моўная сям’я From Wikipedia, the free encyclopedia
А́ўстраазія́цкія мовы (радзей: мон-кгмэ́рскія) — сям’я моваў, якія распаўсюджаныя адасобленымі арэаламі ў Паўднёва-Ўсходняй і Паўднёвай Азіі. Сярод гэтых моваў толькі кгмэрская й віетнамская маюць вялікую колькасьць носьбітаў і параўнальна вялікі арэал распаўсюджаньня, толькі тры мовы — кгмэрская, віетнамская, монская, маюць даўнюю літаратурную традыцыю. Астатнія аўстраазіяцкія мовы, як правіла, маюць адносна невялікую колькасьць носьбітаў, ня маючы афіцыйнага статусу і вялікага моўнага арэалу.
Аўстраазіяцкая сям’я | |
мон-кгмэрская | |
Народнасьць | аўстрааазіяцкія народы |
---|---|
Арэал | Паўднёвая й Паўднёва-Ўсходняя Азія |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Аўстрычная макрасям’я (гіпотэза)
|
Склад |
мунда, кгасі-палаўнская, кгму, паканская, віета-катуйская, багнарская, кгмэрская, пэарская, нікабарская, асьлінская, монская, шомпэнская (?) галіны
|
Колькасьць носьбітаў | каля 90 млн чал. |
Арэал аўстраазіяцкіх моваў на мапе Паўднёва-Ўсходняй Азіі |
Лінгвістычны партал Ethnologue у складзе аўстраазіяцкай сям’і налічвае прынамсі 171 мову[1]. Аўстраазіяцкую сям’ю моваў традыцыйна прынята дзяліць на дзьве галіны: мон-кгмэрскую й мунда, якія, у сваю чаргу, разгаліноўваюцца на 13—14 групаў.
Іншыя клясыфікацыі прапаноўваюць падзел аўстраазіяцкае сям’і на 3 галіны: мунда, кгасі-кгму і ўласна мон-кгмэрскую[2]. Паводле іншых прапаноўваецца адмова ад мон-кгмэрскае галіны ўвогуле, перамяшчаючы тэрмін мон-кгмэрскія мовы ў значэньне сыноніму тэрміну аўстраазіяцкія мовы[3].
Аўстраазіяцкія мовы геаграфічна блізкія да моваў індаэўрапейскай, сына-тыбэцкай, тай-кадайскай, аўстранэзійскай і дравідыйскай сем’яў, якія, аднак зьявіліся ў рэгіёне пазьней за аўстраазіяцкія[4]. Генэтычныя дасьледаваньні носьбітаў аўстраазіяцкіх моваў сьведчаць пра паходжаньне іх продкаў у рэгіёне сучаснай Індыі ды іх міграцыі ў рэгіён Паўднёва-Ўсходняй Азіі з даліны ракі Брахмапутра[5].
Аўстраазіяцкія мовы вылучаюцца на фоне астатніх моўных сем’яў асаблівым узорам складаньня дзеясловаў і назоўнікаў, якія звычайна ўтвараюцца з рэдукаванага і поўнага складу. Часта маюцца таксама інфіксы — марфэмы, якія ўстаўляюцца ў сярэдзіну кораню.
У фанэтыцы й фаналёгіі адзначаецца прысутнасьць вялікае колькасьці галосных, а таксама тры віды іх супрацьпастаўленьня: паводле рэгістру, паводле мадальнага або прыдыхальнага голасу альбо паводле мадальнага або рыпучага голасу[6]; мовы пэарскай і некаторыя мовы віецкай галінаў могуць мець тры або нават чатыры віды супрацьпастаўленьня галосных. Некаторыя з аўстраазіяцкіх моваў страцілі супрацьпастаўленьне паводле рэгістру, замест чаго разьвіліся дыфтонгі або, як, напрыклад, у віетнамскай мове, тоны.
У сучаснай лінгвістыцы праводзяцца дасьледаваньні па рэканструкцыі прааўстраазіяцкай мовы. Сярод падобных працаў адзначаюцца параўнальны слоўнік мон-кгмэрскіх моваў брытанскага лінгвіста Г. Л. Шорта. Тым ня менш, адносна слаба засьведчаныя мовы мунда, распаўсюджаныя на ўсходзе і ў цэнтры Індыі.
Паводле Сыдўэла падаецца наступная рэканструкцыя інвэнтару зычных у прааўстраазіяцкай мове:
*p | *t | *c | *k | *ʔ |
*b | *d | *ɟ | *ɡ | |
*ɓ | *ɗ | *ʄ | ||
*m | *n | *ɲ | *ŋ | |
*w | *l, *r | *j | ||
*s | *h |
Гук *ʄ лепей захоўваецца ў катуйскіх мовах, якія распаўсюджаныя на паўднёвым усходзе Лаосу і паўночным усходзе Віетнаму. Згодна з тэорыяй Сыдўэла прарадзіма носьбітаў аўстраазіяцкіх моваў месьцілася ў сярэднім цячэньні ракі Мэконг, што ў раёне сутыку межаў Камбоджы, Лаосу й Тайлянду. Ім жа прапаноўваецца тэорыя, паводле якой распад прааўстраазіяцкай мовы адбыўся значна пазьней, прыблізна ў 2000 г. да н.э.[7].
