Расізм
вучэньне пра перавагу пэўнай расы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Расі́зм — сукупнасьць вучэньняў, у аснове якіх ляжаць палажэньні аб фізычнай і псыхічнай непаўнавартасьці чалавечых расаў і вырашаючым уплывам расавых адрозьненьняў на гісторыю і культуру грамадзтва. Расізм уключае ідэі аб спрадвечным разьдзяленьні людзей на вышэйшыя і ніжэйшыя расы, зь якіх першыя зьяўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі і пакліканыя дамінаваць над другімі. Ажыцьцяўленьне расісцкіх тэорыяў на практыцы часам знаходзіць сваё адлюстраваньне ў палітыцы расавай дыскрымінацыі.
Іншымі словамі, гэта палітычная канцэпцыя, згодна зь якой чалавечыя расы не зьяўляюцца роўнымі паміж сабой, то бок, адрозьніваюцца па некаторых істотных прыкметах, якія могуць быць аб’ектыўна ацэненыя ў катэгорыях «лепшы — горшы». У сацыяльна-псыхалягічным пляне расізм зьвязаны з ксэнафобіяй, але калі ксэнафобія носіць апантанны характар, то расізм прэтэндуе на тэарэтычную абгрунтаванасьць, апэлюючы да навукі, як то антрапалёгія, генэтыка і іншыя. Тая акалічнасьць, што сучаснае веданьне пра чалавека дэзавуявала «расавыя тэорыі» як ненавуковыя, не перашкаджае разьвіцьцю расізму як ідэалёгіі. Расізм асуджаецца міжнародным супольніцтвам.
У сацыяльна-філязофскім пляне расізм зьвязаны з абсалютызацыяй і натуралізацыяй адрозьненьняў у расавых таксаноміях. Фіксуючы ўвагу на сапраўдных фэнатыпічных адрозьненьнях паміж чалавечымі групамі, як то колер скуры, гушчыня валасянога покрыва, форма носу, разрэз вачэй і іншыя фактары, расізм інтэрпрэтуе гэтыя адрозьненьні ў якасьці крыніцы сацыякультурных адрозьненьняў. Паміж зьнешнім абліччам той ці іншай групы людзей, то бок іхнай «расавай» прыналежнасьцю і іхнай «цывілізацыйнай» прыналежнасьцю, расісцкая дактрына ўсталёўвае адносіны дэтэрмінацыі: мяркуецца, што той ці іншы антрапалягічны тып зь неабходнасьцю выражае сябе ў строга вызначаных сацыяльных і культурных формах.
Вядомым змагаром з расізмам быў амэрыканскі сьвятар Мартын Лютэр Кінг.