшчэ і тым, што на другі гульнявы дзень прамая трансляцыя матча на Бі-бі-сі была перапынена экстраным паведамленнем пра штурм Іранскага пасольства ў Лондане[26]. Спыненне трансляцыі выклікала крайнюю незадаволенасць большасці тэлегледачоў, якія адразу сталі тэлефанаваць у рэдакцыю з вымогай вярнуць паказ матча[27].
На тым жа турніры Хігінс меў добрую магчымасць зрабіць першы афіцыйна зарэгістраваны максімум у прафесійным спаборніцтве, але не здолеў выйсці на зялёны і спыніўся на адзнацы ў 122 ачкі. Паводле вынікаў гэтага паспяховага сезона Алекс, які трохі страціў за апошнія гады свой высокі рэйтынг, падняўся з 11 на 4 месца[20][28].
У сезоне 1980/81 ён у другі і апошні раз у сваёй кар’еры выйграў Мастарс (у вырашальным матчы пераможаны Тэры Грыфітс)[29], а таксама стаў фіналістам чэмпіяната Вялікабрытаніі. Аднак адносна невысокія вынікі на рэйтынгавых турнірах панізілі нумар Хігінса ў міравой табелі пра рангі да 10 радка[28].
У лютым 1982 года Алекс у чарговы раз выйшаў у фінал Irish Professional, дзе саступіў Дэнісу Тэйлару, 13:16[15]. Але поўным трыумфам для яго завяршылася першасць свету 1982 года, у якім з удзелам Хігінса прайшлі два выбітныя матчы. Першым з іх стаў паўфінал супраць маладога і перспектыўнага Джымі Уайта. На працягу практычна ўсёй гульні паўночна-ірландзец адставаў у рахунку, і да канца матча перавага была на боку Джымі — ён вёў 15:13[30], а потым 15:14, і яму да даканцовай перамогі заставалася выйграць усяго адзін фрэйм. Уайт яшчэ больш наблізіўся да фіналу, набраўшы 59 ачкоў і пакінуўшы пасля сваёй памылкі на чырвоным складаную пазіцыю Хігінсу. Дэманструючы неверагоднае самавалоданне і вытрымку (для перамогі ў партыі яму патрабавалася фактычна зрабіць клірэнс — то бок Алекс не меў права на памылку), ён правёў адзін з лепшых брэйкаў у гісторыі снукера і выйграў фрэйм — 69-59. Пры пабудове серыі амаль кожны ўдар Хігінса суправаджаўся няўдалым выхадам на наступны шар, што яшчэ больш ускладняла пасоўванне і без таго цяжкага брэйку.
У вырашальным фрэйме ўжо сам Хігінс сарваў брэйк пры рахунку 59-0, але Уайту не атрымалася паўтарыць сцэнарый папярэдняй партыі, і ў выніку перамога ў матчы дасталася 33-гадоваму паўночна-ірландцу. Такім чынам, Алекс Хігінс выйшаў у свой 4-ы фінал сусветнай першасці.
Ледзь менш напружаным апынуўся фінал, дзе Алекс ізноў сустрэўся з Рэям Рыярданам. Да рахунка 15:15 ішло прыкладна роўнае змаганне, але потым Хігінс зрабіў апошні «рывок» і з тотал-клірэнсам у 135 ачкоў выйграў матч — 18:15. Гэта была яго не толькі прафесійная, але і эмацыйная перамога — пасля гульні шчаслівы Хігінс са слязьмі на вачах паклікаў да сябе жонку Лін з 18-месячнай дачкой, і разам з імі падняў кубак чэмпіянату свету.
За перамогу на турніры Алекс атрымаў 25000 фунтаў стэрлінгаў, з якіх адна тысяча была фактычна павернута як штраф за здзейсненыя раней дысцыплінарныя парушэнні. Ён не стаў першым у сусветным рэйтынгу з-за здымання штрафных ачкоў, таксама паводле дысцыплінарных прычын, і заняў другое месца. Аднак той сезон стаў адным з самых памятных у яго кар’еры.
У сезоне 1982/83 Хігінс выйграў турнір Irish Professional (перамога над Дэнісам Тэйларам, 16:11)[15], але больш не згуляў ніводнага фіналу. На новым рэйтынгавым спаборніцтве, Professional Players Tournament, ён ужо ў першым раўндзе прайграў Рыярдану[31], а праз некалькі месяцаў, на Мастэрс ізноў саступіў у стартавым матчы — Білу Вербенюку , 4:5. Аднак апошняя гульня запомнілася тым, што на ёй былі прысутнымі 2876 гледачоў — абсалютны рэкорд наведвальнасці снукернага турніру, які не пабіты дагэтуль[32][33].
На чэмпіянаце свету 1983 дзеючы пераможца саступіў у 1⁄2 Стыву Дэвісу — 5:16[34]; у выніку ён апусціўся на тры пазіцыі і заняў 5 месца ў рэйтынгу[28]. Потым Алекс два гады запар дасягаў фіналу чэмпіянату Вялікабрытаніі, які да таго часу ўжо стаў другім па важнасці турнірам сезона. У 1983 ён выйграў турнір, перамогшы ў цікавым матчы Дэвіса, 16:15, пасля рахунку 0:7 не ў сваю карысць; у 1984 (сезон 1984/85 ) ён ізноў сустрэўся з ім, але гэтым разам ужо саступіў — 8:16. У тым жа сезоне Хігінс разам з Джымі Уайтам выйграў чэмпіянат свету ў парным разрадзе , а таксама выйшаў у фіналы чэмпіянату Ірландыі, Irish Masters і каманднага Кубка свету. На апошнім з гэтых турніраў ён стаў пераможцам у складзе Ірландскай зборнай. Аднак, улічваючы тое, што амаль усё фіналы Хігінса ў тым сезоне давяліся на нерэйтынгавыя спаборніцтвы, ён стаў толькі 9-м у сусветным рэйтынгу[28].