Сучаснымі лінгвістамі традыцыйна прызнаецца падзел аўстраазіяцкае моўнае сям’і на дзьве галіны: мон-кгмэрскую (Паўднёва-Ўсходняя Азія, Паўночна-Ўсходняя Індыя, Нікабарскія астравы) і галіну мунда (часткова ўсходняя ды цэнтральная Індыя, пэўныя раёны Банглядэш). Тым ня менш, існуе мала апублікаваных трывалых доказаў на карысьць падобнай клясыфікацыі.
Узаемнае дачыненьне ніжэй пададзеных групаў унутры аўстраазіяцкай сям’і зьяўляецца прыдметам дыскусіяў. У дадатак да гэтага, ніжэй прыведзеныя іншыя варыянты клясыфікацыі, якія адмаўляюць мон-кгмэрскую галіну наогул. Між тым, для любой з падобных клясыфікацыяў на цяперашні час апублікаваная малая колькасьць інфармацыі. Апрача таго, існуюць гіпотэзы, згодна зь якімі сьцьвярджаецца пра наяўнасьць субстрату іншых аўстраазіяцкіх моваў у некаторых не-аўстраазіяцкіх мовах: у ачэскай (поўнач Суматры), чамскіх мовах (Паўднёва-Ўсходняя Азія) і мовах даяк (Калімантан)[8].
Паводле Сыдўэла ў лексыкастатыстычным дасьледаваньні 36 аўстраазіяцкіх моваў, была ўсталяваная наяўнасьць падабенстваў амаль усіх аўстраазіяцкіх моваў, акрамя мунда і нікабарскіх, з багнарскімі і катуйскімі мовамі[9], згодна з чым Сыдўэл прыйшоў да высновы, што дадзеныя мовы патрэбна разглядаць як роўнааддаленыя адна да адной. Паводле Сыдўэла й Блэнча таксама высунутая гіпотэза пра існаваньне кгасі-палаўнскай групы, якая падзяляе шмат рысаў з мовамі кгму[10]. Імі ж было высунутае меркаваньне пра прыналежнасьць да аўстраазіяцкіх моваў шомпэнскай мовы — ізаляванай і мала дасьледаванай мовы, што распаўсюджаная на востраве Вялікі Нікабар Нікабарскіх астравоў.
Ж. Дыфлёт, адзін з спэцыялістаў па аўстраазіяцкіх мовах, ажыцьцявіў спробу клясыфікацыі аўстраазіяцкіх моваў на аснове наяўнасьці ў іх агульных інавацыяў, якія, аднак, як іншыя доказы тых ці іншых клясыфікацыяў, не былі апублікаваныя:
Гэты варыянт клясыфікацыі ўзгадняецца зь некаторымі дасьледаваньнямі адносна шляхоў міграцыі Y-храмасомнай гаплягрупы O2a1-M95, але тэрміны, атрыманыя ў дасьледаваньнях, значна старэйшыя за лічбы, што даюцца ў лінгвістычных дасьледаваньнях[11][lower-alpha 1].
Існуе клясыфікацыя паводле Пэйраса, у якой выкарыстаныя лексыкастатыстычныя мэтады і якая засноўваецца на адсоткавай дзелі агульных супадзеньняў у лексыцы. Гэты варыянт клясыфікацыі высоўвае гіпотэзу, што некаторыя з аўстраазіяцкіх моваў могуць быць больш аддаленыя адна ад адной у выніку ўзаемных моўных кантактаў. Ніжэй прыведзены схематычны варыянт гэтае клясыфікацыі, а таксама дрэва гэтае клясыфікацыі на выяве справа (з датамі падзелу).
Іншая клясыфікацыя, прынятая Дыфлётам у 1974 годзе, выкарыстоўваецца энцыкляпэдыяй «Брытаніка» і, зь некаторымі нюансамі, лінгвістычным парталам Ethnologue. Між тым, ад гэтай клясыфікацыі адмовіўся сам ейны аўтар.
Найбольш рапасўюджаныя мовы сям’і, віетнамская й кгмэрская, выкарыстоўваюць у пісьмовасьці лацініцу і кгмэрскае пісьмо адпаведна. Кгмэрскае пісьмо паходзіць ад старажытнаіндыйскага складовага пісьма брагмі[12], ад брагмі паходзяць таксама пісьмовасьці няроднасных тайскай і лаоскай моваў — тайская ды лаоская пісьмовасьць выкарыстоўваюцца ў пісьмовасьці некаторых малых аўстраазіяцкіх народаў. Мовы санталі, сора і го (распаўсюджаныя ў Індыі) маюць уласныя пісьмовасьці. Пісьмовасьці для санталі й сора створаныя ў ХХ ст. уласнай інтэлігенцыяй, для го — у ХІІІ ст.[13][14][15] У пачатку ХХ ст. для малых народаў Лаосу выкарыстоўвалася ўласнае пісьмо — кгом.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.