Агрэсія (палітыка)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Агрэ́сія (ад па-лацінску: aggressio — «напад») — выкарыстаньне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаваў) супраць сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, палітычнай незалежнасьці другой дзяржавы або народу (нацыі).
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Агрэсія.
Найбольш небясьпечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцьце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзброеныя сілы, напрыклад, праз узброеныя банды наёмнікаў, нерэгулярныя вайсковыя фармаваньні. Паводле Статуту ААН, Савет Бясьпекі можа кваліфікаваць як агрэсію і іншыя дзеяньні.
Адпаведна з міжнародным правам агрэсія — злачынства супраць міжнароднага міру і таму цягне за сабой міжнародную адказнасьць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцьцё мер індывідуальнай і калектыўнай самаабароны. Савет Бясьпекі ААН правамоцны прыняць пастанову аб выкарыстаньні да агрэсару Прымусу да міру, у т. л. вайсковага характару, напрыклад, у 1991 годзе ўзброеныя сілы НАТО выступілі супраць Іраку, які захапіў Кувэйт.