Алекс Хігінс яшчэ двойчы перамагаў на Кубку свету, у 1986 і 1987 гадах. У 1986 годзе ён заняў другое месца на Scottish Masters і Irish Professional, а ў 1987 у апошні раз выйшаў у фінал Мастарс, дзе саступіў Дэнісу Тэйлару ў вырашальным фрэйме, 8:9 (хоць лідзіраваў з рахункам 8:5 і меў матчбол)[35].
Скандальны інцыдэнт здарыўся з Хігінсам на чэмпіянаце Вялікабрытаніі 1986. Ён спрабаваў ухіліцца ад аналізу крыві на ўтрыманне наркатычных рэчываў, а потым стукнуў галавой дырэктара турніру, які папрасіў Алекса паспяшацца. У наступнай бойцы, якая вылілася за межы яго пакоя, Алекс таксама паўдзельнічаў. У выніку ён быў дыскваліфікаваны на пяць турніраў і буйна аштрафаваны.
У 1988 годзе Алекс Хігінс, якому было ўжо каля сарака гадоў, стаў фіналістам Гран-пры, але зноў прайграў Стыву Дэвісу, 6:10[36]. Усе ніжэйшыя вынікі на большасці рэйтынгавых турніраў і асабліва на чэмпіянатах свету прывялі да таго, што ён упершыню за сваю кар’еру пакінуў Топ-16, заняўшы 17-е месца[28].
І ўсё ж, у лютым 1989 года Алекс у пяты раз стаў чэмпіёнам Ірландыі сярод прафесіяналаў і нарэшце выйграў свой «хатні» турнір Irish Masters , пры моцнай падтрымцы мясцовай публікі перамогшы маладога Стывена Хендры ў вырашальнай партыі — 9:8 (Irish Masters стаў апошнім выйграным у яго кар’еры). Большую частку сезона, улучаючы гэтыя два турніры, Алекс правёў кульгаючы — ён зламаў нагу, спрабуючы па карнізе вылезці з кватэры, у якой пасля сваркі замкнула яго ж дзяўчына.
У сакавіку 1990 Хігінс выйшаў у фінал British Open, але саступіў Бобу Шаперону , 8:10. Праз некалькі месяцаў ён ізноў быў дыскваліфікаваны паводле дысцыплінарных прычын, але гэтым разам яго пазбавілі правы выступаць у мэйн-туры на цэлы год і знялі такую вялікую колькасць рэйтынгавых ачкоў, што па вяртанні ў тур Алекс займаў 120-е месца. Прычынай такой кары сталі паводзіны ірландца на двух нядаўніх турнірах. У адным з іх, падчас правядзення Кубка свету Хігінс пагражаў свайму напарніку па камандзе Дэнісу Тэйлару, што яго прыстрэляць, калі ён прыедзе ў Паўночную Ірландыю (пазней Хігінс і Тэйлар памірыліся); у другім, пасля крыўднай паразы ў 1⁄16-ай чэмпіянату свету, ён стукнуў прадстаўніка прэсы па дарозе на прэс-канферэнцыю.
На самой прэс-канферэнцыі Хігінс, які знаходзіўся ў нецвярозым стане, абвясціў пра завяршэнне сваёй кар’еры. Ён вытлумачыў гэта тым, што снукер за апошнія гады стаў «самай карумпаванай гульнёй у свеце», і ён не жадае быць «часткай гэтага»[37]. І ўсё ж, пасля адбыцці дыскваліфікацыі Алекс працягнуў свой удзел у мэйн-туры.
Усё гэта адбывалася на фоне пагаршэння гульні Хігінса і яго сур’ёзных фінансавых праблем, што паўсталі па віне менеджарскай кампаніі Говарда Кругера. Framework Management Ltd., якая пакінула без заробку некалькіх прафесійных снукерыстаў, апынулася павінна яму больш 50 000 фунтаў стэрлінгаў. Хігінс адкрыта заявіў пра гэта, і менавіта яго вымога вярнуць грошы спрычынілася даканцовай ліквідацыі збанкрутаванай кампаніі, агульны доўг якой склаў 374 361 фунтаў. Пазней Кругера адхілілі ад яго дзейнасці на 5 гадоў, але доўг Хігінсу так ніхто і не вярнуў.
У апошнія гады сваёй кар’еры Алекс так і не змог вярнуцца нават у Топ-32. У апошні раз ён згуляў у фінальнай стадыі чэмпіянату свету ў 1994, саступіўшы ў 1⁄16 фіналу Кену Доэрці з лікам 6:10. Пасля гэтага матча рушыў услед чарговы скандальны інцыдэнт. Хігінс, памяняўшыся парай слоў з працаўнікамі турніру, пабіў пра сцяну слоічак з мачой, які павінен быў здаць на аналіз. Дысцыплінарны камітэт WPBSA пачаў расследаванне, але справа вялася так дрэнна, што адвакат Алекса, Робін Фелві, давёў адсутнасць складу парушэння. Услед за гэтым Хігінса хутка прызналі вінаватым у двух іншых вінавачаннях, якія раней яму не падаваліся. Фелві накіраваў 17 скаргаў на дзеянні WPBSA, але вынікам стала тое, што гэта арганізацыя зусім адмовілася ад разгляду якіх-небудзь скаргаў як з боку Хігінса, так і на паводзіны самога снукерыста.
