Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ян Фэлікс Цепляк (па-расейску: Ян Гиацинтович Цепляк, па-польску: Jan Feliks Cieplak; 17 жніўня 1857, Дамброва Гурніча, Бэндзінскі павет, Келецкая губэрня — 17 лютага 1926, Пасаіс, Нью-Джэрзі, ЗША) — дзяяч Рымска-каталіцкай царквы.
Нарадзіўся ў шахтарскай сям’і. Скончыў чатыры клясы гімназіі ў Кельцах, Духоўную сэмінарыю ў Кельцах, Імпэратарскую Пецярбурскую духоўную акадэмію са ступеньню магістра багаслоўя (1882).
З 24 чэрвеня 1881 — сьвятар. З 1882 быў выкладчыкам Пецярбурскае духоўнае акадэміі, займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю чвэрць стагодзьдзя. Выкладаў маральнае і пастырскае багаслоўе, літургіку, царкоўны сьпеў, а затым і дагматычнае багаслоўе. Некаторы час выконваў абавязкі бібліятэкара і духоўніка Акадэміі. Па нядзельных і сьвяточных днёх служыў у капліцы Бязгрэшнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пры прытулку сясьцёр Францішканак Сям’і Марыі. З 1900 — канонік, быў капэлянам у капліцы пры прытулку «Добры пастыр».
У 1908 прызначаны вікарным біскупам Магілёўскае архідыяцэзіі. Улетку 1909 правёў візытацыю парафіяў Сыбіры і Далёкага Ўсходу — усяго ў гэты час на дадзенай тэрыторыі дзейнічалі 31 парафіяльны касьцёл, 14 капліц і 20 малітоўных дамоў. У 1910 правёў візытацыю Менскай дыяцэзіі, якая ня мела ў то час свайго біскупа, але яна была перапыненая па патрабаваньні ўлад, якія абвінавацілі біскупа ў тым, што ён ні разу не маліўся аб імпэратары й яго сям’і, «у пропаведзях ускосна выступаў супраць праваслаўя» і намерваўся наведаць зачынены ўладамі храм у Гарадзішчы. Быў вызвалены ад пасады старшыні Духоўнай калегіі ў Пецярбургу, улады двойчы не давалі згоду на яго прызначэньне рэктарам Духоўнай акадэміі. У 1911 правёў візытацыю прыходаў у Цэнтральнай Расеі. З студзеня 1914 быў дырэктарам школы Сестранцэвіча пры прыходзе сьв. Станіслава, у тым жа году прымаў удзел у Эўхарыстычным Кангрэсе ў Лурдзе.
6 жніўня 1914 быў абраны капітульным адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі. Падчас Першае сусьветнае вайны актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасьцю, заснаваў шэраг арганізацыяў, дапамагаў уцекачам. У 1917—1919 архідыяцэзіяй кіраваў арцыбіскуп Эдвард фон Роп, які вярнуўся з выгнаньня, але ўжо ў 1919 ён быў арыштаваны бальшавікамі і кіраваньне ізноў прыняў біскуп Цепляк, прызначаны 29 красавіка 1919 арцыбіскупам Охрыдзкім. Быў супернікам нацыяналізацыі касьцёльных будынкаў і перадачы касьцёлаў пад кантроль парафіяльных камітэтаў (быў пасьлядоўным прыхільнікам кананічнага прынцыпу, паводле якога на чале прыходу стаіць сьвятар), выняткі прадметаў культу з касьцёлаў нібы для падтрымкі галадаючых Паволжа. У той жа час зьбіраў у архідыяцэзіі ахвяраваньні для пацярпелых ад голаду. Лічыў, што неабходна «зрабіць з прыходу тое, чым ён павінен быць: жывым, энэргічным і дысцыплінаваным аддзелам вялікае баявое лініі ваяўнічага касьцёлу». Пры ім у архідыяцэзіі пры прыходах былі арганізаваныя таемныя школы Закона Божага, некаторы час функцыянавала нелегальная Духоўная сэмінарыя.
Па словах сьвятара Магілёўскай архідыяцэзіі Яна Васілеўскага,
галоўнымі рысамі характару арцыбіскупа Цепляка, нараўне з бясспрэчнай пакорай, былі прыроджаная мяккасьць і дабрыня. Гэтым ён прыцягваў людзей і неаднаразова ператвараў ворагаў у сяброў. У арцыбіскупе не было нічога штучнага, найгранага. Якім ён быў ля алтара, такім ён быў і ў кампаніі: прыемным, спакойным, пачцівым. Ён любіў дзяцей і моладзь і бавіў час зь імі. Ён часта прапаведаваў, і яго выдатныя простыя словы бальзамам цяклі ў сэрцы слухачоў. Здольны па натуры, ён набыў багатыя багаслоўскія веды. Ён быў добразычлівы да ўсіх. Як біскуп, ён клапаціўся аб усіх і да ўсіх ставіўся як да братоў: расейцаў, палякаў, латышоў, летувісаў, беларусаў і немцаў.
У 1920 некаторы час знаходзіўся пад арыштам; таксама арыштоўваўся ў сьнежні 1922 і 10 сакавіка 1923. 21—26 сакавіка 1923 быў падсудным на судовым працэсе ў Маскве над 15 каталіцкімі сьвятарамі, абвінавачанымі ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці ў інтэрасах сусьветнай буржуазіі. Быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага, пасьля пратэстаў міжнароднай грамадзкасьці, дзесяцьцю гадамі пазбаўленьня волі. Іншы асуджаны на гэтым жа працэсе на сьмерць, прэлат Канстанты Будкевіч, быў расстраляны.
9 красавіка 1924 быў вызвалены з Бутырской турмы і высланы праз Рыгу ў Польшчу (прыбыў 12 красавіка 1924). Узнагароджаны Вялікім крыжам Аднаўленьня Польшчы. Празь месяц пераехаў у Рым у распараджэньне Папы Рымскага, зь якім неаднаразова сустракаўся. У пачатку 1925 арцыбіскуп Цепляк па запрашэньні амэрыканскага эпіскапату выехаў у ЗША, дзе наведаў каля 400 касьцёлаў і вымавіў каля 800 пропаведзяў.
14 сьнежня 1925 Папа Рымскі прызначыў яго мітрапалітам Віленскім, але прыступіць да выкананьня абавязкаў ён ужо ня змог, бо сканаў у ЗША ад прастуды, ускладненай ператамленьнем. Пахаваны ў катэдральным саборы Вільні.
У 1952 пачаўся бэатыфікацыйны працэс арцыбіскупа Яна Цепляка.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.