Даўжыня каля 360 м. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з вуліцамі Сьвятаянскай і Дамініканскай. З правага ўсходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага заходняга боку — цотная нумарацыя.
Няцотны бок
№ 3 — будынак рэктара з астранамічнай абсэрваторыяй Віленскага ўнівэрсытэту. 27 верасьня 1570 году на базе парафіяльнай школы езуіты заснавалі ў Вільні калегіюм, разьлічаны на 160 навучэнцаў. У 1579 годзе паводле прывілею караля і вялікага князя Стэфана Баторыя і на блаславеньне папы Рыгора XIII калегіюм пераўтварылі ўва ўнівэрсытэт (лац. Alma academia et universitas Vilnensis societatis JESU). Па скасаваньні ордэну езуітаў (1773) Віленская акадэмія стала «Галоўнай школай Вялікага Княства Літоўскага», пад уладай Расейскай імпэрыі — «Галоўнай віленскай школай і Імпэратарскім Віленскім унівэрсытэтам» (1803), у міжваеннай Польскай Рэспублікі — «Унівэрсытэтам Стэфана Баторыя» (1919), а ў незалежнай Летуве — унівэрсытэтам зь летувіскай як адзінай афіцыйнай мовай выкладаньня[2].
№ 5 — бібліятэка Віленскага ўнівэрсытэту
№ 7 — будынак гістарычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту
№ 9 — будынак філязофскага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту
Цотны бок
№ 2 (таксама Дамініканская вуліца, 18) — палац Бжастоўскіх. У канцы XVI ст. будынак набыў і аднавіў дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага Цыпрыян Бжастоўскі. 3 1760 году палацам валодаў пісар і рэфэрэндар Павал Ксавэры Бжастоўскі. Сучаснае барокавае аблічча будынак набыў у выніку перабудовы 1769 году. Відаць, аўтарам праекту быў віленскі архітэктар Марцін Кнафкус. У 1802 годзе палац перайшоў да кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага, па ягонай сьмерці — да сына Ірынея Клеафаса[3].
№ 4 — будынак Алюмнату, таксама вядомы як друкарня Марціна Кухты[4]. Дом збудавалі ў 1622 годзе ў стылі рэнэсансу як інтэрнат выхаванцаў (лац. alumni) езуіцкай акадэміі. З сакавіка 1906 году ў будынку знаходзілася друкарня Марціна Кухты. 10 лістапада таго ж году тут выйшаў першы нумар беларускай газэты Наша Ніва. Таксама ў гэтай друкарні выйшаў адзіны прыжыцьцёвы зборнік Максіма Багдановіча «Вянок».
№ 8 — Біскупскі палац, цяпер Прэзыдэнцкі. За часамі Расейскай імпэрыі ў будынку разьмясьціўся палац генэрал-губэрнатара. У 1804 і 1824 гадох адбыліся перабудовы, у выніку якіх павялічылася плошча палаца.
№ 10 (таксама гістарычны Палацавы пляц, 2) — палац дэ Рэўсаў. У 1528-1529 гадох на гэтым месцы быў пляц з домам, якім валодаў падкаморы Пацэвіч. У сярэдзіне XVIII ст. новая ўладальніца Крэмпуш збудавала тут 2-павярховую камяніцу. У 1798 годзе яе набылі графы Шуазэлі, на заказ якіх будынак рэканструявалі. Аўтарам праекту, відаць, быў архітэктар Марцін Кнакфус. Уладальнікамі палаца ў XIX ст, былі графы дэ Рэўс, пазьней Плятэры, лекар і падарожнік Ігнаці Тадэвуш Жагель і іншыя.