Ужо ў той час (сярэдзіне 90-х) адзначаліся некаторыя праблемы Хігінса са здароўем, якія пасля прывялі да раку горла. І ўсё ж, у 1995 годзе ён дапамог еўрапейскай камандзе здабыць перамогу на прэстыжным Кубку Масконі — турніры па пулу.
У кваліфікацыі да чэмпіянату свету 1995 года, у 12 фрэйме матча супраць Тай Пічыта Хігінс зрабіў адзін са сваіх апошніх сэнчуры-брэйкаў у кар’еры. Па ходзе серыі ён набраў 103 ачкі, і перад чарговым ударам папрасіў рэферы адысці ўбок, бо той яму замінаў. Рэферы (Джон Уільямс ) адмовіўся, вытлумачыўшы гэта тым, што ён не будзе добра бачыць выкананне ўдару. Завязалася даволі працяглая спрэчка, аднак урэшце Хігінс шчасна завяршыў брэйк на адзнацы ў 137 ачкоў. Алекс успрыняў гэта дасягненне вельмі эмацыйна: ён плакаў пасля сканчэння партыі[38].
Свой апошні матч у прафесійнай кар’еры Алекс згуляў у 1997 годзе ў Плімуце — гэта быў кваліфікацыйны раўнд на адзін з турніраў мэйн-тура. Ён прайграў з рахункам 1:5 і ў агрэсіўным стане быў выправаджаны пад кантролем паліцыі. Раніцай яго знайшлі на зямлі каля мясцовага начнога клуба — як сказаў сам Хігінс, на яго напаў невядомы і стукнуў жалезным прутм. Неўзабаве пасля гэтага Алекс, які займаў на той момант 156 месца ў прамежкавым рэйтынгу[8], абвясціў пра завяршэнне кар’еры.
Першыя прыкметы хваробы, якая стала наступствам прыхільнасці да цыгарэт і алкаголю, з’явіліся ў Хігінса ў 1994 годзе. У 1996 годзе ў яго дыягнаставалі ракавую пухліну неба, і тады ж была зроблена першая аперацыя. Гэта не дапамагло перамагчы хваробу, і ў 1998 годзе Хігінс быў змушаны правесці каля 50 сеансаў радыетэрапіі . Паўторнае лячэнне прыпыніла далейшае развіццё раку, але курс выпрамянення фактычна спаліў яго зубы, з-за чаго Алекс праз некаторы час ужо не мог есці цвёрдую ежу. Як і многія іншыя курцы, Хігінс пасля выяўлення раку падаў у суд на цыгарэтныя брэнды Embassy і Benson & Hedges — галоўных снукерных фундатараў, але ў выніку ён не атрымаў ніякай кампенсацыі[39].
Пасля завяршэння сваёй прафесійнай кар’еры Алекс часта крытыкаваў сучасных снукерыстаў, сцвярджаючы, што іх гульня «вельмі прадказальная» і «нудная». Параўноўваючы стыль цяперашніх гульцоў са сваім, ён казаў:
Калі па ТБ ідзе чэмпіянат свету, я павінен глядзець, я пачуваюся абавязаным глядзець. Але ўсё вельмі прадказальна. Думаю, розніца паміж мной і імі ў тым, што я думаў значна хутчэй. У мяне мазгі працавалі хутчэй, і я заўсёды быў на некалькі ўдараў наперадзе, быццам бы ў мяне за сталом працавала сістэма навігацыі. Вельмі хутка ацэньваў кожную сітуацыю, і таму ў мяне была хуткасць[40].
Нягледзячы на разбуранае ракам здароўе, практычна ўсё астатняе жыццё Хігінс працягваў ужываць алкаголь, асабліва свой улюбёны Гінэс. У 2004 годзе, у адным з інтэрв’ю на пытанне пра яго цяперашні лад жыцця Хігінс адказаў так:
Я думаю, вам трэба глядзець на рэчы так, як яно ёсць. Можа здацца, што калі я так шмат курыў, то я не мог так шмат піць. Маё горла апынулася ўражана ракам, але з маёй печанню ўсё ў парадку. Гэта факт, які кажа сам за сябе. Я нядаўна выпіў паўлітра Гінэса, і, калі гэта інтэрв’ю скончыцца, я пайду дапіваць астатнюю частку[41].
Хоць здароўе Хігінса працягвала паступова пагаршацца, ён спрабаваў вярнуцца да гульняў на прафесійных турнірах, але ўсе яго выступы ў 2005—2007 гадах на прафесійным чэмпіянаце Ірландыі скончыліся пасля першага ж матча — буйныя паразы ад Гары Хардымана, Джо Дэлані і Фергала О’Браена адпаведна. Хігінс таксама планаваў згуляць у кваліфікацыі на чэмпіянат свету 2003, але паводле некаторых прычын матч не адбыўся.
Потым Алекс працягваў гуляць у розных аматарскіх турнірах і праводзіць паказальныя гульні ў мясцовых клубах, каб зарабіць сабе на жыццё. У 2009 ён узяў удзел у чэмпіянаце свету па шасці чырвоным, аднак выйграў толькі адзін матч з чатырох і не выйшаў з групы. У маі таго ж года ён згуляў у аматарскім чэмпіянаце Ірландыі[42], а ў кастрычніку — у серыі «Легенды Снукера». Яго апошні афіцыйны матч адбыўся 8 красавіка 2010 года ў Тэатры Крусібл (Шэфілд) на яшчэ адным турніры для ветэранаў — Snooker Legends Tour. За некалькі дзён да гэтага Хігінс, які выпрабаваў праблемы з дыханнем, быў дастаўлены ў шпіталь, дзе ў яго выявілі пнеўманію[43].
