From Wikipedia, the free encyclopedia
Усьвя́ты — мястэчка ў Расеі, паміж азёрамі Ўзьменем і Ўсьвятам. Адміністрацыйны цэнтар Усьвяцкага раёну Пскоўскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 2674 чалавекі. Знаходзіцца за 320 км на паўднёвы ўсход ад Пскова, каля граніцы зь Беларусьсю.
Усьвяты лац. Uśviaty | |
Вуліца мястэчка | |
Першыя згадкі: | 1021 |
Краіна: | Расея |
Суб’ект фэдэрацыі: | Пскоўская вобласьць |
Муніцыпальны раён: | Усьвяцкі |
Насельніцтва: | 2674 чал. (2017) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +7 81150 |
Паштовы індэкс: | 182570 |
Нумарны знак: | 60 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°44′55″ пн. ш. 30°45′20″ у. д. |
Усьвяты | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Усьвяты — даўняе места гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася сядзіба Радзянкаў, помнік архітэктуры XIX ст.
Першы пісьмовы ўпамін пра горад Усьвяты (Въсвячь, пазьней Въсвяты, Усвячь, Свячь, Усть-Свято) датуецца 1021 годам, калі князь кіеўскі Яраслаў перадаў яго князю полацкаму Брачыславу. Паселішча ўваходзіла ў склад Полацкага, пазьней Віцебскага княстваў.
У 1320 годзе Ўсьвяты далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага як спадчына жонкі Альгерда Марыі. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) яны значацца сярод «літоўскіх» замкаў. У пачатку XVI ст. места трапіла пад уладу Маскоўскай дзяржавы, з 1548 году — ізноў у Вялікім Княстве Літоўскім, уладаньне Грычынавічаў, з 1554 году — Кішкаў.
За часамі Інфлянцкай вайны ў 1562 годзе маскоўскія войскі захапілі Ўсьвяты і ў 1567 годзе збудавалі ў ім крэпасьць. У 1580 годзе войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі места, 17 жніўня тут спыняўся Стэфан Баторы. Згодна зь Ям-Запольскім мірам 1583 году Ўсьвяты засталіся ў Вялікім Княстве Літоўскім.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе маскоўскія войскі зноў акупавалі Ўсьвяты. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскай дамоваю, места засталося за Вялікім Княствам Літоўскім.
Паводле інвэнтару 1743 году, у цэнтры Ўсьвятаў знаходзіўся Рынак, на якім стаяла царква Сьвятога Спаса, купецкія крамы і склады. Места падзялялася на сем кварталаў, дзе было 232 гаспадаркі: 160 гаспадарак мяшчанаў, 30 гаспадарак месьцічаў-агароднікаў, 34 гаспадаркі месьцічаў-бабылёў і 8 вольных людзей. Усьвяцкі замак на той час ужо страціў сваё значэньне як фартыфікацыі і быў рэзыдэнцыяй адміністратара і гаспадарчым цэнтрам уладаньня.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Усьвяты апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вяліскім павеце Полацкага намесьніцтва, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. Статус паселішча панізілі да сяла. У 1773 годзе Кацярына II падаравала яго расейскаму генэрал-пракурору А. Вяземскаму.
У пачатку XIX ст. Усьвяты перайшлі ў валоданьне графа Зубава, пазьней — Энгельгарда, княжны Соф’і Юсупавай, яе сына Аляксандра Пацёмкіна, графа Шувалава, графа Рыбап’ера, генэрала Дурасава, ангельцаў Ідэна, Бальфура, Аршысьціяда. На 1892 год тут было 360 дамоў, дзеялі 2 царквы. У пачатку XX ст. мястэчка атрымала вядомасьць цэнтру гарбарства (тут працавалі 8 гарбарняў)[1].
25 сакавіка 1918 году Ўсьвяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яго разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 году ў Пскоўскай губэрні (з 1957 году ў Пскоўскай вобласьці). У 1926 годзе беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Усьвяты БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбу[2]. У 1985 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
Сярод прадпрыемстваў Усьвятаў — прамысловы камбінат, асфальтабэтонны завод, пякарня.
Захавалася нэалітычнае паселішча Ўсьвяты IV.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.