Лэнд-ліз (па-ангельску: Lend-Lease ад lend — «пазычаць» і lease — «здаваць у арэнду»), афіцыйна «Закон аб спрыяньні абароне Злучаных Штатаў»[1] — дзяржаўная праграма, паводле якой ЗША пастаўлялі Францыі, Вялікабрытаніі, Кітаю, а пазьней СССР і іншым хаўрусьнікам у Другой сусьветнай вайне харчаваньне, нафтапрадукты, боепрыпасы, мэдыкамэнты і тэхніку: машыны, караблі, самалёты ды іншае ўзбраеньне. Праграма працягвалася з сакавіка 1941 року да верасьня 1945. Большая частка дапамогі аказвалася бескаштоўна, пэўныя віды тэхнікі (караблі) па вайне былі вернутыя. Са свайго боку ЗША атрымала права арэнды вайсковых і марскіх базаў на тэрыторыі хаўрусьнікаў у ваенны пэрыяд.

Thumb
Прэзыдэнт Рузвэлт падпісвае закон пра лэнд-лід для дапамогі Вялікабрытаніі і Кітаю (1941)

Агулам было аказана матэрыяльнай дапамогі на суму 50,1 мільярдаў $ (у цэнах 2016 року — 659 мільярдаў), альбо 17% усіх ваенных выдаткаў ЗША[2] Зь іх $31,4 мільярды атрымала Брытанія, $11,3 млрд — Савецкі Саюз, $3,2 мільярды — Францыя, $1,6 мільярдаў — Кітай, рэшта $2,6 мільярдаў — іншыя аліянты. Адваротныя ўмовы лэнд-лізу ўключалі такія паслугі, як арэнда авіябазаў для ЗША і склалі $7,8 млрд; паслугі на $6,8 мільярдаў зь іх аказалі Вялікабрытанія і Садружнасьць. Паводле ўмоваў пагадненьня прадугледжвалася карыстаньне сродкамі да вяртаньня ці зьнішчэньня, аднак практычна ЗША была вернутая нязначная частка перададзенага абсталяваньня. Пастаўкі, якія прыйшлі пасьля сканчэньня дзеяньня праграмы лэнд-лізу, былі прададзеныя Вялікабрытаніі па заніжаным кошце £1,075 мільярдаў і па прадастаўленай Злучанымі Штатамі доўгатэрміновай пазыцы.

Запускам гэтай праграмы ЗША спыніла прытрыманьне фактычнага нэўтралітэту і зрабіла рашучы крок ад палітыкі неўварваньня, якая дамінавала ў замежных стасунках дзяржавы з 1931 року(en).

Падобную ж праграму пад назовам «Мільярдны падарунак і ўзаемадапамога(en)» ў меншых памерах адкрывала і Канада. Па праграме Вялікабрытаніі і хаўрусьнікам быў перададзены 1 мільярд даляраў і абсталяваньне і паслугі на суму $3,4 мільярды[3][4].

Перадумовы

Thumb
Харчовая дапамога з Амэрыкі: брытанскія вучаніцы, машучы рукамі на камэру, атрымліваюць талеркі зь бяконам і яйкамі.

Пасьля падзеньня Францыі ў чэрвені 1940 року Брытанская садружнасьць і імпэрыя апынуліся адзінымі, хто ваяваў супраць Нямеччыны й Італіі, да італьянскага ўварваньня ў Грэцыю. Брытанія разьлічвалася за матэрыялы золатам паводле прадугледжанае Актамі пра нэўтралітэт ЗША палітыкі «плаці і забірай(en)», тым ня меней да 1941 ейны залаты запас падышоў да сканчэньня[5].

У гэты ж час урад ЗША пачаў падрыхтоўку да глябальнае вайны, упершыню ўвёўшы ў мірны час прызыў і ў пяць разоў павялічыўшы абаронны бюджэт (з $2 да $10 млрд)[6]. Калі ў Вялікабрытаніі пачалася нястача грошай, зброі й іншага абсталяваньня, прэм’ер-міністар Ўінстан Чэрчыль стаў прысьпешваць прэзыдэнта Франкліна Рузвэльта наконт дапамогі ЗША. Рузвэльт быў ахвотны трымацца дадзеных Брытаніі абяцаньняў, аднак быў зьвязаны грамадзкім меркаваньнем і Актамі пра нэўтралітэт, якія забаранялі продаж у крэдыт узбраеньня ці прадастаўленьня пазыкаў ваюючым дзяржавам, таму прапанаваў ідэю «лэнд-лізу».