Апошнія гады жыцця Хігінс правёў амаль у галечы, растраціўшы да гэтага вялікую частку свайго стану на алкаголь, цыгарэты і забаўкі. Ён жыў у маленькай кватэры ў Белфасце, якая была пададзена яму мясцовым прытулкам, і атрымваў дзяржаўную пенсію ў памеры 200 фунтаў стэрлінгаў штотыдзень[44]. У студзені 2009 у доме, дзе жыў Хігінс, адбыўся пажар, але Алекс не пацярпеў, нягледзячы на тое, што пажар пачаўся ноччу[45].
Пагаршала яго становішча і тое, што ён моцна схуднеў, і з часам яго самаадчуванне толькі пагаршалася — гэта было злучана з наступствамі лячэння раку. Апроч таго, з-за разрыву галасавых звязкаў да 2010 года Алекс мог гаварыць толькі паўшэптам[46]. Хігінс заяўляў, што нават хацеў скончыць самагубствам з-за свайго жудаснага стану[40][47]. Паведамлялася, што яму можна было дапамагчы, сабраўшы £ 20000 на ўсталёўку дваццаці чатырох адмысловых зубных імплантаў — яны б дазволілі яму нармальна харчавацца і не губляць далей масу цела. У красавіку 2010 года сябры Алекса абвясцілі кампанію па зборы сродкаў, але ўрэшце імпланты для аперацыі яму падарылі прадстаўнікі Манчэстэрскай стаматалагічнай кампаніі. І ўсё ж, наступнае абследаванне ў Іспаніі[48] паказала, што ён знаходзіцца ў гэтак дрэнным стане, што можа не перанесці аперацыю[49].
24 ліпеня 2010 года Алекс Хігінс памёр[50]. Яго знайшлі мёртвым у ложку ўласнай кватэры ў Белфасце. Прычынай смерці было названа некалькі фактараў: недаяданне, рак горла і пнеўманія. Было ўсталявана, што напярэдадні смерці Хігінс важыў 38 кілаграмаў[44]. Джымі Уайт, блізкі сябар Хігінса, сцвярджаў, што асноўнай прычынай смерці стала нежаданне Алекса есці[51].
На пахаванні Алекса ў яго родным горадзе прыйшлі мноства прыхільнікаў яго таленту, сябры і знаёмыя[52]. На паніхідзе, якая прайшла 2 жніўня ў саборы святой Ганны, былі Джымі Уайт, Стывен Хендры, Кен Доэрці і некаторыя іншыя вядомыя снукеристы, а таксама былая жонка Алекса, Лін, і яго дзеці — Ларэн і Джордан. Цела Хігінса было пахавана на могілкі Carnmoney Cemetery (Паўночны Белфаст)[53].
За некалькі месяцаў да смерці Хігінс планаваў узяць удзел у чэмпіянаце свету сярод ветэранаў, які адбыўся ў лістападзе 2010 года[54].
Хігінс на працягу ўсёй сваёй кар’еры быў вядомы не толькі хуткай і цікавай гульнёй, але і схільнасцю злоўжываць алкаголем і тытунём, а таксама няўстойлівым характарам, што нярэдка прыводзіла яго да сварак і боек — па-за і падчас матчаў. Пры яго ўдзеле адбылося некалькі буйных скандалаў, сярод найболей заўважных — выпадкі на чэмпіянаце Вялікабрытаніі ў 1986 годзе і на чэмпіянаце свету ў 1990 годзе. Апроч таго, Хігінс быў вельмі азартным гульцом, і значную частку сваіх грошай марнаваў на казіно і падобныя гэтаму ўстановы.
Хоць Хігінс не займаўся дабрачыннай дзейнасцю, у 1983 годзе ён дапамог 12-гадоваму хлопчыку, яго заўзятару з Англіі. Хлопчык два месяцы знаходзіўся ў коме, і яго бацькі напісалі ліст Алексу з просьбай пра дапамогу. У адказ ён адправіў аўдыёзапіс са словамі падтрымкі і пажаданнямі, а пазней наведаў хлопчыка ў лякарні і паабяцаў, што як толькі ён акрыяе, яны згуляюць у снукер разам. Гэта пазней і адбылося[44].
У цэлым у Алекса Хігінса было негатыўнае стаўленне да прэсы[8]. Яны яшчэ больш ускладніліся пасля яго выступу на прэс-канферэнцыі ў 1990 годзе, калі Алекс, апроч іншага, звінаваціў журналістаў у перакручванні фактаў і ва ўварванні ў яго асабістае жыццё[55][56].
Хігінс быў даўнім і блізкім сябрам яшчэ аднаго «народнага чэмпіёна», Джымі Уайта, які дапамагаў яму ў складаных сітуацыях[51]. Таксама ён быў знакам са знакамітым футбалістам Джорджам Бэстам (Хігінса часам параўноўваюць з Бэстам за падабенства іх жыццёвага шляху)[57][58], акторам Оліверам Рыдам[59] і снукерыстам Роні О’Саліванам. Олівер Рыд быў прыяцелем Хігінса, і часта яны разам праводзілі час у барах. Вядомы выпадак, калі Рыд і Хігінс уладкавалі «матч», у якім адзін выпіў кактэйль з мыйнага сродку і рому, а іншы — сумесь віскі і адэкалону[12].
