Дзя́кла — прадуктовая рэнта за зямельны надзел, якая зьбіралася на карысьць землеўладальніка зь сялянаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Выплочвалася збожжам: пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай. Да валочнай памеры 1557 г. адзінкай абкладаньня былі дворышча і служба, пазьней — валока (21,36 гектары) і дым. У склад рэнты таксама ўваходзілі свойская птушка і жывёла, яйкі, мёд, арэхі, грыбы, ягады, сена, лён і пянька[1]. Найчасьцей памер збожжавага дзякла, які залежаў ад ураджайнасьці, складаў 1—2 бочкі жыта і аўса (глядзіце Літоўскія меры аб'ёму: бочка = 36 вёдраў = 406 літраў). У адной бочцы зьмяшчалася 18 пудоў (295 кг) жыта, або 10 пудоў (164 кг) аўса, або 15 пудоў (246 кг) ячменю, або 19 пудоў (311 кг) пшаніцы. У 2-ой палове 16 ст. у маёнтку Нябышын (Ашмянскі павет, Віленскае ваяводзтва; цяпер Вялейскі раён, Менская вобласьць) сяляне здавалі з валокі 2 бочкі жыта, 2 бочкі аўса і 2 бочкі пшаніцы. Сяляне мелі зьвезьці збожжа на поле землеўладальніка, засеяць і забаранаваць яго (не ў залік паншчыны). Інвэнтар за 1578 г. вёскі Косьценева (Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва; цяпер Бярозаўскі раён, Берасьцейская вобласьць) прадпісваў здаваць «аўса бочак 2 альбо грошай 20 за адвозы, сена воз 1 або грошы 5 за адвозы, за гусь, куры, яйцы, грошы 3 і пул, за невады грошы 2». У 1705 г. уласьнік маёнтка Газьдзеева (Менскае ваяводзтва) прапанаваў сялянам плаціць замест 1/2 бочкі жыта — 10 злотых, замест бочкі аўса — 5 злотых, замест воза сена — 3 злотых[2]. У 2-й палове 18 — 1-й палове 19 ст. выцясьняецца працоўнай (паншчына) і грашовай (чынш) рэнтай[3].

Крыніцы

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.