У верасьні 1940, падчас бітвы за Брытанію, брытанскі ўрад накіраваў у ЗША місію Тызарда[7]. Мэтаю Брытанскай тэхнічна-навуковай місіі было выкарыстаньне прамысловых магутнасьцяў дзеля эксплюатацыі вайсковага патэнцыялу навукова-досьледных працаў, праведзеных у Вялікабрытаніі перад вайной, аднак якія цяпер не маглі быць рэалізаваныя тамака з-за актуальных патрэбаў войска. Брытанцы прывезьлі праекты магнэтрону, дэтанатара-таймэра(en), дэталяў рэактыўнага рухавіку Фрэнка Ўітла, мэмарандуму Фраша — Паерльса з апісаньнем магчымасьці рэалізацыі атамнае бомбы[8] ды мноства іншых вынаходніцтваў і досьледных асобнікаў, напрыклад ракеты, кампрэсары, гіраскапічныя прыцэлы, прылады выяўленьня падлодак, самазачыняльныя паліўныя бакі і плястычная выбухоўка.

У сьнежні 1940 року прэзыдэнт ЗША Рузвэльт абвясьціў, што ЗША становіцца «Арсэналам дэмакратыі», і прапанаваў прадаваць амуніцыю Вялікабрытаніі і Канадзе. Моцны супраціў ізаляцыяністаў, якія лічылі Другую сусьветную вайну пераважна эўрапейскім канфліктам і асьцерагаліся ўцягваньня ў яго ЗША, з часам зьменшыўся, калі амэрыканцы пачалі ўхваляць падтрымку Брытаніі супраць Нямеччыны безь непасрэднага ўдзелу ў вайне[9]. Таксама фармаваньню грамадзкай думкі паспрыяла прапаганда, якая паказвала разбурэньні брытанскіх местаў у апэрацыі «Blitz» і асабліва прадстаўленьне барбарскіх учынкаў немцаў падчас захопу Францыі.

Рузвэльт разумеў, што пасьля дзесяцігодзьдзя нэўтралітэту пераходзіць да падтрымкі аднаго з бакоў трэба паступова, тым болей што немцы ў той час былі найбольшай нацыяй краіны. ЗША не зьбіралася ўступаць у вайну, дапамагаючы толькі матэрыяльна. У лютым 1941 54% амэрыканцаў у апытаньні Гэлапа выказаліся за аказаньне дапамогі брытанцам без канкрэтызацыі, 15% — з умовай «калі гэта не давядзе нас да вайны» ці «калі брытанцы абяцаюць нам за гэта бясьпеку»; супраць прапановы прэзыдэнта выказаліся 22% рэспандэнтаў. Найбольшую апазыцыю Закону пра лэнд-ліз выказвалі ў Кангрэсе рэспубліканцы, якія называлі праект «якім-кольвек найбліжэйшым крокам нацыі ў бок уцягваньня ў вайну за мяжой». 9 лютага 1941 року на галасаваньні ў Палаце прадстаўнікоў за прыняцьце закону выказаліся 238 прадстаўнікоў Дэмакратычнае партыі (25 — супраць) і 24 рэспубліканцы (135 супраць)[10]. Галасаваньне ў Сэнаце паказала падобныя вынікі: 49 дэмакратаў і 10 рэспубліканцаў «за», 13 і 17 адпаведна «супраць»[11].

11 сакавіка закон пра лэнд-ліз быў падпісаны Рузвэльтам. Ён дазваляў «прадаваць, перадаваць у валоданьне, мяняць, аддаваць у арэнду, даваць пазыку ці інакш выдаваць любую маёмасьць любому ўраду [абарону якога прэзыдэнт лічыць жыцьцёва неабходным дзеля абароны Злучаных Штатаў]». У красавіку гэтая палітыка была пашыраная на Кітай[12], а ў кастрычніку — на Савецкі Саюз. У канцы кастрычніка Рузвэльт ухваліў дапамогу Брытаніі па лэнд-лізе ў памеры $1 млрд даляраў ЗША.