Алекс Хігінс быў двойчы жанаты. Першы раз ён жаніўся з аўстралійкай Карэ Хаслер у красавіку 1975 года (пазнаёміліся ў 1973 у Аўстраліі). Кара нарадзіла ад яго дзяўчынку Крыстэль[11], хоць пазней у аўтабіяграфіі Алекс напісаў, што не ўпэўнены ў гэтым сваім бацькоўстве[60]. Другой жонкай Хігінса была Лін Эвісан, з якой ён пазнаёміўся ў канцы 70-х у Манчэстэры[12]. Яны пражылі ў шлюбе 5 гадоў (1980—1985). Лін нарадзіла яму дачку Ларэн (1980) і сына Джордана (1983)[12]. Эвисон пазней сказала, што жыццё з Алексам было падобна на «жыццё ля края вулкана», але ў той жа час яна захавала нармальныя адносіны з ім і разам з дзецьмі наведвала ўжо хворага ракам Хігінса[12].
Алекс таксама некалькі гадоў пражыў з Шывон Кід, выпускніцай псіхалагічнага факультэта, а яшчэ пазней, у 1990-х — з Холі Хейз, але абодва разу супольнае жыццё сканчалася сваркамі. Кід пазнаёмілася з Хігінсам у 1987 годзе і спачатку апісвала яго як «самага далікатнага чалавека», якога калі-небудзь сустракала[38]. Аднак ужо праз два гады пасля гэтага яна заявіла паліцыі, што падпадала пад гвалт. Холі Хейз таксама не пражыла з ім доўга, аднойчы яна нават спрабавала скончыць з сабой[60]. Урэшце, пасля аднаго з канфліктаў Хейз стукнула яго нажом. Алекс адмовіўся даваць супраць яе сведчанні.
У 2007 годзе Хігінс напісаў сваю біяграфію, кніга атрымала назву «Вачамі Урагану. Мая гісторыя».
Па свайму рэлігійнаму перакананню Хігінс быў пратэстантам[61]. Ён сцвярджаў, што заўсёды верыў у Бога і разам з тым у паранармальныя здольнасці чалавека:
Я досыць моцна веру ў астралогію. Па знаку задыяка я — Рыбы. І быў адзін выпадак у маім дзяцінстве, які пераканаў мяне ў існаванні звышнатуральнага. Аднойчы, калі я не пайшоў у дзіцячы сад і застаўся ўдома, да нас прыйшла цыганка. Мая мама не верыла ў такія здольнасці, але яна дазволіла ёй паваражыць. Цыганка сказала, што ў нашай сям’і ёсць нехта вельмі таленавіты. Мама адказала, што гэта была мая сястра, бо яна ўмела вельмі добра спяваць. Але кабета сказала: «Не. Гэта не дзяўчынка. Гэта хлопчык». Гэты выпадак адбыўся, калі мне было 4 ці 5 гадоў, яшчэ да таго, як я пачаў гуляць у снукер[41].
Я веру ў Бога. Не хаджу ў царкву, але па-ранейшаму захоўваю Біблію, якую падарыла мне мама, калі мне было 15 гадоў. Я чытаў Біблію і сказаў сабе: «Ты можаш змагацца». Усё сваё жыццё я быў ваяром. Менавіта гэта і спыніла мяне[40].
Алекс Хігінс заўсёды гуляў у атакуючы і вельмі «хуткі» снукер, але, нягледзячы на гэта, ён умеў рабіць і добрыя пазіцыйныя ўдары. Ён быў адным з нешматлікіх снукерыстаў, якія часта выкарыстоўваюць для пабудовы серый найболей складаныя варыянты[61]. Разам з тым, Хігінс меў унікальную тэхніку выканання ўдараў, якая значна адрозніваецца ад класічнай: падчас прыцэльвання яна складалася з дзіўных рухаў цела і крыху больш высокае, чым у іншых гульцоў, палажэнне цела[62].
Таксама быў незвычайным і сам працэс нанясення ўдару. За сталом Хігінс заўсёды рухаўся вельмі актыўна і хутка — у прыватнасці, дзякуючы гэтаму за ім і замацавалася мянушка «Ураган»[46]. Характэрна, што гэтыя стыль гульні і тэхніка Хігінса ўжываліся ім амаль без змен на працягу ўсёй яго кар'еры.
На думку спецыялістаў, гульня Алекса моцна залежала ад яго настрою. Будучы ў добрым настроі, ён мог з лёгкасцю перамагчы любога саперніка, і наадварот. Разам з тым, вядома шмат выпадкаў, калі Хігінс здзяйсняў неверагодныя камбэкі — да прыкладу, матч супраць Уайта на ЧС-1982 ці супраць Дэвіса на чэмпіянаце Брытаніі 1983.
Хігінс гаварыў, што часам падчас гульні ён адмыслова спрабаваў псіхалагічна націснуць на сапернікаў дзеля дасягнення сваёй мэты. Вядомы выпадак, калі перад матчам супраць Стывена Хендры ў 1991 годзе Алекс уважліва паглядзеў на яго і «папярэдзіў»: «Прывітанне, я — д'ябал»[63][64].
Снукер у выкананні Алекса Хігінса стаў правобразам стылю гульні Джымі Уайта і паслужыў пачатку кар'еры Роні О'Салівана[50][65]. І Уайт, і О'Саліван імкнуцца гуляць хутка, відовішчна і выкарыстоўваюць крутыя вінты ў сваіх ударах[66][67].
