From Wikipedia, the free encyclopedia
Вуліца Сэзам — міжнародная дзіцячая адукацыйная тэлепраграма.
У далёкім 1966 годзе тагачасны прэзыдэнт «Фонду Карнэґі» Лойд Морысэт (па-ангельску: Lloyd Morrisett) наняў журналістку й тэлепрадусарку Джоан Ґанц Куні (Joan Ganz Cooney) дзеля дапамогі ў стварэньні адукацыйнай праграмы, якая магла быць дасягальнай дзеля шырачэйшае аўдыторыі, у асаблівасьці дзеля дзяцей зь бедных сем’яў. Куні прапанавала стварыць фонд і дзіцячую перадачу, якая б у гульнёвай форме вучыла б малых абэцэдзе, лічбам і асновам жыцьцёвых паводзінаў. І вось ўжо на працягу сарака гадоў маленькія гледачы большае часткі Зямлі, якія размаўляюць на дзясятках моваў, жывуць і вучацца разам з жыхарамі Вуліцы Сэзам.
Атрымаўшы васьміміліённы грант ад Фонда Карнэґі і дадаўшы да іх грошы, якія выдзялілі на праект прамыслоўца й філянтроп Ральф Роджэрз (Ralph Rogers), іншыя фундатары і нават амэрыканскія ўлады, Куні стварае «Дзіцячую тэлекампанію» (Children’s Television Workshop) — CTV, якая пазьней будзе перайменована на «Тэлекампанію Сэзам» (Sesame Workshop).
Улетку 1968 году распачынаецца сур’ёзная праца, Куні наймае каманду прадусараў, а таксама стварае шэраг невялічкіх вучэбных сэмінараў дзеля стваральнікаў дзіцячых тэлепраграм. На адным з сэмінараў Куні знаёміцца зь лялечнікам Джымам Гэнсанам і запрашае яго далучыцца да праекта, а Гэнсан рэкрутуе створаную ім каманду лялечнікаў.
Запрасіўшы таксама ў сваю каманду шэраг актораў, сцэнарыстаў і аніматараў, Куні стварае арыгінальны фармат праграмы: у аснове кожнага эпізода ляжыць адзін дзень з жыцьця вуліцы, дзе разам жывуць людзі (дзеці і дарослыя) і лялькі-мапэты, перапыняюцца рэпартажамі з жыцьця лялек, дакумэнтальнымі сюжэтамі аб сучасных дзецях і кароткімі анімацыйнымі фільмамі пад час якіх гледачы вучацца абэцэдзе й лічбам.
Першапачаткова праграма была разьлічана выключна на амэрыканскую публіку, але зь цягам часу да праекту праявілі цікавасьць і іншыя краіны, дзеля якіх камандай Гэнсана былі створаны арыгінальныя лялькі.
На працягу сарака гадоў існаваньня на вуліцы Сэзам зьмянілася безьліч жыхароў, як людзей так і мапэтаў, але вось шэраг герояў, якія трапляюцца часьцей за ўсё:
La rue Sésame ўпершыню ўзьнікла ў 1978 годзе на канале ТФ1 і мела афіцыйную назву «1, Rue Sésame» («Вуліца Сэзам, 1») і неафіцыйную «Таката́ й Мардзіку́с» (Toccata et Mordicus) па імёнах яе галоўных мапэтаў. Акрамя гэтага ў перадачы дзейнічалі жывыя пэрсанажы і гэроі арыгінальнае вэрсіі, але жыцьцё праграмы было ня надта доўгім і ў 1982 годзе яе зачынілі.
Аднаўленьне «Вуліцы Сэзам» на францускае прасторы адбылося ў 2005 годзе на канале «Франс 5» (France 5) і па аналёгіі з папярэдняй вэрсіяй перадача атрымала назву «5, Rue Sésame» («Вуліца Сэзам, 5») ці «Вітай Сэзам» («Bonjour Sésame»).
На францускай вуліцы Сэзам жывуць: Нак (Nac) — вялізнага памеру жоўты мапэт у зялёнай тэнісцы, Вішанка (Griotte) — дзяўчынка інвалід рухаючаяся на інвалідным вазку, Ёё (Yoyo) — нязграбная чырвоная істота зь зялёным носам, Аліў (Olive) — спрытная заўжды вясёлая суседзкая дзяўчынка аліўкавага колеру, Элма — гэрой амэрыканскае вэрсіі і Жорж (Georges) — пінгвін, які трапіў на вуліцу Сэзам у ільдзяным кубе.