Таксама ў 1940 року было прынятае пагадненьне «Эсьмінцы за базы», паводле якога 50 амэрыканскіх эсьмінцаў былі перададзеныя каралеўскаму флёту Вялікабрытаніі і Канады ў абмен за права базаваньня ў Карыбскім рэгіёне. Чэрчыль таксама надаў ЗША вайсковыя базы на Бэрмудах і Ньюфаўндлэндзе.

Дапамога

Кошт матэрыялаў, прадастаўленых ЗША іншым краінам-хаўрусьніцам[13].

Больш інфармацыі Краіна, Кошт, млн $ ...
Закрыць

Значэньне

Thumb
Дзеля сукупнага ўнутранага прадукту хаўрусьнікаў і дзяржаваў Восі (1938—1945).

Дапамога па лэнд-лізе Брытаніі і хаўрусьнікам у 1941 року была нязначнай, толькі ў наступныя гады яна аказала ўплыў на вынікі бітваў з ворагам. У 1943—1944 роках па лэнд-лізе была пастаўленая чвэрць усіх вайсковых паставак Вялікабрытаніі.

Лэнд-ліз працягваўся нават пасьля поўнамаштабнага задзеяньня амэрыканскіх войскаў у Эўропе і на Ціхім акіяне ў 1943—1944 роках. Да гэтага часу большасьць хаўрусьнікаў мелі даволі ўласнага ўзбраеньня першай лініі (напрыклад, танкі ці авіяцыю), аднак па лэнд-лізе ў значных аб’ёмах пастаўляліся аўтамабілі, чыгуначнае абсталяваньне й іншыя лягістычныя матэрыялы[14].

Значнасьць дапамогі можна ацаніць, улічваючы эканамічныя перакосы, выкліканыя вайной. Большасьць краінаў-удзельніц вайны былі вымушаныя сканцэнтравацца на вытворчасьці зброі ў шкоду дапаможным таварам ня першай неабходнасьці, што выклікала іх непазьбежную недастачу. Так, СССР значна залежаў ад чыгуначных перавозак, аднак з-за вайны вытворчасьць чыгуначнага абсталяваньня была практычна спыненая. За ўсю вайну было выпушчана толькі 446 лякаматываў[15], зь якіх у пэрыяд паміж 1942 і 1945 рокамі было збудавана ўсяго 92[16]. Па лэнд-лізе ў Савецкі Саюз было пастаўлена 92,7% чыгуначнага абсталяваньня ваеннага часу[14], у тым ліку 1911 лякаматываў і 11 225 вагонаў[17]. На пачатак вайны СССР меў ня меней за 20 000 лякаматываў і паўмільёну вагонаў[18].

Акрамя таго, лягістычную падтрымку савецкіх вайскоўцаў забясьпечвалі сотні тысячаў пастаўленых з ЗША грузавікоў. Да 1945 року амаль траціна ўсіх грузавікоў Чырвонай арміі была сабраная ў ЗША. Найлепшымі грузавымі мадэлямі на Ўсходнім фронце былі ¾-тонны Dodge ды 2½-тонны Studebaker. Таксама крытычна важнымі былі пастаўкі амэрыканскага тэлефоннага дроту, алюміну, тушонкі і вопраткі[19].

Па лэнд-лізе Савецкі Саюз атрымаў і вялізную колькасьць зброі і боепрыпасаў. Вайскова-паветраныя сілы атрымалі 18 700 самалётаў, што складала каля 30% савецкай вытворчасьці ў ваенны час[14]. Большасьць танкавых войскаў мелі ўласныя савецкія мадэлі танкаў, аднак і ЗША перадала Савецкаму Саюзу каля 7000 сваіх асобнікаў.

Пастаўкі ЗША ў СССР

Thumb
Варшава, 1945: джып Willys, пастаўлены 1-й Польскай арміі па праграма лэнд-лізу.
Thumb
Помнік лэнд-лізу ў Фэарбэнксе (Аляска) ў гонар дастаўкі амэрыканскіх самалётаў Савецкаму Саюзу па Паўночна-Заходнім этапе

.]]