Хігінс быў праўшуном[68], але параўнальна нядрэнна мог гуляць і левай рукой.
За сваю кар'еру Хігінс выйграў звыш 20 прафесійных турніраў — адзін з самых высокіх паказнікаў на той час. Згуляўшы ў чатырох фіналах чэмпіянатаў свету, ён выйграў 2 з іх; апроч таго, Алекс двойчы перамагаў на самым прэстыжным нерэйтынгавым турніры[69] — Мастэрс, і адзін раз — на чэмпіянаце Вялікабрытаніі.
Самым важным спартовым дасягненнем Алекса Хігінса стала перамога на чэмпіянаце свету 1982 года. Вылучаецца і яго знакаміты клірэнс у 69 ачкоў, які потым яшчэ вельмі доўга паўтаралі па тэлебачанні як адзін з лепшых у гісторыі снукера[70].
Гэта серыя стала навочным узорам яго пабудовы брэйкаў і прыкладам таго, як ён мог гуляць пад псіхалагічным ціскам.
Сам Хігінс неаднаразова казаў, што яму прыналежыць вялікая роля ў папулярызацыі снукера:
Думаю, я быў самым натуральным і харызматычным гульцом з усіх, калі-небудзь якія бралі кій у рукі. Думаю, часам мая прысутнасць у стала проста гіпнатызавала. Захоплівала. Я гэта кажу не для таго, каб пацешыць сваё эга. Гэта людзі мне кажуць. Яны кожны дзень спыняюць мяне на вуліцы са словамі «калі ты вернешся, Алекс, калі пакажаш гэтым пасярэднасцям, што сцвярджаюць, што з'яўляюцца снукерыстамі, як трэба гуляць у гэту гульню?» Я кажу, што цяпер здароўе не дазваляе. Але я хацеў бы[46].
Хігінс зрабіў 81 сэнчуры-брэйк у рамках прафесійных спаборніцтваў, што з'яўляецца адносна невялікім паказнікам па сучасных мерках, аднак, улічваючы малую колькасць праводжаных тады турніраў, гэта нядрэнны вынік. Найлепшы для сябе брэйк у прафесійнай кар'еры Хігінс зрабіў на British Open 1985 — серыя склала 142 ачкі. Падлічана, што Алекс Хігінс зарабіў на снукеры каля 4 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў[44].
Характэрна таксама, што некаторы час Хігінс на высокім роўні гуляў і ў пул — у прыватнасці, у 1995 годзе ён, у складзе еўрапейскай зборнай, стаў уладальнікам Кубка Масконі. А ў 1991 ён браў удзел у чэмпіянаце свету па трыкшоту.
Нягледзячы на тое, што Хігінс у цэлым выйграў менш турніраў, чым Рэй Рыярдан ці Стыў Дэвіс (абодва гэтыя гульцы дамінавалі на абсалютнай большасці буйных спаборніцтваў у 70-я і 80-я гады адпаведна)[71][72], яго дагэтуль адносяць да лепшых снукерыстаў за ўсю гісторыю гульні — перадусім дзякуючы яго папулярнасці і таленту[73]. У дакументальным фільме 2002 года Клайва Эвертана Дэвіс апісваў Хігінса як «адзінага па-сапраўднаму геніяльнага снукериста»[74]. У той жа час Вілі Торн пісаў у аўтабіяграфіі, што «Хігінса няможна лічыць вялікім гульцом, але яго прыродныя здольнасці вырабілі сапраўдную рэвалюцыю ў спорце і паднялі ровень гульні на сусветнай арэне ў 1970-х — 1980-х гадах»[62][75]. Сам Эвертан палічыў, што Дэвіс і Рыярдан, якія дамінавалі кожны па дзесяцігоддзі, былі «занадта паслядоўныя і стабільныя» для таго, каб Алекс мог іх увесь час перамагаць.
Хігінс усталяваў некалькі сусветных рэкордаў і іншых характэрных дасягненняў у снукеры. У свой час ён стаў наймалодшым чэмпіёнам свету і першым за ўсю гісторыю снукера, якія прабіліся праз кваліфікацыю[39]. Таксама яму даволі доўгі час прыналежаў узроставы рэкорд па выкананні максімальнага брэйку: ён зрабіў серыю ў 147 ачкоў у 16 гадоў. У 1976, у паказальным матчы супраць Вілі Торна Алекс зрабіў адзін з першых клірэнсаў з выкарыстаннем свабоднага шара — брэйк склаў 146 ачкоў. Пры пабудове гэтай серыі Хігінс па адным разе згуляў карычневы і зялёны, 10 раз чорны і 5 — ружовы[76]. А ў адной з паказальных гульняў 70-х Алекс зрабіў сэнчуры ў 118 ачкоў ледзь больш за за дзве хвіліны (2 м. 4 хв.)[12] — гэта значна хутчэй, чым аналагічны брэйк Тоні Драга на чэмпіянаце Вялікабрытаніі 1996 года (брэйк Драга лічыцца самым хуткім на афіцыйных спаборніцтвах)[77].
Ніжэй пададзена статыстыка выступаў Алекса Хігінса на трох асноўных турнірах сезона — чэмпіянаце свету, чэмпіянаце Вялікабрытаніі і Мастарс.