На расейскую тэрыторыю «Улица Сезам» прыйшла ў 1996 годзе, дзякуючы намаганьням некалькіх камэрцыйных кампаніяў і Амэрыканскае агенцыі сусьветнага разьвіцьця, якія прафінансавалі вытворчасьць спэцыяльна створаных дзеля праекту мапэтаў — раставое лялькі Зелібобы і дзьвюх лялек-пальчатак Кубіка й Бусенкі, а таксама будаўніцтва дэкарацыяў, здымкі і г. д.
Таксама па традыцыі нацыянальныя эпізоды ішлі разам з урыўкамі з арыгінальнае перадачы, героі якіх былі перайменованы на мясцовы лад.
Адным з рэжысэраў праграмы стаў дзіцячы кінарэжысэр Уладзімер Граматыкаў, а кампанію мапэтам саставілі вядомыя расейскія акторы і запрошаныя зоркі кіно й музыкі.
Праграма ішла зь перапынкамі на трох разнастайных каналах і перажыла чатыры сэзоны. Апошнім прыстанкам расейскае «Вуліцы Сэзам» ёсьць камэрцыйны тэлеканал СТС.
Ulica Sezamkowa — з Польшчы напэўна адна з самых кароткіх у гісторыі нацыянальных вэрсіяў.
Першыя выпускі яшчэ арыгінальнае вэрсіі круціліся на Другім канале польскае тэлевізіі (TVP 2) зь першае паловы 1990-х гадоў з закадравым перакладам, а ў 1997 годзе пачалі ісьці першыя нацыянальныя выпускі з эпізодамі арыгінальнае вэрсіі на гэты раз дубляванымі, але перадача вытрымала толькі адзін сэзон і праз 15 месяцаў перапынілася.
Героямі польскае вэрсіі былі цмок Базылі (Bazyli), авечка Бэата (Beata) і бірузовы Пэндзі Пачвара (Рędzi Рotwór).
Vila Sésamo — першае зацікаўленьне бразыльцаў да «Вуліцы Сэзам» адбылося яшчэ ў 1972 годзе, калі перадачай зацікавіліся вяшчальная сетка «Культура» і кампанія Rede Globo. Першапачаткова ў Бразыліі, колькі часу вяшчалася ў перакладзе на партугальскую арыгінальныя амэрыканскія выпускі, але ўжо ў 1973 годзе праграма была цалкам «нацяналізаваная», а яе здымкамі занялася адна з найбуйнейшых тэлекампаніяў «Ґлоба-ТВ».
У 1975 годзе перадача чарговы раз зьмяніла фармат, да эпізодаў цалкам зробленых у Бразыліі, былі дададзеныя некаторыя скетчы з арыгінальнай амэрыканскай вэрсіі, фармат якога цяпер прытрымліваюцца большасьць з нацыянальных вытворцаў. Але доўжылася гэта толькі да 1977 году, пасьля чаго перадача была закрытая.
Новае жыцьцё перадачы пачалося ў 2007 годзе, калі спачатку гледачам былі паказаны старыя (адфарбаваныя) чорна-белыя перадачы, а пасьля пачатыя здымкі новых выпускаў.
Галоўнымі мапэтамі бразыльскае вэрсіі зьяўляюцца птушка Ґарыбальда (Garibaldo) — дакладная копія амэрыканскай Вялікай птушкі і дзяўчынка Бэль (Bel).
गली गली सिम सिम (Ґалі Ґалі Сім Сім) — адна з найноўшых вэрсіяў. Яна узьнікла ў жніўні 2006 году. Здымкі ажыцявіла індыйская філія карпарацыі «Картун Нэтварк» (कार्टून नेटवर्क भारत).
Акрамя эпізодаў з героямі арыгінальнае вэрсіі спэцыяльна дзеля індыйскае публікі былі створаны чатыры ўласныя мапэты, самым экзатычным зь якіх ёсьць вялізны разнакаляровы леў-вэгетарыянец Бумба. Цэнтральнай постацьцю зьяўляецца лялька-дзяўчынка Чамкі, якая заўжды ходзіць у школьнай форме. Чамкі мае лепшага сябра Ґуґлі — блакітную пухмяную істоту. Чацьвертым індыйскім мапэтам ёсьць дзівосная істота Аанчуу (Апчхі), якая праз сваё дзівоснае чханьне можа імгненна зьнікаць і нечакана аб’яўляцца наноў.
Асноўнымі мовамі на «Ґалі Ґалі Сім Сім» ёсьць дзяржаўныя хіндзі й ангельская.
Sesamstraat — ідзе на тэрыторыі Нідэрляндаў і галяндзкамоўнае частцы Бэльгіі, адна з самых старэйшых зь ніколі не супыняўшых свой этэр вэрсіяў.
