![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/63/Secession_Vienna_June_2006_017.jpg/640px-Secession_Vienna_June_2006_017.jpg&w=640&q=50)
Венская сэцэсія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Венская сэцэсія (па-нямецку: Wiener Secession ад ням. secessio — «аддзяленьне, сыход»; таксама вядома як Саюз аўстрыйскіх мастакоў) была заснавана ў 1897 групаю маладых аўстрыйскіх мастакоў, якія выйшлі з Асацыяцыі мастакоў Аўстрыі. Яны былі супраць афіцыйнага акадэмічнага мастацтва. У сэцэсію ўваходзілі мастакі, скульптары й архітэктары. Ад 1897 да 1899 году прэзыдэнтам сэцэсіі быў жывапісец і дэкаратар Густаў Клімт (1862—1918), які стварыў свой уласны дэкаратыўны стыль з элемэнтамі дэкаданскага сымбалізму. Афіцыйны штогадовы журнал сэцэсіі — «Ver Sacrum» («Вясна сьвятая»). Мастакі сэцэсіі імкнуліся да абнаўленьня мастацтва, што мела вялікае значэньне ў фармаваньні агульнага для Эўропы «стылю мадэрн», які ў Францыі і Бэльгіі меў назву «Ар Нуво», а ў Нямеччыне і Аўстрыі — югендштыль («Малады, новы стыль»). Аналягічная група Сэцэсіён ўтварылася ў 1892 годзе ў Бэрліне. У 1893 г. утварылася Дахаўская калёнія жывапісцаў, у 1899 г. — Дармшацкая калёнія мастакоў, якія мелі аналягічнае значэньне. У 1905 годзе адбыўся разрыў Густава Клімта зь Венскай сэцэсіяй. Аднак і Сэцэсіён здаваўся некаторым мастакам занадта кансэрватыўным. У 1907 г. група бэрлінскіх экспрэсіяністаў арганізавала «Новы Сэцэсіён».
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/63/Secession_Vienna_June_2006_017.jpg/640px-Secession_Vienna_June_2006_017.jpg)
ў 1898—1899 г. у цэнтры Вены быў пабудаваны будынак для выстаў па праекце архітэктара Ёзэфа Марыі Ольбрыха. Гэты будынак быў пабудаваны ў характэрным геамэтрычным стылі венскага мадэрну. На фасадзе будынку залатымі літарамі напісаны дэвіз «маладога мастацтва»: «Der Zeit Ihre Kunst, Der Kunst Ihre Freiheit» (па-нямецку: скарочана, «Кожнаму часу сваё мастацтва, кожнаму мастацтву свая свабода»). Выява гэтага будынку ўпрыгожвае аўтрыйскую манэту 50 эўрацэнтаў. Пасьля моцнага землятрусу 1895 разбураныя раёны Любляны былі перабудаваны ў стылі Венскай сэцэсіі.