Каляндар Багаі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Каляндар Багаі — каляндар, які выкарыстоўвае вера Багаі. Быў уведзены Бабам, папярэднікам Бахавулы і вядомы зараз як каляндар Бадзі альбо каляндар Багаі. Паводле гэтага календара дзень — гэта пэрыяд часу паміж двума пасьлядоўнымі заходамі сонца. У Баяне Баб зрабіў месяц Ала месяцам Посту. Ён пазначыў, што дзень Наўруза сьведчыць пра сканчэньне гэтага пэрыяду, і абвесьціў Наўруз Божым Днём. Бахавула зацьвердзіў каляндар Бадзі, у якім Наўруз пазначаны як сьвята.
Наўруз — першы дзень новага году. Ён прыпадае на веснавое роўнадзеньне ў паўночным паўшар’і, якое звычайна адбываецца 21 сакавіка. Бахавула тлумачыць, што гэтае сьвята мусіць адзначацца ў той дзень, калі сонца пераходзіць у сузор’е Аўна, нават калі гэта адбываецца ўсяго за хвіліну да заходу сонца. Такім чынам, Наўруз можа прыпасьці на 20, 21 альбо 22 сакавіка, у залежнасьці ад надыходу роўнадзеньня.
Права ўдакладняць шматлікія зь ягоных запаветаў Бахавула перадаў Сусьветнаму Дому справядлівасьці. Сярод іх — і пэўныя пытаньні, якія тычацца календара Багаі. Захавальнік Веры Багаі казаў, што для ўвядзеньня міжнароднага закону пра час сьвяткаваньня Наўруза неабходна вызначыць месца на зямной паверхні, якое б зьяўлялася эталонам для вызначэньня моманту надыходу веснавога роўнадзеньня. Ён таксама зазначыў, што выбраць такое месца даручана Сусьветнаму Дому Справядлівасьці.
Каляндар Бадзі заснаваны на сонечным годзе ў 365 дзён, 5 гадзінаў і 50 дадатковых хвілінаў. Год складаецца зь 19 месяцаў па 19 дзён кожны (такім чынам усяго — 361 дзень) з дадаваньнем чатырох (у высакосны год — пяці) дзён. Баб ня вызначыў дакладнага месца гэтых устаўных дзён у новым календары. У Кітаб-і-Агдам гэтае пытаньне разьвязваецца шляхам замацаваньня за гэтай «рэштай» дзён пастаяннага каляндарнага месца непасрэдна перад месяцам Ала, пэрыядам Посту.
Тыдзень Багаі складаецца зь сямі дзён, выходны — пятніца. Вылучаюцца таксама дзевятнаццацігадовыя цыклі, у якіх кожны год мае сваю назву. Пэрыяд у 361 год (19×19 дзён) называецца Кул-і Шай (па-арабску — «усё існае»).