Дыёд — шырокі кляс двухполюсных прыладаў, які аб’ядноўвае ўласьцівасьць уніпалярнасьці электраправоднасьці (прапусканьня электрычнага току толькі ў адным кірунку).
Дзеяньне цьвёрдацельных дыёдаў заснавана на ўласьцівасьцях p-n пераходу ці пераходаў мэтал-паўправаднік. Дзеяньне вакуўмных дыёдаў (ці кенатронаў) заснаванае на эфэкце тэрмаэлектроннай эмісіі.
Дыёды выкарыстоўваюцца ў радыётэхніцы, электроніцы, энэргетыцы ды іншых галінах, пераважна для выпрамленьня пераменнага току, дэтэктаваньня, пераўтварэньня і памнажэньня частасьці, а таксама для пераключэньня электрычных ланцугоў.
Назву дыёд прапанаваў у 1919 року Ўільям Генры Іклз, утварыўшы яе ад грэцкай прыстаўкі ды-, якая азначае два, і слова грэц. ὅδος— шлях.
Стабілітрон (дыёд Зэнэра). Наяўнасьць адваротнай галіны характарыстыкі дыёда са зваротным прабоем выкарыстоўваецца для стабілізацыі напружаньня.
Тунэльны дыёд (дыёд Леа Эсакі). Маюць вобласьць г.зв. «адмоўнага супраціўленьня» на вольт-ампэрнай характарыстыцы. Выкарыстоўваюцца як узмацняльнікі, генэратары і да т. п.
Варыкап (дыёд Джона Джэўма). Закрыты p—n-пераход валодае большай ёмістасьцю, прычым яна залежыць ад прыкладзенага адваротнага напружаньня. Ужываюцца ў якасьці кандэнсатараў пераменнай ёмістасьці.
Сьвятлодыёд (дыёд Генры Раўнда). Пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак у пераходзе выпраменьваюць сьвятло ў бачным дыяпазоне, а не ў інфрачырвоным, у адрозьненьне ад звычайных дыёдаў. Аднак выпускаюцца сьвятлодыёды з выпраменьваньнем у інфрачырвоным, а з нядаўнага часу — і ў ультрафіялетавым дыяпазонах.
Лязэрны дыёд. Падобныя да сьвятлодыёдаў, аднак маюць аптычны рэзанатар, выпраменьваюць кагерэнтнае сьвятло.
Фотадыёд. Закрыты фотадыёд адчыняецца пад узьдзеяньнем сьвятла.
Сонечны элемэнт. Падобны да фотадыёда, але працуе без зьмяшчэньня. Сьвятло, падаючы на p-n-пераход, выклікае рух электронаў і генэрацыю тока.
Дыёд Ганна. Выкарыстоўваюцца для генэрацыі і пераўтварэньня частасьці ў ЗВЧ-дыяпазоне.
Дыёд Шоткі. Дыёд з малым падзеньнем напружаньня пры простым уключэньні.
Лавінны дыёд. Заснаваны на лавінным прабоі адваротнага ўчастку вольт-ампэрнай характарыстыкі. Прымяняецца для абароны ланцугоў ад перанапружаньня.
Лавінна-пралётны дыёд. Заснаваны на лавінным памнажэньні носьбітаў зараду. Выкарыстоўваецца для генэрацыі ваганьняў у ЗВЧ-тэхніцы.
Магнітадыёд. Дыёд, вольт-ампэрная характарыстыка якога істотна залежыць ад значэньня індукцыі магнітнага поля і разьмяшчэньня ягонага вэктару адносна плоскасьці p-n-пераходу.
Стабістар. Пры працы выкарыстоўваецца ўчастак галіны вольт-ампэрнай характарыстыкі, які адпавядае «простаму напружаньню» на дыёдзе.
Сумесевы дыёд. Прызначаны для перамножаньня двух высокачастатных сыгналаў.
pin-дыёд. Зьмяшчае вобласьць уласнай праводнасьці між моцналегіраванымі ўчасткамі. Выкарыстоўваюцца ў ЗВЧ-тэхніцы, сілавой электроніцы, як фотадэтэктары.
Тэрмальны дыёд. Тэрмін прымяняецца ў дачыненьні да звычайных p-n-дыёдаў, ужываных для манітараваньня тэмпэратуры, за іх здольнасьць зьмяняць наўпроставае напружаньне ў залежнасьці ад тэмпэратуры.
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.