Амэрыканскія пастаўкі ў СССР падзеленыя на наступныя фазы:

  • «да-лэнд-лізавыя» з 22 чэрвеня 1941 да 30 верасьня 1941 (аплочваныя золатам і мінэраламі)
  • першы пратакольны пэрыяд з 1 кастрычніка 1941 да 30 чэрвеня 1942 (падпісаны 7 кастрычніка 1941)[20], гэтыя матэрыялы вырабляліся і дастаўляліся Вялікабрытаніяй па крэдыце ЗША.
  • другі пратакольны пэрыяд з 1 ліпеня 1942 да 30 чэрвеня 1943 (падпісаны 6 кастрычніка 1942)
  • трэці пратакольны пэрыяд з 1 ліпеня 1943 да 30 чэрвеня 1944 (падпісаны 19 кастрычніка 1943)
  • чацьвёрты пратакольны пэрыяд з 1 ліпеня 1944 (падпісаны 17 красавіка 1945), фармальна скончыўся 12 траўня 1945, аднак пастаўкі працягваліся дзеля вайны зь Японіяй (у якую СССР увайшоў 8 жніўня 1945) да 2 верасьня 1945 — капітуляцыі Японіі. 20 верасьня 1945 былі спыненыя ўсе пастаўкі па лэнд-лізе.

Пастаўкі зьдзяйсьняліся Арктычнымі канвоямі, па Пэрсыдзкім калідоры і празь Ціхі акіян. Арктычны шлях быў найкарацейшы і наўпроставы, аднак і найбольш небясьпечны. Па ім у СССР паступіла 3 964 000 тонаў тавараў; 7% згінулі, астатнія 93% былі дастаўленыя[21]. Гэты аб’ём склаў 23% усяе ваеннае дапамогі СССР. Пэрсыдзкі калідор быў найдаўжэйшым і ня дзейнічаў да сярэдзіны 1942 року. Пасьля гэтага па ім паступіла 4 160 000 тонаў рэчаў, 27% ад агульнае колькасьці[21]. Урэшце, Ціхаакіянскі маршрут быў адчынены ў жніўні 1941, аднак з пачаткам ваенных дзеяньняў між Японіяй і ЗША дастаўка па ім ускладнілася. Паколькі Японія і СССР вытрымлівалі палітыку нэўтралітэту, дастаўкі адбываліся толькі савецкімі караблямі і толькі невайсковых тавараў[22]. Тым ня меней, гэткім чынам паступілі 8 244 000 тон тавараў, 50% агульнае колькасьці[21].

Thumb
БМ-13Н «Кацюша» на базе лэнд-лізнага Studebaker US6 у маскоўскім музэі Вялікай Айчыннай вайны.

Агульны кошт матэрыялаў, пастаўленых ЗША па лэнд-лізе, склаў $11 мільярдаў: больш за 400 000 джыпаў і грузавікоў; 12 000 адзінак бранятэхнікі (у тым ліку 7000 танкаў, каля 1386[23] зь якіх былі M3 Lee і 4102 — M4 Sherman)[24]; 11 400 самалётаў (зь іх 4719 Bell P-39 Airacobra)[25]; 1,75 мільёнаў тонаў харчаваньня.

з 1 кастрычніка 1941 року да 31 траўня 1945 ЗША паставілі Савецкаму Саюзу наступнае: 427 284 грузавікі, 13 303 баявых машынаў, 35 170 матацыклаў, 2328 артылерыйскіх прыладаў, 2 670 371 тонаў нафтапрадуктаў, 4 478 116 тонаў харчовых прадуктаў (тушонкі, цукру, мукі, солі й інш.), 1911 паравозаў, 66 дрызінаў, 9920 вагонаў-плятформаў, 1000 вагонаў-самазвалаў, 120 вагонаў-цыстэрнаў, 35 цяжкіх грузавых вагонаў. Пастаўленае ўзбраеньне (боепрыпасы, артылерыйскія снарады, міны, выбуховыя прылады) складалі 53% агульнай вытворчасьці ЗША[14]. У адным выпадку з комплексу «Рывэр Руж(en)» кампаніі Ford у СССР быў цалкам перанесены завод па вытворчасьці шынаў.

Пастаўкі Вялікабрытаніі ў СССР

Thumb
Чырвоная армія ў Бухарэсьце ля бульвару Караля I з «унівэрсальным бронетранспартэрам» брытанскай пастаўкі.
Thumb
Танк «Валентайн», прызначаны Савецкаму Саюзу, сыходзіць з канвэеру ў Вялікабрытаніі.