Абазначэнні | |||
---|---|---|---|
— | не гуляў у фінальнай стадыі/не браў удзел у турніры | #Р | выбыў у # раўндзе |
1⁄4 | чвэрцьфінал | 1⁄2 | паўфінал |
Ф | фіналіст | П | пераможца |
турнір не праводзіўся |
Гады | 1972 | 1973 | 1974 | 1975 | 1976 | 1977 | 1978 | 1979 | 1980 | 1981 | 1982 | 1983 | 1984 | 1985 | 1986 | 1987 | 1988 | 1989 | 1990 | 1991 | 1992 | 1993 | 1994 | 1995 | 1996 | 1997 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
ЧС | П | 1⁄2 | 1⁄4 | 1⁄2 | Ф | 1Р | 1Р | 1⁄4 | Ф | 2Р | П | 1⁄2 | 1Р | 2Р | 2Р | 2Р | 1Р | — | 1Р | — | — | — | 1Р | — | — | — |
ЧВ | 1⁄2 | 1⁄2 | 1⁄4 | Ф | 1⁄4 | Ф | П | Ф | 2Р | 1⁄2 | 2Р | 1Р | 1Р | — | 1Р | 1Р | — | 3Р | — | — | — | |||||
Мастэрс | 1⁄4 | 1⁄4 | 1⁄2 | П | Ф | Ф | П | 1⁄2 | 1Р | 1⁄4 | 1⁄4 | 1Р | Ф | 1/4 | — | 1Р | — | — | — | — | — | — | — |
Легенда |
Чэмпіянат свету (1–2) |
Чэмпіянат Вялікабрытаніі (0–1) |
Іншыя (0–2) |
№ | Вынік | Год | Турнір | Апанент у фінале | Лік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Параза | 1976 | Чэмпіянат свету | Рэй Рыярдан | 16:27 |
2 | Параза | 1980 | Чэмпіянат свету | Кліф Торбурн | 16:18 |
3 | Перамога | 1982 | Чэмпіянат свету | Рэй Рыярдан | 18:15 |
4 | Параза | 1984 | Чэмпіянат Вялікабрытаніі | Стыў Дэвіс | 8:16 |
5 | Параза | 1988 | Гран-пры | Стыў Дэвіс | 6:10 |
6 | Параза | 1990 | Адкрыты чэмпіянат Брытаніі | Боб Чэйпран | 8:10 |
№ | Вынік | Год | Турнір | Апанент у фінале | Лік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Перамога | 1978 | Мастэрс | Кліф Торбурн | 7:5 |
2 | Параза | 1979 | Мастэрс | Пэры Мэнс | 4:8 |
3 | Параза | 1980 | Мастэрс | Тэры Грыфітс | 5:9 |
4 | Перамога | 1981 | Мастэрс | Тэры Грыфітс | 9:6 |
5 | Параза | 1987 | Мастэрс | Дэніс Тэйлар | 8:9 |
Легенда |
Рэйтынгавыя турніры (1–5) |
Нярэйтынгавыя турніры (23–22) |
Вынік | ПДВ | Дата | Турнір | Апанент у фінале | Лік |
---|---|---|---|---|---|
Перамога | 1 | 8 студзеня 1972 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў | Джэйкі Ры | 28:12 |
Параза | 1 | 1972 | Парк Драйв (вясна) | Джон Спэнсэр | 3:4 |
Перамога | 2 | 1972 | Men of the Midlands | Джон Спэнсэр | 4:2 |
Перамога | 3 | 26 лютага 1972 | Чэмпіянат свету, Бірмінгем, Англія | Джон Спэнсэр | 37:32 |
Параза | 2 | 1972 | Парк Драйв (восень) | Джон Спэнсэр | 3:5 |
Перамога | 4 | 1973 | Men of the Midlands | Рэй Рыярдан | 5:3 |
Перамога | 5 | 22 снежня 1974 | Адкрыты чэмпіянат Уотні, Лідс, Англія | Фрэд Дэвіс | 17:11 |
Параза | 3 | 1975 | Ірландскі турнір, Дублін, Ірландыя | Джон Спэнсэр | 7:9 |
Перамога | 6 | 1975 | Адкрыты чэмпіянат Канады, Канада | Джон Палмэн | 15:7 |
Параза | 4 | 1976 | Ірландскі турнір, Дублін, Ірландыя | Джон Спэнсэр | 0:5 |
Параза | 5 | 24 красавіка 1976 | Чэмпіянат свету, Манчэстэр, Англія | Рэй Рыярдан | 16:27 |
Перамога | 7 | 11 мая 1976 | Canadian Club Masters, Лідс, Англія | Рэй Рыярдан | 6:4 |
Параза | 6 | 1976 | Адкрыты чэмпіянат Канады, Таронта, Канада | Джон Спэнсэр | 9:17 |
Перамога | 8 | 1977 | Ірландскі турнір, Дублін, Ірландыя | Рэй Рыярдан | 5:3 |
Перамога | 9 | 5 верасня 1977 | Адкрыты чэмпіянат Канады, Таронта, Канада | Джон Спэнсэр | 17:14 |
Параза | 7 | 21 снежня 1977 | Кубак Драй Блэктарн, Лондан, Англія | Пэтсі Фэйган | 2:4 |
Перамога | 10 | 4 лютага 1978 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Дэніс Тэйлар | 21:7 |
Перамога | 11 | 10 лютага 1978 | Мастэрс, Лондан, Англія | Кліф Торбурн | 7:5 |
Перамога | 12 | 1978 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Пэтсі Фэйган | 21:13 |
