Жывапіс
жанр выяўленчага мастацтва / From Wikipedia, the free encyclopedia
Жы́вапіс[1], маля́рства[2] — адзін з клясычных відаў выяўленчага мастацтва побач з архітэктурай, скульптурай, графікай і маляваньнем. Па сутнасьці, зьяўляецца практыкай нанясеньня фарбы, пігмэнту ці іншага фарбаванага сродку на цьвёрдую паверхню, як то палатно, драўляная дошка, кардон, папера. Фарбаваныя рэчывы звычайна наносяць на аснову пры дапамозе пэндзьлю, але можна выкарыстоўваць і іншыя прылады, як то нажы, губкі і распыляльнікі фарбаў. Скончаны твор звычайна называюць карцінай.
Жывапіс ёсьць важнай формай выяўленчага мастацтва, якое ўтрымлівае такія элемэнты, як то малюнак, жэст, кампазыцыя, апавяданьне альбо абстракцыя[3]. Карціны могуць мець натуралістычны і рэпрэзэнтатыўны характар, як то у нацюрмортах альбо пэйзажным жывапісе, фатаграфічны, абстрактны, апавядальны, сымбалічны, эмацыйны альбо палітычны характар.
У гісторыі як усходняга, гэтак і заходняга жывапісу шырокае разьвіцьцё атрымала рэлігійнае мастацтва. Прыклады такога кшталту жывапісу вар’іруюцца ад мастацкіх твораў, якія адлюстроўваюць міталягічныя фігуры на ганчарных вырабах, да біблейскіх сцэнаў фрэсак з столі Сыкстынскае капэлы, да сцэнаў з жыцьця Буды ці іншых вобразаў усходняга рэлігійнага паходжаньня.