беларуска-польскі пісьменьнік, перакладнік From Wikipedia, the free encyclopedia
Алякса́ндар Фэ́ліксавіч Рыпі́нскі (польск. Alexander Rypiński; 10 верасьня 1809[1], в. Кукавячына, Віцебскі павет (цяпер — Віцебскі раён) — каля 1900, маёнтак Страганы, цяпер — Лёзьненскі раён) — польскі і беларускі этнограф, фальклярыст, паэт, пэдагог, гісторык, мастак-графік, друкар і выдавец; удзельнік паўстаньня 1830—1831 гг.
Аляксандар Рыпінскі лац. Alaksandar Rypinski | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 10 верасьня 1809 в. Кукавячына, Віцебскі павет Расейскай імпэрыі |
Памёр | каля 1900 маёнтак Страганы |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, фальклярыст, кнігавыдавец, графік |
Мова | польская мова |
Нарадзіўся ў в. Кукавячына (Віцебскі раён) у шляхецкай сям’і. Скончыў Віцебскую гімназію. У часе вучобы аднаго разу сустрэўся з Тамашам Занам, калі той прыязджаў у гімназію ў якасьці сакратара[1]. Яшчэ ў юнацкім узросьце пачаў весьці фальклёрныя запісы. У 1827 пераклаў баляду А. Пушкіна «Русалка»[2].
Па сканчэньні адукацыі бацькі аддалі яго на вайсковую службу. 29 сьнежня 1828 уступіў у расейскае войска (Рэвельскі пяхотны полк), а праз два тыдні — 15 студзеня 1829 быў залічаны ў школу падхарунжых (прапаршчыкаў) у Дынабургу (цяпер — Даўгаўпілс, Латвія). Тут пазнаёміўся зь дзекабрыстам Вільгельмам Кюхэльбэкерам, які адбываў пакараньне ў Дынабурскай фартэцыі.
З пачаткам Лістападаўскага паўстаньня ўвесну 1831 быў мабілізаваны ў расейскую армію генэрала Дыбіча[3]. Даведаўшыся, што на Віленшчыне ўзбройваецца тамтэйшая шляхта, А. Рыпінскі і яго сябры вырашылі супольна ўзьняць паўстаньне на Дзісеншчыне. У якасьці эмісара-агітатара выехаў у Запусты, дзе разам з двума Плятарамі сустрэўся ў Курляндыі з Эміліяй Плятэр, што вярталася ад сваякоў з Інфлянтаў у Літву. Яна паабяцала накіраваць людзей на Дынабург, а Рыпінскі разам зь сябрамі, у сваю чаргу, паабяцалі здаць крэпасьць[1]. Зрэшты, 10 красавіка быў атрыманы загад кіравацца ў армію Дыбіча па маршруце Дзісна — Вілейка — Вільня, аднак у дарозе прыходзіць вестка, што пачалося паўстаньне ў Вілейцы, і калёна спыняецца ў Дзісьне. Адсюль, у суботу 23 красавіка А. Рыпінскі разам зь іншымі падхарунжымі пакідаюць царскае войска і далучаюцца да паўстанцаў у мястэчку Лужкі. У паўстанцкім войску атрымаў чын начальніка першага аддзелу трэцяга батальёна[1]. 7 траўня разам з войскам апынуўся ў Германавічах. Пасьля ўзяцьця Дзісны залічваецца падпаручыкам у 7 лінейны пяхотны полк корпуса А. Гелгуда. 19 чэрвеня 1831 полк разгромліваецца царкім войскам пад Вільняю і мусіць адступаць да прускай мяжы, якую А. Рыпінскі перасёк 13 ліпеня і здаў зброю. Паводле рашэньня Менскай губэрнскай сьледчай камісіі А. Рыпінскі залічваецца да злачынцаў другой катэгорыі (да 20 гадоў катаржных работ)[1], аднак прускія ўлады пад ціскам сваіх грамадзянаў, якія горача віталі польскіх паўстанцаў, дазваляюць уцекачам накіравацца ў Францыю.
Разьвітваючыся з радзімаю, А. Рыпінскі стварае верш «Do Ziemi Polskiej, na odjezdne, 1832 roku», пазначаючы месца напісаньня («На апошняй мяжы Княства Пазнанскага, каля Мальборга, у дарозе да Францыі») і дату («у першы дзень Новага 1832 году»)[1].
У студзені 1832 А. Рыпінскі ў складзе адной з калёнаў трапляе ў Авіньён. Тут актыўна ўдзельнічае ў жыцьці эміграцыі. Падпісваецца на першае польскамоўнае выданьне эмігрантаў — «Pamiętnik Emigracji Polskiej». Распачынае працу над успамінамі пра Лістападаўскае паўстаньне, якія па заканчэньні ўяўлялі сабой сем сшыткаў рукапіснага тэксту. Язэп Янушкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што адзін з сшыткаў успамінаў падпісаны: «Аляксандар Рыпінскі, беларус» (Avignon, dnia 1-ho siepnia 1832 r. Alexander Rypiński, Białorusin)[4]. 16 траўня 1833 накіроўваецца на чале з палкоўнікам Ф. Брэанскім у горад Герэ, адкуль у ліпені пераяжджае ў Парыж. 7 ліпеня 1833 становіцца сябрам «Таварыства літоўскага і рускіх зямель». У 1838 далучаецца да «Супольнасьці польскай эміграцыі Я. Лялевеля», затым — да «Польскага літаратурнага таварыства».
