From Wikipedia, the free encyclopedia
Траге́дыя ў Крыжо́ўцы — сутыкненьне 2 траўня 1977 пасажырскага цягніка «Горадня — Ворша» з прыгарадным электрацягніком, у выніку якога загінулі 22 чалавекі, 82 атрымалі пашкоджаньні. Аварыя сталася найбуйнейшай за ўвесь час існаваньня «Беларускай чыгункі» як па колькасьці ахвяраў, так і па нанесеным уроне[1].
Чыгуначная катастрофа ў Крыжоўцы | |
Краіна | Беларусь |
---|---|
Тып катастрофы | сутыкненьне цягнікоў |
Дата | 2 траўня 1977 |
Час | 17:10 |
Наступствы | |
Загінулі | 22 чалавекі |
Параненыя | 48 чалавек |
Пацярпелі | 34 чалавекі |
Каардынаты | 53°58′5″ пн. ш. 27°17′45″ у. д. |
Чыгуначная катастрофа ў Крыжоўцы |
2 траўня 1977 году ўвечары на чыгуначнай станцыі Крыжоўка назьбіралася шмат народу, якія вярталіся ў Менск зь лецішчаў або са сьвяткаваньня 1 траўня. Электрычка № 548 «Алёхнавічы — Менск», якая мелася прыйсьці недзе каля 17-й гадзіны, запозьнілася. Пасадка ў Крыжоўцы таксама зацягнулася, бо яна была перапоўненая і ня ўсе ахвотныя здолелі ў яе ўлезьці. Электрацягнік так і ня здолеў крануцца зь месца. А 17:10 з-за павароту пад зялёнае сьвятло семафораў вылецеў пасажырскі цягнік «Горадня — Ворша», які па раскладзе сьледаваў за электрацягніком праз 10 хвілінаў, і ўрэзаўся яму ў хвост на хуткасьці 35 км/г. Ад сутыкненьня электрычка разьвіла хуткасьць 13 км/г. Яе апошні вагон быў сьплюснуты ў «гармонік» і паваліўся на бок. Машыніст цягніка Антон Якубоўскі пасьпеў выскакнуць з кабіны ў дызэльнае памяшканьне, цеплавоз разгарнуўся ўпоперак шляхоў і ўзгарэўся. Два вагоны за ім сышлі з рэйкаў, але іхнія пасажыры атрымалі толькі сінякі.
З паваленага выгону электрычкі немагчыма было выцягнуць людзей, не разрэзаўшы яго аўтагенам. Гэта было зроблена толькі праз гадзіну. Дапамогу пацярпелым пачаў аказваць доктар, які апынуўся на месцы здарэньня. Ён дапамагаў ставіць дыягназы і наказваў таксоўчыкам (карэтаў «хуткай дапамогі» не ставала), куды адвозіць параненых.
Кароткая абвестка пра здарэньне выйшла ў некалькіх беларускіх газэтах. Газэты саюзнага значэньня пра гэта не напісалі[2].
Сьледчай групай кіраваў старшы сьледчы Менскай абласной пракуратуры па асабліва важных справах Мікалай Ігнатовіч (у далейшым генэральны пракурор Беларусі). Было ўстаноўлена, што 2 траўня на пачатку трэцяй гадзіны дня з-за надзвычайнай сьпякоты адбыўся збой у працы аўтаматычнай блякоўкі, якая адказвае за пераключэньне колеру семафораў пасьля праезду цягнікоў. Дзяжурная па пуцявым пасту «Крыжоўка» Алена Бруйло ў парушэньне інструкцыі не паведаміла пра здарэньне дыспэтчару Маладэчанскага кірунку, замест гэтага запрасіўшы электрамэханіка Мікалая Кухарава. Той распарадзіўся выклікаць брыгаду рамонтнікаў для сьпілу ізастыку чыгуначных рэек.
Пабаяўшыся спыняць рух цягнікоў да прыезду майстроў (за гэта пагражала пазбаўленьне прэміі), Мікалай Кухараў рэгуляваў працу сьветлафора ўручную. Такім чынам па ўчастку праехалі 12 саставаў (у тым ліку і электрычка № 548 «Алёхнавічы — Менск»); 13-м стаў пасажырскі цягнік «Горадня—Ворша». Падчас яго праезду Кухараў не ўлучыў чырвонае сьвятло.
Электрычка затрымалася на станцыі ў тым ліку і з-за загараньня фазарасшчапляльніка ў другім вагоне. Вырашэньне гэтай праблемы таксама заняло пэўны час у памочніка машыніста.
Машыніст цягніка Антон Якубоўскі зазвычай працаваў разам з памочнікам. Аднак наконадні падзеяў у якасьці экспэрымэнту начальнік Менскага аддзяленьня чыгункі Істушкін вырашыў скараціць колькасьць чалавек у кабінах. Такім чынам, Антон Якубоўскі стаў першым на маладэчанскім кірунку, хто кіраваў адзін. Ён паведамляў, што заўважыў электрычку пасьля павароту прыкладна за 900 мэтраў, аднак прыняў яе за сустрэчную. Зразумеўшы, што памыліўся, ён затармазіў на хуткасьці 52,2 км/г, аднак, убачыўшы, што сутыкненьне непазьбежнае, перабег у дызэльнае памяшканьне і захаваў сабе жыцьцё.
Шмат людзей памерла ў шпіталях празь нястачу крыві, адмыслоўцаў. Усяго ў выніку крушэньня загінулі 22 чалавекі, 18 атрымалі цяжкія пашкоджаньні, 30 — менш цяжкія, 34 — лёгкія траўмы. Рух цягнікоў быў затрыманы на 12 гадзінаў. Менскае аддзяленьне «Беларускай чыгункі» панесла ўрон у памеры 122 850 савецкіх рублёў.
Кухарава арыштавалі 3 траўня. Петрыка і Якубоўскага ўзялі пад варту праз два месяцы. З Алены Бруйло ўзялі падпіску пра нявыезд — яна была цяжарная. Разгляд справы судовай калегіяй Вярхоўнага суду распачаўся 25 жніўня, прысуд быў агучаны 14 верасьня. Вінаватымі прызналі трох працаўнікоў чыгункі, якія «парушылі правілы бясьпекі руху й эксплюатацыі чыгуначнага транспарту, што спрычыніла няшчаснае здарэньне з людзямі»[3], і машыніста цягніка «Гародня — Ворша», які прыняў хвост стаячай электрычкі за галаву сустрэчнай, а таму прапусьціў момант бясьпечнага гальмаваньня. З усіх асуджаных сваю віну прызнаў толькі Мікалай Кухараў. Ён атрымаў 12 гадоў у калёніі агульнага рэжыму, дарожны майстар Зянон Петрык, які ў той дзень дзяжурыў на перагоне «Беларусь — Крыжоўка» і адказваў за бясьпеку руху пры выкананьні рамонтных работ — 10, машыніст Антон Якубоўскі — сем, дзяжурная па пуцявым пасту «Крыжоўка» Алена Бруйло — чатыры гады ў калёніі-пасяленьні. Праз пэўны час іхнія тэрміны паводле амністыі былі скарочаныя ўдвая.
Доктар, які займаўся аказаньнем дапамогі ў першыя хвіліны пасьля аварыі, аказаўся незадаволены вынікам сьледзтва і прысуду ды спрабаваў зьвяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі. Неўзабаве ён быў знойдзены мёртвым ва ўласным аўтамабілі зь перарэзанымі венамі. Афіцыйнай прычынай сьмерці было названае самагубства з прычыны свайго анкалягічнага захворваньня[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.