Неўзабаве па нападзе Нямеччыны на СССР з Брытаніі праз Арктыку выправіўся першы ангельскі канвой з дапамогай, які ў верасьні дасягнуў Мурманску. Ён прывёз 40 летакоў Hawker Hurricane і 550 мэханікаў і пілётаў 151-й каралеўскай эскадральлі(en) дзеля неадкладнага пачатку баявых вылетаў і трэніроўкі савецкіх пілётаў. У лістападзе брытанцы вярнуліся на радзіму пасьля эскартаваньня савецкіх бамбавікоў, страціўшы адзін самалёт у абмен на 14 зьбітых нямецкіх і завяршыўшы трэніроўку савецкіх пілётаў і мэханікаў. Гэта быў першы з гэтак званых Арктычных канвояў у Мурманск і Архангельск; назад караблі везьлі золата, якім СССР разьлічваўся з ЗША.

У канцы 1941 року пастаўкі танкаў «Матыльда», «Валентайн» і «Тэтрарх» складалі толькі 6,5% агульнай танкавае моцы Савецкага Саюзу, аднак дзеля брытанскіх сярэдніх і цяжкіх танкаў у Чырвонай арміі дасягнула 25%[26][27]. Ужо 20 лістапада 1941 року брытанскія танкі ў складзе 138-га асобнага танкавага батальёну ўзялі ўдзел у бітве на Валжанскім вадасховішчы[28], а пад Масквой іхняя дзеля ў агульнай колькасьці цяжкіх і сярэдніх танкаў у сьнежні 1941 року склала ад 30 да 40%[29][30]

Thumb
Зьнішчаны брытанскі Mk III «Valentine» ў СССР (студзень 1944).

Вялікая колькасьць «Чэрчыляў», «Матыльдаў» ды «Валентайнаў» была пастаўленая ў СССР разам з амэрыканскімі «M3 Lee» пасьля таго, як яго адклікалі з Афрыканскага фронту, спынілі вытворчасьць (1942) і вывелі з брытанскіх войскаў (1943)[31]. «Чэрчылі», дастаўленыя арктычнымі канвоямі, удзельнічалі ў бітвах пад Ленінградам і Курскам[32][33], а тыя, што прыйшлі пэрсыдзкім калідорам, ваявалі на Каўкаскім фронце. З чэрвеня 1941 да траўня 1945 пастаўкі Вялікабрытаніі ў СССР склалі:

  • >3000 «Ўраганаў»
  • >4000 іншых летакоў
  • 27 караблёў
  • 5218 танкаў
  • >5000 супрацьтанкавых гарматаў
  • 4020 машын хуткай дапамогі і грузавых аўтамабіляў
  • 323 браневікоў
  • 2560 унівэрсальных бронетранспартэраў
  • 1721 матацыкль
  • авіяцыйныя рухавікі коштам £1,15 мільярдаў
  • 600 радараў і гідралякатараў
  • сотні карабельных гарматаў
  • 15 мільёнаў пар ботаў

Разам з харчаваньнем і мэдыкамэнтамі агульная вага паставак склала 4 млн тонаў. У адпаведнасьці з Ангельска-савецкім пагадненьнем пра вайсковыя пастаўкі 27 чэрвеня 1942 уся вайсковая дапамога Вялікабрытаніі Савецкаму Саюзу ў часе вайны аказвалася бескаштоўна[34].

Адваротны лэнд-ліз

Пастаўкі абсталяваньня і паслугаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі называліся адваротным лэнд-лізам. Хаўрусьнікі перадалі ЗША матэрыялаў на суму $8 мільярдаў, 90% зь якіх прыходзілася на дзелю Брытанскай імпэрыі[35]. Сярод паставак былі санітарная машына Austin K2/Y, брытанскія авіяцыйныя сьвечы запальваньня для Boeing B-17 Flying Fortress[35], маторныя баркасы Fairmile B канадзкай вытворчасьці дзеля проціпадводнай вайны, фотаразьведвальныя летакі Mosquito ды індыйскія нафтапрадукты[36]. Аўстралія і Новая Зэляндыя пастаўлялі амэрыканскім войскам на Ціхім акіяне харчаваньне[35][37]. Дапамога ад СССР, хоць і была мізэрнай у параўнаньні з гэтым, аднак уключала 300 000 тонаў хрому і 32 000 тоны манганавай руды, а таксама драўніну, золата і плятыну[38].

