From Wikipedia, the free encyclopedia
Усходнепалеская, або Прыпяцкая школа дойлідзтва сфармавалася, як і заходнепалеская школа, у XVII—XVIII староччах у драўляным грамадзянскім і культавым дойлідзтве Беларускага Палесься, і разьвівалася да пачатку XX старочча. Склалася ў Прыпяцкім Палесьсі й верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, усходу Берасьцейскай і поўдні Менскай вобласьцяў). На раньнім этапе заўважалася сувязь школы з Бойкаўшчынай (Украінскія Карпаты), на позьнім пэўны ўплыў зрабіла дойлідзтва Левабярэжнай Украіны.
Для асноўнай часткі гэтай тэрыторыі характэрныя вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары й дзьвюх-, трохкамэрныя хаты. Жыльлё й гаспадарчыя пабудовы вылучаліся тэхнікай складаньня сьцен зь бярвён (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвён «астатку» счэсваліся на шэсьць граней), выкарыстаньнем двухсхільных дранічных дахаў на зволаках. У паўднёвай частцы зоны сустракаліся цэнтрычныя пабудовы жылога й гаспадарчага прызначэньня зь вянковым пірамідальным перакрыцьцём. На паўднёвым усходзе многія жылыя будынкі мелі квадратны плян і вальмавы каркасны дах.
У культавым дойлідзтве, разам з храмамі падоўжна-восевай кампазыцыі, былі пашыраныя храмы глыбінна-прасторавай і крыжова-цэнтрычнай кампазыцыі зь яруснымі вярхамі. На раньняй стадыі разьвіцьця школы, у XVII — 1-й палове XVIII стагодзьдзяў, вярхі чацьверыковыя пірамідальныя, як у Сінкевіцкай Ґеоргіеўскай царкве, пад уплывам стылю барока расла колькасьць заломаў, як у Слуцкай Міхайлаўскай царкве), вярхі станавіліся васьмерыковымі, як у Старабеліцкай Мікалаеўскай царкве.
У другой палове XVIII — пачатку XIX стагодзьдяў усходнепалескай школай выпрацаваны арыґінальны прыём узмацненьня кантрасту кампазыцыі цэнтральнага храмавага абʼёму ў выніку пастаноўкі паміж дзьвума васьмерыкамі чацьверыка, падобны прыём выкарыстаны ў Рубельскай Міхайлаўскай царкве. Такі прыём характэрны й для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазыцыі са званіцамі на галоўным фасадзе (Гомельская Ільінская царква).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.