Баранавіцкая раўніна
From Wikipedia, the free encyclopedia
Баранавіцкая раўніна — раўніна на поўначы Берасьцейскай і поўдні Гарадзенскай абласьцей Беларусі. Працягласьць з захаду на ўсход 90 км, з поўначы на поўдзень 60 км. Сярэдняя вышыня 180—190 м над узроўнем мора, максымальная вышыня 218 м (каля вёскі Канюхі Ляхавіцкага раёну). Плошча 2,2 тыс. км².
Згладжаны рэльеф раўніны сфармавалі ледавіковыя воды. На паўночным усходзе азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычаўскім возерам у цэнтры, зь якога бярэ пачатак рака Шчара. Пад лясамі 31% тэрыторыі, у цэнтральнай частцы 2 буйныя масівы з хвоі і шыракалістых пародаў. На раўніне знаходзяцца Баранавіцкі і Слонімскі біялягічныя заказьнікі дзяржаўнага значэньня.