Канадзкія пастаўнікі хаўрусьнікам

Асноўны артыкул: Мільярдны падарунак і ўзаемадапамога

Менш вядомыя ў гісторыі факты паставак па лэнд-лізе Вялікабрытаніяй ды ейнымі дамініёнамі і калёніямі.

«Канадзкай вэрсіяй» лэнд-лізу была «Ўзаемадапамога»[39]. Цягам вайны Канада перадала ў дарунак Брытаніі рэчаў на суму $3,5 мільярды плюс безадсоткавы крэдыт у $1 мільярд; гэтыя грошы Вялікабрытанія скарыстала на набыцьцё харчаваньня і ваенных аснадаў[40][41][42]. Адразу па вайне Канада таксама дала ў доўгатэрміновую пазыку Вялікабрытаніі $1,2 мільярды; сплачаныя яны былі да 2006 року[43]

Дзеля хуткага перакіданьня брытанскіх зьнішчальнікаў і бамбавікоў Вялікабрытанія перадала па лэнд-лізе Канадзе авіябазу Каралеўскіх ВПС «Гандэр»(en) ў міжнародным аэрапорце «Гандэр»(en) на 99 гадоў[44]. Калі Ньюфаўндлэнд у 1949 року стаў дзясятай правінцыяй Канады, авіябаза стала непатрэбнай.

Таксама Рузвэльт дазволіў дзеля паставак у Вялікабрытанію, Кітай і Савецкі Саюз па лэнд-лізе набываць неабходныя матэрыялы ў Канадзе, хоць большасьць паставак, вядома, складалі тавары амэрыканскай вытворчасьці[45].

Пагашэньні

Кангрэс не дазваляў пастаўкі ў падарунак пасьля канчатковай даты дзеяньня лэнд-лізу, таму ЗША брала за іх аплату, хоць і з 90% зьніжкай. 2 верасьня 1945, калі дамова лэнд-лізу была перарваная, у Вялікабрытаніі ці ў дарозе яшчэ заставаліся недастаўленыя тавары, некаторыя зь якіх Вялікабрытанія хацела пакінуць сабе ў паваенны пэрыяд. У 1946 року між Брытаніяй і ЗША была заключаная яшчэ адна дамова лэнд-лізу. Рэчы, якія засталіся ў Вялікабрытаніі, былі прададзеныя за 10% намінальнага кошту, а выплаты былі разьбітыя на 50 штогадовых плацяжоў з 1951 року і зь пяцьцю гадамі адтэрміноўкі пры 2%-й стаўцы[46]. Апошні плацёж сумаю $83,3 мільёны (£42,5 мільёны) адбыўся 29 сьнежня 2006 (з улікам дазволеных пяці гадоў адтэрміноўкі і аднаго звыш).

ЗША не найстойвала на сплаце пазыкаў з боку СССР, хоць гэта і прадугледжвала безадсоткавая дамова лэнд-лізу. Ад СССР паводле ўмоваў зваротнага лэнд-лізу ЗША атрымала пастаўкі на суму $2 млн, пераважна ў форме пасадкі, абслугоўваньня і запраўкі транспартных судзінаў; таксама ў ЗША паступіла пэўная частка станкоў і рэдкіх мінэралаў. Па сканчэньні вайсковых дзеяньняў ЗША запатрабавала ў пагашэньне $1,3 млрд, але атрымала ад СССР толькі $170 млн. Спрэчка заставалася неразьвязанай да 1972 року, калі ЗША прынялі прапанову СССР сплаціць $722 млн за пастаўкі зерня з ЗША і сьпісаньнем рэшты доўгу. У вайну СССР паставіў невядомую колькасьць рэдкіх мінэралаў як сродак безадсоткавага пагашэньня лэндлізу, частка гэтых паставак была перахопленая немцамі. У траўні 1942 року быў патоплены HMS Edinburgh, які перавозіў 4,5 тоны савецкага золата для скарбніцы ЗША. У чэрвені 1942 на шляху з канадзкага Галіфаксу ў Нью-Ёрк быў патоплены SS Port Nicholson, які меркавана перавозіў савецкую плятыну, золата і прамысловыя дыямэнты[47].

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.