From Wikipedia, the free encyclopedia
Тра́веньскі пераваро́т у По́льшчы (па-польску: Przewrót majowy, zamach majowy, pucz majowy) — збройны захоп улады ў Польшчы, выкананы 12 траўня—15 траўня 1926 г. у Варшаве маршалам Юзэфам Пілсудзкім. Прычынай перавароту была палітычная й эканамічная сытуацыя ў краіне, якая пагаршалася. Непасрэднай прычынай лічылася сэрыя кабінэтных крызісаў у 1925-1926 гг.
Польская эканоміка апынулася разбуранай. Гіпэрінфляцыя распальвала грамадзкае хваляваньне, і ўрад быў няздольны знайсьці хуткі спосаб пераадоленьня ўзрасталага беспрацоўя й эканамічнага крызісу. Хаўрусьнікі і прыхільнікі Пілсудзкага неаднаразова прасілі, каб ён вярнуўся ў палітыку, і ён пачаў ствараць новую палітычную сілу, якая абапіралася на былых сяброў Польскіх легіёнаў і Польскай вайсковай арганізацыі, а таксама на некаторых левых і частку інтэлігенцыі. У 1925 годзе, пасьля таго як некалькі ўрадаў на працягу кароткага часу зьмянілі адзін аднаго, і палітычная сытуацыя станавілася ўсё больш хаатычнай, Пілсудзкі пачаў адкрыта крытычна ставіцца да ўраду, і ўрэшце зрабіў заяву-патрабаваньне адстаўкі кабінэту Вінцэнтыя Вітаса[1].
Дзякуючы садзейнічаньню вайсковага міністра Люцыяна Жалігоўскага пад відам манэўраў у траўні 1926 году ў ваколіцах Рэмбэртава былі сьцягнутыя верныя Пілсудзкаму часткі.
12 траўня 1926 году часткі Пілсудзкага рушылі на Варшаву. Пасьля трохдзённых баёў у Варшаве, падчас якіх загінулі 379 чалавек і болей за 900 былі параненыя, Пілсудзкі авалодаў сытуацыяй і правёў радыкальныя зьмены ў кіраваньні. Ён заняў пасады вайсковага міністра і генэральнага інспэктара ўзброеных сілаў[2].
31 траўня 1926 году Пілсудзкі абраны прэзыдэнтам Польшчы, аднак адмовіўся ад пасады. Пры паўторным галасаваньні прэзыдэнтам, паводле рэкамэндацыі Пілсудзкага, быў абраны Ігнацы Масьціцкі. Фармаваньне новага ўраду фактычна легалізавала пераварот.
Пераварот прывёў да 13-гадовага аўтарытарнага праўленьня ўраду санацыі, які быў зрынуты толькі з выбухам Другой сусьветнай вайны.
Пасьля прыходу да ўлады Пілсудзкага ўзмацніўся ціск на заходнебеларускі рух, на беларускую школу, беларускіх ксяндзоў. Улады арыштоўвалі палітычных дзеячоў, закрывалі беларускія школы, гімназіі, сталі арыштоўваць актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927 годзе санацыйны ўрад афіцыйна забараніў БСРГ. 3 лютага 1927 у Косаве паліцыяй была расстраляная пракамуністычная дэманстрацыя.
Пазьнейшым вынікам сталася стварэньне Бяроза-Картускага канцэнтрацыйнага лягеру[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.