Першыя пілётныя выпускі галяндзкае вэрсіі быў выпушчаны кампаніяй НПС (NPS — Nederlandse Programma Stichting — Нідэрляндзкае праграмная фундацыя) у 1976 годзе, ішлі адзін раз на тыдзень у выходныя і былі працягласьцю 13 хвілінаў. Але калі працаўнікі НПС зразумелі аб наяўнасьці попыту перадача павялічыла свой час да 30 хвілінаў, дванаццаць зь якіх былі нацыянальнымі, а з 1978 году нацыянальная доля займала ўжо палову выпуску, а сама праграма пачала ісьці штодня.
У Sesamstraat удзельнічаюць шэсьць мапэтаў: Вялізная блакітная птушка Піна (Pino), сабакападобная істота Томі (Tommie), сьвінка Пурк (Purk) і мышаня Енемене (Ieniemienie) вэтэраны шоў. А напрыканцы 2000-х гадоў да іх далучыліся трусік Анґстгаас (Angsthaas) і кураня Стунткіп (Stuntkip).
רחוב סומסום (Рэчоў сумсум) — існуе зь перапынкамі 16 гадоў і перажыла чатыры буйныя пэрыяды.
Дагэтуль найпапулярнейшымі з усіх ёсьць 200 сэрыяў першага пэрыяду (1983—1986), складзеных з арыгінальных амэрыканскіх скетчаў дубляваных на іўрыт перапыняючыхся сюжэтамі зь мясцовага жыцьця й гры актораў, а таксама скетчамі з удзелам двух мясцовых мапэтаў велізарнага вожыка Кіпі Бен Кіпода (קיפי בן-קיפוד) й буркача, ізраільскага «сваяка» амэрыканскага Оскара Буркача Моішэ Уфніка (מוישה אופניק).
Другі пэрыяд (1989—1990) быў супольнай ізраільска-амэрыканскай вытворчасьці. У ім удзельнічалі вядомыя амэрыканскія і ізраільскія акторы, а сама перадача першапачаткова здымалася на ангельскае мове дзеля амэрыканскіх глядачоў, а потым перакладзена іўрытам, а пасьля буйное хвалі эміграцыі расейскамоўных габрэяў у Ізраіль і на расейскую, а мужчынскую кампанію Кіпі й Мошэ разбавіла жанчына Дафі.
Трэці пэрыяд (1998—2000) прайшоў дзеля шоў пад знакам спробы паляпшэньня адносінаў ізраільцян-габрэяў з ізраільцянамі-арабамі, а таксама палестынцамі. Таму да трох ужо меўшыхся мапэтаў былі дададзеныя дзьве лялькі-мусульманіна дзяўчынка Ганін і певень Карым, была створана дадатковая арабская вуліца Шара’а Сімсім (شارع سمسم). Па патрабаваньні прадусараў таксама быў зьменены на больш мужчынскі вобраз Кіпі. Але ўсё гэта вызвала шмат прэтэнзіяў з боку старых прыхільнікаў першых выпускаў.
Чацьверты пэрыяд (2006—2007) быў азначаны новымі зьменамі: было вырашына адмовіцца ад Кіпі; Ганін і Керым сышлі ва ўласнае шоў, а на іх месца прыйшлі хлопчык Брош і яго сябра вольна валодаючы, як іўрытам так і арабскае моваю Магбуб. Да іх далучыліся хлопчык Ноа і дзяўчынка Абіґайль. А цэнтральнаю фігураю стаў вэтэран шоў Мошэ Уфнік.
У сьнежні 2009 году адбудзецца прэм’ера чарговага пятага сэзону. Месца Ноа зоймуць Сіван інваліда на вазку і Круві — ізраільская копія амэрыканскага мапэта Ґровэра.
شارع سمسم (Шара’а Сімсім) і яе гэроі Кэрым і Ганін першапачаткова былі часткаю ізраільскае вэрсіі, але ў 2007 годзе адкалоліся ад яе ва ўласнае выключна палестынскае шоў.
«Шара’а Сімсім» ствараецца пры падтрымцы фонда ЮНІСЭФ і ідзе адначасова як на іўрыце, так і на арабскай мове.
Takalani Sesame (Такаляні Сэзам) — узьнікшая ў 2000 годзе, паўднёва-афрыканская вэрсія па сваёй сутнасьці даволі ўнікальна. Гэта адзінае шоў якое ідзе на самае вялікай колькасьці моваў — пяці з адзінаццаці нацыянальных моваў Паўднёвае Афрыкі ў розныя дні тыдня. Таксама «Такаляні Сэзам» першая з шэрагу вэрсіяў у якой зьявілася ВІЧ-інфікаваная лялька.
