Апэрацыя Танэнбэрг
From Wikipedia, the free encyclopedia
Апэра́цыя «Та́нэнбэрг» (па-нямецку: Unternehmen «Tannenberg») — кодавая назва нямецкай апэрацыі па масавым зьнішчэньні палякаў у пэрыяд Другой сусьветнай вайны (частка Пляну «Ост»).
Сьпісы палякаў (ням. Sonderfahndungsbuch Polen), падрыхтаваныя немцамі яшчэ да пачатку вайны, налічвалі болей за 61 000 прадстаўнікоў польскай эліты: актывістаў, інтэлігенцыі, навукоўцаў, актораў, дзяржаўных дзеячоў і інш., якія мелі быць зьнішчаныя. Чальцы нацыянальнае нямецкае меншасьці, які пражывалі ў Польшчы, дапамагалі ў падрыхтоўцы сьпісаў.
Плян быў створаны ў траўні 1939. Пасьля загаду Адольфа Гітлера для выкананьня апэрацыі «Танэнбэрг» было створанае адмысловае падразьдзяленьне ў Галоўнай управе імпэрскай бясьпекі (ням. Reichssicherheitshauptamt). Яно камандавала мноствам Einsatzgruppen der Sicherheitspolizei und des SD, сфармаваных з гестапа, крымінальнай паліцыі (ням. Kripo) і чыноўнікаў SD, якія тэарэтычна былі падпарадкаваныя камандаваньню Вэрмахту. Іхняя задача складалася ў тым, каб арыштаваць усіх людзей, пералічаных у сьпісах.
Сьпярша, у жніўні 1939, у Нямеччыне былі арыштаваныя і забітыя прыкладна 2000 актывістаў арганізацыяў польскай меншасьці. Другая частка апэрацыі пачалася 1 верасьня 1939 і скончылася ў кастрычніку, спрычыніўшыся прынамсі да 20 000 ахвяраў, забітых у 760 масавых расстрэлах, выконваных адмысловымі адзінкамі або Einsatzgruppen пры дапамозе рэгулярных частак Вэрмахту.
Акрамя таго, адмысловае фармаваньне было створанае на базе нямецкае меншасьці ў Польшчы (ням. Selbstschutz), чальцы якога навучаліся перад вайной у Нямеччыне дывэрсыйнай і партызанскай барацьбе. Фармаваньне было адказнае за масавы гвалт і за сваю благую рэпутацыю было распушчанае нацысцкімі ўладамі пасьля поўнай акупацыі Польшчы.