На пасяджэньні 23 лістапада 1838 выступае з тэмай «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc», якая выклікала надзвычай станоўчыя водгукі. Пазьней А. Рыпінскі ўспамінаў:
І ледзь толькі я закончыў чытаць, як пачалі мяне з усіх бакоў абдымаць, дзякаваць, хваліць! Бо прадмет быў новы. Аднак я меркаваў, што гэта была толькі прыхільная ветлівасьць калегаў - звычайны камплемэнт, што за сьцены дому ня выйдзе і закончыцца разам са сконам узбуджанага гвалтоўна пачуцьця. Але калі праз тыдзень, празь месяц і яшчэ пазьней нязьменна мне пра тое казалі… калі ў пратаколе, на чытаньні якога я ня быў, прызнала мне нават кіраўніцтва ўсе гэтыя пахвалы, дык міжвольна я і сам сваёю працаю і, асьмелены такім ласкавым першапачатковым яе прыняцьцем, вырашыў наколькі можна дпоўніць і надрукаваць яе для землякоў, для Польшчы[5]. | ||
За лічаныя дні ён у тры разы павялічвае аб’ём сваёй працы і напачатку 1840 выдае сваім коштам у друкарні Ю. Марыльскага. Паводле М. Хаўстовіча, А. Рыпінскі быў адным зь першых, хто спрычыніўся дзеля разьвіцьця беларускай пісьмовай сыстэмы і замацаваў фанэтычны прынцып у беларускім пісьменстве[1].
А. Рыпінскі ўпершыню ў гісторыі беларускай фальклярыстыкі паспрабаваў сыстэматызаваць вядомыя яму творы вуснае народнае творчасьці беларусаў па жанрах і тэматыцы. Ён вылучыў рэлігійныя, вясельныя, хаўтурныя, гістарычныя, працоўныя, лірычныя, дзіцячыя і танцавальныя песьні. Напрыканцы кніжкі зьмешчаны апісаньні скокаў, гуляньняў і забаваў, а таксама невялікая колькасьць прымавак і прыказак. Апрача таго ён апублікаваў народныя рэлігійныя песьні кніжнага паходжаньня («Стары Восіп барадаты», «О мой Божа, веру табе»), макаранічныя беларуска-польскія вершы, гістарычную песьню пра рыцара Байду, урывак з паэмы Я. Баршчэўскага[1].
З 1846 у Лёндане выкладаў мовы, матэматыку, маляваньне, займаўся выдавецкай дзейнасьцю і творчасьцю (у Тотэнгэмскім музэі дагэтуль захоўваюцца гравюры зь ягоных карцінаў). У 1850-х стаўся адным з пасьпяховых піянэраў камэрцыйнай фатаграфіі ў Заходняй Эўропе. У 1852 разам з І. Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, дзе выдаваў свае кнігі на польскай з уласнымі ілюстрацыямі: «Прарок» (1851), «Паэзія» (польск. Poezyje, 1853), «Сержант-філёзаф…» (1853) і інш. Таксама апублікаваў беларускую баляду «Нячысьцік» (польск. Nieczyści, ballada białoruska, 1853). У друкарні Рыпінскага таксама пабачыў сьвет хрэстаматыйны верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы…».
«Аляксандар Рыпінскі, — паведамляла ў 1866 „Усеагульная энцыкляпэдыя“ С. Аргельбранда, — сучасны беларускі вершаскладальнік (wierszopis), які жыве ў Ангельшчыне»[1].
Рыпінскі быў першым аўтарам і выдаўцом, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім альфабэце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.[6][7]
Пасьля царскай амністыі ў 1859 вярнуўся на радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у в. Кукавячына, пазьней у маёнтку Страганы (цяпер — Лёзьненскі раён). Працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры. Памёр каля 1900 у маёнтку Страганы.
У архіве Рыпінскага захаваўся раньні рукапіс паэмы «Тарас на Парнасе» з указаньнем аўтарства Канстанціна Вераніцына, а таксама шэраг іншых тэкстаў (у тым ліку другая паэма Вераніцына «Два д'яўлы»).
Свой першы верш «Najpierwszy wierszyk» А. Рыпінскі напісаў у 1826, які пазьней уключыў у падрыхтаваны ім, але ня выдадзены зборнік «Poezije ulotne» (1883). З школьных часоў паходзіць і верш «Okrutna władza wdzięków, a ukarane nieposłuszeństwo. Narzekanka» («Бязьлітасная ўлада абаяльнасьці, ці Пакараная непаслухмянасьць. Скарга»), якім паэт распачаў зборнік «Poezyje» (1853).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.