Першы сэзон шоў быў цалкам англамоўным з асобнымі сюжэтамі на іншых нацыянальных мовах і ў ім бралі ўдзел чатыры героі — вялізная раставая лялька Мошэ (Moshe) і яго сябры Зіквэ (Zikwe), Зузу (Zuzu), а разам зь імі мясцовая копія амэрыканскага Элмы — Нэна (Neno). У другім сэзоне было вырашана рабіць асобныя выпускі на сваёй мове і дэманстраваць іх у належны дзень тыдня. А ў 2002 годзе не без намаганьняў з боку мясцовых гомасэксуалаў да чатырох асноўных мапэтаў далучылася лялька Камі (Kami) хворая на ВІЧ.
На выснове паўднёва-афрыканскае вэрсіі ў 2009 годзе была запушчана танзанійская «Вуліца Сэзам».
Некаторы час свайго існаваньня, героі «Вуліцы Сэзам» не входзілі па-за межы свайго праекту, абмяжоўваючыся спэцыяльнымі выпускамі прысьвечанымі камусь з мапэтам, ці якому-небудзь сьвяту.
Становішча зьмянілася напыканцы 1970-х гадоў, калі Гэнсан ужо пачаўшы актыўна здымаць сваіх дарослых мапэтаў у поўнамэтражных фільмах запрашае адну з асноўных і найстарэйшых постацяў з «Вуліцы Сэзам» — Вялікую птушку ў якасьці гасьцявога пэрсанажа ў свой «Мапэт-фільм», у 1981 годзе шэраг пэрсанажаў гасьцюе ў Гэнсана ў адным з эпізодаў яго «Мапэт-шоў» і ў тым жа 1981 годзе Оскар Буркач бярэ ўдзел у «Вялікім Мапэт-бязглузьдзі». Нарэшце Джоан Ґанц Куні прымае рашэньне аб неабходнасьці стварэньня ўласнага паўнамэтражнага фільму.
У 1985 годзе на экраны выходзіць створаны супольна з «Ворнэр Бразэрз» фільм «Вуліца Сэмам прэзэнтуе: Сьпяшайся за той птушкай» (Sesame Street presents Follow That Bird) галоўнай постацьцю ягога была абрана Вялікая птушка. У фільме ідзе гаворка аб тым, як дзякуючы намаганьням «Таварыства ахоўнікаў жывёлаў» Вялікая птушка была вымушана пакінуць свае гняздо на вуліцы Сэзам, каб перабрацца ў штат Ілінойс да сям’і додо, каб аб’яднацца са сваякамі, але хутка засмуткавала па родным гнязьдзе і сябрах з вуліцы Сэзам і вырашае адправіцца дамоў у Нью-Ёрк пешкі, але па дарозе была выкрадзена бандаю злачынцаў. На дапамогу ёй адпраўляецца кампанія яе сяброў з вуліцы Сэзам.
Праз чатырнаццаць гадоў стваральнікі «Вуліцы Сэзам» з «Тэлекампаніі Сэзам» і «Джым Гэнсан Пікчэрз» вырашаюць зьняць чарговы паўнамэтражны фільм. У супольнікі абіраецца «Каламбія Пікчэрз», а галоўнай постацьцю абіраецца малы Элма. У 1999 годзе на экраны выходзяць «Прыгоды Элмы ў Брудляндыі» (The Adventures of Elmo in Grouchland).
У аснове сюжэта ляжыць вольная інтэрпрытацыя кэралаўскае Алісы. Маленькі Элма вырашыўшы палятаць па-над вуліцай Сэзам у якасьці парашута выкарыстоўвае свае ўлюбённую коўдру зь якой ніколі не развітваецца і якой не дае карыстацца анікому, але падчас прызямленьня коўдра выпадкова трапляе ў сьметнік Оскара. Спрабуючы вярнуць сваю маёмасьць Элма лезе ў сьметнік і трапляе ў чароўную краіну Брудляндыю. Стаміўшыся чакаць пакуль Элма выйдзе вонкі яго сябры таксама лезуць ў сьметнік.
Акрамя таго існуе шэраг анімацыйных і лялькавых фільмаў гэроямі якіх ёсьць пэрсанажы з вуліцы Сэзам, а таксама колькі фільмаў зьнятых нацыянальнымі філіямі шоў.
Акрамя ўласна шоў, паўнамэтражных лялечных і анімацыйных фільмаў пад маркаю «Вуліца Сэзам» выходзіць шэраг камэрцыйнае прадукцыі — усемагчымыя цацкі, кампутарныя гульні, адукацыйныя фільмы і праграмы з дапамогаю якіх фінансуюцца здымкі самога шоў.
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.