Параза | 8 | 3 лістапада 1978 | Champion of Champions, Лондан, Англія | Рэй Рыярдан | 9:11 |
Параза | 9 | 26 студзеня 1979 | Мастэрс, Лондан, Англія | Пэры Мэнс | 4:8 |
Перамога | 13 | 21 лютага 1979 | Толі Кобальд Класік, Іпсвіч, Англія | Рэй Рыярдан | 5:4 |
Перамога | 14 | 1979 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Пэтсі Фэйган | 21:12 |
Параза | 10 | 7 студзеня 1980 | Класік, Манчэстэр, Англія | Джон Спэнсэр | 3:4 |
Параза | 11 | 9 лютага 1980 | Мастэрс, Лондан, Англія | Тэры Грыфітс | 5:9 |
Перамога | 15 | 1980 | Толі Кобальд Класік, Іпсвіч, Англія | Дэніс Тэйлар | 5:4 |
Параза | 12 | 1980 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Дэніс Тэйлар | 15:21 |
Перамога | 16 | 28 лютага 1980 | Залаты кубак Брытаніі, Дэрбі, Англія | Рэй Рыярдан | 5:1 |
Перамога | 17 | 1980 | Padmore / Super Crystalate International, Вэст Бромвіч, Англія | Пэры Мэнс | 4:2 |
Параза | 13 | 5 мая 1980 | Чэмпіянат свету, Шэфілд, Англія | Кліф Торбурн | 16:18 |
Перамога | 18 | 17 мая 1980 | Pontins Camber Sands, Кэмбер Сэндс, Англія | Дэніс Тэйлар | 9:7 |
Параза | 14 | 29 лістапада 1980 | Чэмпіянат Вялікабрытаніі, Прэстан, Англія | Стыў Дэвіс | 6:16 |
Перамога | 19 | 1 лютага 1981 | Мастэрс, Лондан, Англія | Тэры Грыфітс | 9:6 |
Параза | 15 | 13 сакавіка 1982 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Колрэйн, Паўночная Ірландыя | Дэніс Тэйлар | 13:16 |
Перамога | 20 | 16 мая 1982 | Чэмпіянат свету, Шэфілд, Англія | Рэй Рыярдан | 18:15 |
Параза | 16 | 26 верасня 1982 | Мастэрс Шатландыі, Глазга, Шатландыя | Стыў Дэвіс | 4:9 |
Параза | 17 | 4 снежня 1982 | Чэмпіянат Вялікабрытаніі, Прэстан, Англія | Тэры Грыфітс | 15:16 |
Перамога | 21 | 13 сакавіка 1983 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Дэніс Тэйлар | 16:11 |
Перамога | 22 | 4 снежня 1983 | Чэмпіянат Вялікабрытаніі, Прэстан, Англія | Стыў Дэвіс | 16:15 |
Параза | 18 | 2 снежня 1984 | Чэмпіянат Вялікабрытаніі, Прэстан, Англія | Стыў Дэвіс | 8:16 |
Параза | 19 | 31 сакавіка 1985 | Айрыш Мастэрс, Кіл, Ірландыя | Джымі Уайт | 5:9 |
Параза | 20 | 11 красавіка 1985 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Дэніс Тэйлар | 5:10 |
Параза | 21 | 1985 | Карлсбэрг Чэлендж, Дублін, Ірландыя | Джымі Уайт | 3:8 |
Параза | 22 | 13 мая 1986 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Белфаст, Паўночная Ірландыя | Дэніс Тэйлар | 7:10 |
Параза | 23 | 21 верасня 1986 | Мастэрс Шатландыі, Глазга, Шатландыя | Кліф Торбурн | 8:9 |
Параза | 24 | 1 лютага 1987 | Мастэрс, Лондан, Англія | Дэніс Тэйлар | 8:9 |
Параза | 25 | 1988 | Нярэйтынгавая серыя WPBSA – Этап 1, Глазга, Шатландыя | Гэры Уілкінсан | 4:5 |
Параза | 26 | 23 кастрычніка 1988 | Гран-пры, Рэдынг, Англія | Стыў Дэвіс | 6:10 |
Перамога | 23 | 1989 | Чэмпіянат Ірландыі сярод прафесіяналаў, Антрым, Паўночная Ірландыя | Джэк Мак-Лафлін | 9:7 |
Перамога | 24 | 1989 | Айрыш Мастэрс, Кіл, Ірландыя | Стывен Хендры | 9:8 |
Параза | 27 | 4 сакавіка 1990 | Адкрыты чэмпіянат Брытаніі, Дэрбі, Англія | Боб Чэйпран | 8:10 |
Сезон | Месца | Розніца |
---|---|---|
1976/77 | 2 | — |
1977/78 | 5 | ↓ 3 |
1978/79 | 7 | ↓ 2 |
1979/80 | 11 | ↓ 4 |
1980/81 | 4 | ↑ 7 |
1981/82 | 10 | ↓ 6 |
1982/83 | 2 | ↑ 8 |
1983/84 | 5 | ↓ 3 |
1984/85 | 9 | ↓ 4 |
1985/86 | 9 | → 0 |
1986/87 | 6 | ↑ 3 |
1987/88 | 9 | ↓ 3 |
1988/89 | 17 | ↓ 8 |
1989/90 | 24 | ↓ 7 |
1990/91 | 14 | ↑ 10 |
1991/92 | 120 | ↓ 106 |
1992/93 | 72 | ↑ 48 |
1993/94 | 61 | ↑ 11 |
1994/95 | 48 | ↑ 13 |
1995/96 | 51 | ↓ 3 |
1996/97 | 99 | ↓ 48 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.